9 мая — Дзень Перамогі: Сэрцам адданая роднай зямлі …

У аграгарадку Беражное жыве удзельнік Вялікай Айчыннай вайны Ганна Канстанцінаўна Кавалеўская. Нарадзілася яна ў небагатай  сялянскай сям’і ў далёкім 1924 годзе. Разам з ёй выхоўваліся яшчэ старэйшы брат Андрэй і малодшая сястра Вера. Жылі дружна, даглядалі гаспадарку. З малога ўзросту заўсёды дамагалі і жаць, і прасці. Ганна скончыла сем класаў польскай школы. Ёй вельмі падабалася чытаць кнігі і вучыцца.

Яна ўспамінае: Калі пачалася вайна, брат адразу падаўся ў партызаны. Яны прыходзілі к нам уначы па прадукты і адзенне. Аднойчы завіталі суседзі і сказалі, каб мы хутка збіралі рэчы і ўцякалі, бо немцы дазналіся, што мы дапамагаем партызанам.

Маці схапіла толькі скрыню і дзежку з расчыненым цестам на хлеб. Бацька пагрузіў усё на воз і мы паехалі з роднай хаты. Дарога была цяжкая – трэба было перапраўляцца цераз дзве ракі, калі мы прыехалі на месца — там ужо жыла багата такіх сямей. Там мы пражылі да калядных свят.

Немцы падыходзілі і сюды, таму трэба было ўцякаць далей. Мы падаліся да партызан на Мярлінскіе хутары. Там быў іх штаб.

Вось з гэтага моманту я і пайшла ваяваць. Мяне навучыл,і як абыходзіцца са зброяй – страляць з пісталета і аўтамата. Такіх дзяўчынак, як я, тут было многа. Мы рабілі ўсё: гатавалі ежу, мылі адзенне, стаялі на пасту і дапамагалі параненым.

—  Ніколі не забуду той момант, калі да нас прывезлі маладога юнака, які быў паранены у нагу. Як ён крычаў! А нагу прыйшлося ампутаваць, – са слязамі на вачах распавядае Ганна Канстанцінаўна, – пасля вайны я бачыла яго у нашай мясцовасці жывым, але ж без нагі.

Пры партызанскім штабе я заставалася да вызвалення раёна. Вярнуўшыся ў сваю вёску, роднай хаты мы не пабачылі – усё было спалена. Нам не было куды падацца. Але свет не без добрых людзей. І адна сям’я, якая жыла ў доме на два хады, узяла нас да сябе.

Трэба было наладжваць гаспадарку. Неўзабаве нам далі лес на хату і мы пабудавалі сабе новае жыллё.

—  Старшыня сельсавета прыйшоў да мяне і сказаў, што трэба адкрываць магазін. Мне далі памяшканне, знайшлі старыя вагі і ржавыя гіры. Але тавараў не было, таму пачалі прымаць ад людзей збожжа, воўну, цыбулю. Паціху гандаль наладжваўся. З часам атрымаўся паўнацэнны магазін. Так я стала загадчыцай магазіна Беражноўскага сельспажыўтаварыства. За выкананне плана і добрую працу была ўзнагараджана ордэнам. Ездзіла на дзявяты Ўсесаюзны з’езд кааператараў у Маскву.

У 1949 годзе Ганна Канстанцінаўна выйшла замуж. Праз год нарадзілася першая дачка Ніна, яшчэ праз год сын Анатоль, а потым Людміла.

Так атрамалася, што ўсе сваё жыцце прарабіла ў гандлі. Пасля выхаду на пенсію працавала яшчэ дванаццаць гадоў.

З часам дзеці выраслі і раз’ехаліся. У кожнага свае сем’і, дзеці і ўжо ўнукі. Яны ужо таксама на пенсіі, але мяне не забываць – наведваюцца.

—  Я не сумую! Мне ёсць чым займацца – усё жыцце любіла чытаць і цяпер не пакідаю гэтага занятку. Выпісываю шмат газет, часопісаў. Дарэчы, нашу “Навінку” выпісываю больш за двадццаць гадоў і кожны раз прачытваю ад скарынкі да скарынкі. І суседзі часта заходзяць. А нядаўна старшыня нашага сельсавета Віталь Анатольевіч Чэх завітаў. Спраўляўся аб маім здароў’і, і можа што падлатаць трэба. Я вельмі цаню іх клопат. У мяне ўсё добра.

Было невялічкае  пажаданне: раней каля маёй хаты гарэў начны ліхтар, а цяпер прыпыніў, вельмі хацелася каб яго зноў уключылі. Але па нейкім прычынах гэта немагчыма.

Пажадаем Ганне Канстанцінаўне моцнага здароў’я, добрага настрою, каб яшчэ не адзін год яна цешыла ўсіх сваіх родных і блізкіх. І, канешне, хацелася, каб такую невялічкую просьбу такога заслужанага чалавека ажыццявілі.

Текст і фота Наталіі КЛІМУШКА

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *