За захаванне і паляпшэнне здароўя вучняў

Як расказала карэспандэнту “НП” намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 3

р. п. Рэчыца  Святлана Лукашаўна Бардзюк, дзявятага красавіка  ва  ўстанове адукацыі прайшоў Дзень здароўя, які быў прысвечаны Сусветнаму дню здароўя.

Кожны Дзень здароўя ў школе праходзіць пад дэвізамі. Дзявятага красавіка мерапрыемства праводзілася  пад дэвізам “Со спортом дружить — здоровым быть”.

У спартыўнай зале вучні пачатковых класаў адстойвалі гонар свайго класа ў спартландыі і гучнымі воплескамі рэагавалі на вынікі эстафеты, якія агучвалі настаўнікі фізічнай культуры Іван  Мікалаевіч Шпудзейка і Дзяніс Сяргеевіч Харашун.

Таццяна Мікалаеўна Пашкевіч і Таццяна Мікалаеўна Малей сярод вучняў 5-8 класаў праводзілі гульню “Космо-Star”, пытанні якой адлюстроўваюцца з дапамогай мультымедыйнай устаноўкі.  Настаўнік пачатковых класаў Марыя Паўлаўна Домніч выкарыстала адну з актыўных форм навучання асновам бяспекі жыццядзейнасці – школьны КВЗ, таму вучні 1-4 класаў з гумарам, але на поўным сур’ёзе вывучаюць  “Азбуку осторожности”. Вучні 5-8 класаў не змаглі таксама абмінуць магчымасць паспаборнічаць па піянерболе, валейболе, баскетболе.

Да правядзення  школьнага Дня здароўя далучылася і кіраўнік ансамбля танца “Карамель” Алена Валяр’янаўна Казеня, таму чарговыя заняткі прайшлі пад дэвізам “Карамель” — за здаровы  лад жыцця!”

У межах супрацоўніцтва сям’і і школы па пытаннях фарміравання ў вучняў матывацыі на паляпшэнне здароўя  адбылася кансультацыя для бацькоў, якую вяла педагог сацыяльны Валянціна Васільеўна  Нікончык, а індывідуальныя заняткі з дзецьмі, якія знаходзяцца на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх, правяла педагог-псіхолаг  Марыя Барысаўна Бароўская.

Наведаліся ў гэты дзень ва ўстанову адукацыі пагранічнікі, з якімі  падтрымліваецца даўняя цесная ўзаемасувязь. Яны правялі для вучняў майстар-класы па зборцы-разборцы аўтамата Калашнікава і пісталета Макарава.

 Дзень здароўя ў сярэдняй школе № 3 р. п. Рэчыца — гэта не проста выхаваўчае мерапрыемства, але і сапраўднае свята і для вучняў, і для настаўнікаў.

Людміла КАСПЯРОВІЧ

Фота аўтара

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *