З залы суда: Надта дарагая пакупка

Жаданне абагаціцца любым спосабам прывяло жыхарку горада Турава, 1977 года нараджэння, на лаву падсудных.

Не так даўно адбыўся суд на чале з суддзёю А. А. Пракапчуком пры ўдзеле дзяржаўнага абвінаваўцы старшага памочніка пракурора Харашуна Д. М.

Жанчына нахабным спосабам падманула састарэлую жыхарку в. Радчыцк, 1929 года нараджэння. Зайшоўшы ў дом, яна назвалася работнікам “Белпошты” і паведаміла бабулі, што хутка паднімуць пенсію. А таксама сказала, што ў паштовым аддзяленні для старых людзей размеркавалі цёплыя коўдры. Потым паклікала некага са словамі: “Нясі!”. Прыйшла дзяўчынка гадоў шасці-сямі і прынесла пакет. З яго абвінавачваемая выняла коўдру і кінула на канапу. Бабуля спытала, ці бясплатна, на што зладзейка сказала цану – 2 млн 800 рублёў. Старая прынесла патрэбную суму.

Пасля таго як машына з “работнікам паштовага аддзялення” ад’ехала, жыхарка Радчыцка патэлефанавала на пошту, адкуль і даведалася, што ніякіх коўдраў яны не атрымлівалі. Бабуля зразумела, што яе падманулі, і звярнулася ў міліцыю. Дарэчы, рэальны кошт коўдры складае 277 тысяч рублёў.

Падчас судовага пасяджэння абвінавачваемая віну не прызнала і расказала сваю гісторыю развіцця падзей таго дня. Па яе словах, у 15 гадзін яна на аўтамашыне “Фольксваген-Пасат” разам з мужам і дачкой накіраваліся ў г. Пінск, дзе былі да 19 гадзін.

 На зваротным шляху адзін з сустрэчных аўтамабіляў падаў сігнал святлом фар, і кампанія вырашыла звярнуць налева, каб не трапіць у рукі да інспектараў ДАІ. Праехаўшы колькі населеных пунктаў, яны спыніліся, каб даведацца, як дабрацца да г. Століна. Абвінавачваемая сцвярджае, што ў той дзень нічога не прадавала.

Але гэты аповед – поўная хлусня. Віна жыхаркі Турава пацвярджаецца сведчаннямі пацярпеўшай і шматлікіх сведкаў.

Суд кваліфікуе дзеянні жыхаркі Турава па частцы 1 артыкула 209 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь і прызнае вінаватай у завалодванні маёмасцю шляхам падману (махлярстве). Па гэтым артыкуле ёй прызначана пакаранне ў  выглядзе штрафу ў даход дзяржавы ў памеры 70 базавых велічынь (14 млн 700 тысяч рублёў). Да таго ж давядзецца кампенсаваць урон – 2 млн 800 тысяч рублёў пацярпеўшай. Ад больш суровага пакарання жанчыну выратавала тое, што на ўтрыманні ў яе знаходзяцца малалетнія дзеці.

Паважаныя чытачы, не будзьце празмерна даверлівымі. У падобных сітуацыях лепш праявіць асцярожнасць і ні ў якім выпадку не ўступаць у размовы з падазронымі асобамі. Бо, на жаль, вельмі часта такія гісторыі заканчваюцца сумна.

Святлана

 ШПАКОЎСКАЯ

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *