Як святло можа дапамагчы і нашкодзіць

Група жыхароў з Вялікага Малешава, якая займаецца агародніцтвам, вырашыла паспрабаваць пры вырошчванні агуркоў такі тэхналагічны элемент, як дасвечванне расады. Ідэя цікавая. Хаця ў раёне многія дасвятляюць расаду, але гэта не заўжды робіцца згодна з рэкамендацыямі спецыялістаў.

Эксперыментатары ўзброіліся парадамі агранома Цэнтра сельскага развіцця, паколькі ідэя рэалізоўвалася ў рамках праекта “Сетка агароднікаў Століншчыны”, і ўзяліся за справу.

Напачатку набылі спецыяльныя лямпы асвятлення. Да выбару лямпаў патрэбна падысці з розумам. Мінімальная патрэбнасць расады – 4-5 тысяч люксаў на метр квадратны. Такую эфектыўнасць забяспечвае адна лямпа магутнасцю 400 Вт на плошчы 6-7 метраў квадратных,   або адна лямпа 600 Вт на 9-10 метрах квадратных. Найбольш эфектыўнымі зараз з’яўляюцца натрыевыя лямпы, але ў хуткім часе іх зменяць светадыёдныя. Інтэнсіўнасць і працягласць асвятлення маюць вялікую ролю ў развіцці расады.

Адзін з эксперыментатараў Павел Траццякевіч расказвае:

– Расада атрымліваецца якаснай, што дазваляе эканоміць на насенні. Не патрэбна высяваць з вялікім запасам, бо кволай расады практычна няма.

Падсветленая згодна з навукова абгрунтаванымі рэкамендацыямі, расада не ламаецца пры перавозцы, яна не высокая, а сцябло тоўстае. Ды і ўраджайнасць, як паказаў вопыт, намнога вышэйшая.

Сам Павел Траццякевіч гаворыць, што ў мінулым годзе ён “перабаршчыў”. Пакідаў асвятленне ўключаным на большы час, чым рэкамендуецца. У   выніку расада стала “шкляной”. У гэтым годзе ён робіць усё згодна з рэкамендацыямі.

Трое сутак пасля ўсходаў  каліўцаў асвятленне павінна быць пастаянным. Да фазы трэцяга ліста – 16 гадзін у суткі. А пасля яго ўжо і ўключаць не трэба. Хопіць сонечнага.

У Траццякевіча на дзве соткі расадніцы размешчаны 12 лямпаў. Тут у яго вырошчваецца расада таматаў і агуркоў. Кошт лямпаў у мінулым годзе быў 1 млн 300 тысяч. Гэта прыкладна 90 долараў. На аплату электраэнергіі пайшло каля 200 долараў.

Павел у мінулым годзе спрабаваў для барацьбы са шкоднікамі на агурках  біялагічны метад. З інтэрвалам 10-14 дзён у расадніцу, а пасля і ў парнік засялялі кляшча-фітаселіуса, які знішчаў павуціннага кляшча.

На думку ўдзельнікаў эксперыменту, біяабарона – добры сродак, але вельмі дарагі і пры нізкіх цэнах на агуркі нявыгадна яе выкарыстоўваць. На жаль, рынак біяпрадукцыі – прадукцыі,  вырашчанай без сродкаў хімічнай абароны і мінеральных угнаенняў  – у нашай краіне толькі ў пачатку шляху, а цана на такую прадукцыю не адрозніваецца. Таму гэты агратэхнічны эксперымент хутчэй за ўсё ў бліжэйшы час не атрымае   свайго   развіцця,  а  будзе адкладзены да з’яўлення попыту на экапрадукцыю.

Разам з Паўлам у эксперыменце па дасвечванні расады прымалі ўдзел Аляксей Кардаш і Іван Карпцоў. Пабывала ў іх расадніцах. У аднаго якраз поўным ходам высаджвалі агуркі. Жанчыны ўкладвалі моцную, з трывалым сцяблом расаду ў скрынкі, у якіх яе перавозяць у парнік.

– Дасвечванне расады добра ў нас укараняецца, – расказвае Павел Траццякевіч. – Толькі ў нашай частцы вёскі ўжо набылі 170 лямпаў такога асвятлення. На свае вочы можна ўбачыць карысць ад дадатковага асвятлення.

Павел займаецца вырошчваннем розных відаў агародніны. У яго вялікая сям’я – восем дзетак. У сезон, калі цэны на агуркі значна падаюць і рэалізоўваць іх становіцца нявыгадна, сям’я іх соліць. Для гэтага пабудавана спецыяльнае памяшканне. Там агуркі праходзяць працэс салення і некаторы час захоўваюцца. Пасля іх прадаюць аптовым закупшчыкам.

Адна з новых ідэй Паўла Траццякевіча – гэта абсталяванне памяшкання-склада     для    захоўвання  прадукцыі  сістэмай рэгулявання клімату. Мэта пастаўлена, засталося зрабіць захады, каб яе дасягнуць.

Таццяна СЕГЕН

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *