Выбар прафесіі – сур’ёзнае пытанне

15 красавіка  ў  Столінскім ГДК упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва сумесна з аддзелам адукацыі, спорту і турызму Столінскага райвыканкама быў праведзены адзіны Дзень прафарыентацыі для вучняў 10-11 класаў устаноў адукацыі раёна.

Мерапрыемства прайшло з удзелам прадстаўнікоў 13-ці навучальных устаноў, якія рыхтуюць спецыялістаў розных галін дзейнасці. На своеасаблівым кірмашы прафесій прысутнічалі прадстаўнікі Баранавіцкага тэхналагічнага каледжа Белкаапсаюза, Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта,  Віцебскай ордэна „Знак Пашаны“ дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны, Лунінецкага по-літэхнічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа, Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання, Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі,  Пінскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа імя А. Я. Кляшчова, Столінскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці, Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта,  Ляхавіцкага аграрнага каледжа, Барысаўскага дзяржаўнага каледжа, Столінскага аграрна-эканамічнага каледжа  і Брэсцкага  дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна.

Адкрыў мерапрыемства намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Фёдаравіч Сідарэвіч, які адзначыў, што такая падзея адбываецца ў раёне адзін раз у год, таму выпускнікам патрэбна сур’ ёзна ставіцца да выбару будучай прафесіі. Павярхоўных рашэнняў не павінна быць ні ў якім разе. Сёння закладваецца падмурак, робяцца першыя  крокі да прафесіі. Некаторым з прысутных наканавана лёсам вярнуцца працаваць на сваю малую радзіму маладымі спецыялістамі ў   розных галінах дзейнасці. Сяргей Фёдаравіч ад райвыканкама падякаваў прадстаўнікам навучальных устаноў за тое, што яны не пакінулі без увагі наш раён і наведалі Століншчыну.

Старшакласнікі мелі магчымасць паглядзець прэзентацыі навучальных установаў, праслухаць інфармацыю па ўступнай кампаніі, задаць пытанні, якія іх цікавяць.

У Баранавіцкім тэхналагічным каледжы Белкаапсаюза вялікая колькасць лабараторый, ёсць базы для практыкі (аздараўленчыя лагеры, хлебазавод, сетка гандлёвых кропак “Карона”,  кафэ “Линия вкуса”).  Выпускнікі каледжа заўсёды запатрабаваны і  не ўзнікае праблем з іх працаўладкаваннем.

У Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце – адной  з самых маладых навучальных устаноў рэспублікі – ёсць усе ўмовы для навукова-даследчай і  інавацыйнай дзейнасці, спартыўнай і творчай самарэалізацыі студэнтаў.

Для нашага раёна запатрабаваны выпускі Віцебскай  акадэміі ветэрынарнай медыцыны,  многія з іх ліку сёння паспяхова працуюць   на Століншчыне і даволі хутка прасоўваюцца па службовай лесвіцы. Хуткі кар’ерны рост гарантуе і Магілёўскі ўніверсітэт харчавання, дзе з’явілася новая спецыяльнасць “Нізкатэмпературная тэхніка”. Патрэба ў спецыялістах Магілёўскага ўніверсітэта заўсёды пацвярджаецца запытамі арганізацый харчовай і перапрацоўчай прамысловасці нашай краіны.  Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія сёння налічвае больш за восем тысяч студэнтаў, якія паспяхова вучацца, праходзяць стажыроўку за мяжой, атрымліваюць дадатковыя адукацыйныя паслугі.

Выпускнікі Брэсцкага   тэхнічнага ўніверсітэта маюць 100-працэнтнае размеркаванне,  да іх ліку належаць і платнікі. Ва ўстанове працуе вялікая колькасць дадатковых гурткоў,  значная  ўвага ўдзяляецца робататэхніцы.

Да пераваг Ляхавіцкага аграрнага каледжа адно-сяцца засяленне ў інтэрнат, шырокія магчымасці для самарэалізацыі навучэнцаў, магчымасць стажыроўкі за мяжой  і  абавязковае размеркаванне выпускнікоў. У Столінскім прафесійным ліцэі шмат увагі надаецца арганізацыі вольнага часу навучэнцаў, іх занятасці ў гуртках і спартыўных секцыях, будзе праходзіць набор навучэнцаў на спецыяльнасці, па якіх ужо некалькі гадоў навучанне не ажыццяўлялася. Выпускнікі  ўстаноў адукацыі маюць магчымасць раёна атрымаць прафесію ў Лунінецкім політэхнічным прафесіянальна-тэхнічным  і ў Барысаўскім дзяржаўным каледжах. Многія нашы абітурыенты выбіраюць для сябе спецыяльнасць “Лясная гаспадарка” ў Барысаўскім дзяржаўным каледжы.

Столінскі аграрна-эканамічны каледж можа стаць стартавай пляцоўкай для рэалізацыі таленту і асобаснага патэнцыялу для кожнага навучэнца. Навучэнцы каледжа маюць магчымасць эканоміць сямейны бюджэт і атрымаць сярэднюю спецыяльную і вышэйшую адукацыю за пяць з паловай гадоў. Дзверы  Брэсцкага  дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна заўсёды адчынены для абітурыентаў, якія  з вялікай колькасці прафесій змогуць выбраць адну, што будзе адпавядаць іх здольнасцям і інтарэсам.

Творча і цікава прэзентаваў адукацыйныя паслугі Пінскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж імя А. Я. Кляшчова.  Дырэктар установы Міхаіл Уладзіміравіч Скулавец, выхадзец са Століншчыны,  расказаў пра знакамітых выпускнікоў установы, а навучэнцы падрыхтавалі сапраўдны фестываль прафесій, якія можна атрымаць у кале-джы.

У фае была арганізавана выстаўка-прэзентацыя кожнай навучальнай установы, вяліся індывідуальныя гутаркі з тымі, каго зацікавілі пэўныя спецыяльнасці. Старшакласнікі мелі магчымасць атрымаць рэкламныя пакеты (буклеты) аб навучальных установах, правілах прыёму, адрасах устаноў і г. д. Столінская раённая бібліятэка падрыхтавала інфармацыйны стэнд “Куды пайсці вучыцца”.

 У выпускнікоў школ яшчэ ёсць час, каб усё абдумаць і  знайсці сябе: зразумець сваё прызванне, прызначэнне, інтарэсы, схільнасці, бо выбар прафесіі з’яўляецца адным з самых важных жыццёвых рашэнняў.

 Па-сапраўднаму паспяховым можна стаць толькі ў той сферы дзейнасці, да якой ёсць схільнасці, якая падабаецца. Поспехаў вам, выпускнікі!

Людміла

КАСПЯРОВІЧ

Фота аўтара

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *