Важна адчуваць сілу роду

Мікалай Міхайлавіч Грыб – уласнік фермерскай гаспадаркі “ЛОРИНИК”, якая займаецца вырошчваннем і продажам сельскагаспадарчай прадукцыі. І менавіта за прадукцыйную дзейнасць ён стаў пераможцам раённага конкурсу “Малады чалавек года” ў галіне прадпрымальніцтва.
Мікалай Міхайлавіч –прадстаўнік, бадай, самай вялікай фермерскай дынастыі не толькі нашага раёна, але і ўсёй краіны. Грыбоў добра ведаюць за мяжой як дбайных гаспадароў зямлі палескай. І тым самым гэтыя людзі праславілі свой родны аграгарадок Альшаны, у які едуць нават турысты, каб захапіцца прыгажосцю дыхтоўных дамоў і хараством яблыневых садоў. Уладаннямі Грыбоў з’яўляюцца сотні гектараў зямлі, якія прыносяць значны прыбытак.
– Але грошы – не галоўнае, — здзівіў мяне такім выказваннем сам Мікалай. – Гэта не мэта, гэта толькі сродкі для жыцця. І кожны сам вырашае, як жыць. Я не разумею людзей, якія пры любым выпадку скардзяцца на жыццё: то работа дрэнная, то сям’я не такая, то грошай не хапае. Навошта столькі слоў, проста ідзі і змяняй сваё жыццё. У бацькоўскай сям’і было так, і сваім дзецям хачу данесці гэтае правіла.
– Мікалай, няўжо вам не хацелася паспрабаваць сябе ў чымсьці іншым? – пытаю маладога чалавека.
– Усе мы вучымся на прыкладах іншых, – разважае мой субяседнік. – І калі гэтыя прыклады станоўчыя, чаму ж адмаўляцца ад іх? З дзяцінства я меў магчымасць назіраць, што толькі працавітасцю можна дасягнуць пэўных вяршынь. А інакш не бывае. І зусім памыляюцца тыя людзі, якія думаюць, быццам штосьці дарэмна падае з неба. Як гаворыцца ў прымаўцы: хто не працуе – той не есць. Кожную раніцу я прачынаюся на досвітку. І дадому заходжу, калі ўжо цёмна на вуліцы. Ці ўсім даспадобы такі графік? Пэўна, не.
Разам з братамі, якіх у Мікалая пяць, ён трымае склады ў аграгарадку Плотніца, куды штодзень ездзіць з Альшан.
У іх захоўваецца агародніна і садавіна для далейшага продажу не толькі у нашай краіне, але і для экспарту за мяжу. Купіць капусту, моркву, яблыкі і іншыя культуры могуць жыхары Расіі, Украіны. Малады фермер прызнаецца, што плануе пашыраць сувязі, таму практычна з нуля падрыхтоўваюць землі пад пасадку. Пабываўшы на месцы работы, мне таксама давялося здзівіцца маштабам. Зараз там на пастаянных месцах работы працуюць шэсць чалавек, яшчэ некалькі дзясяткаў на часовых – падрыхтоўваюць сельскагаспадарчую прадукцыю і грузяць машыны перад адпраўкай.
Амаль усе рабочыя з суседніх вёсак, і ў каго няма магчымасці, іх падвозяць сваім транспартам. Работа не спыняецца нават зімой. Ды і зараз, падчас нашай гутаркі, Мікалай пазірае на гадзіннік: там грузяцца дзве машыны і трэба пракантраляваць працэс. Але ж, нягледзячы на ўсе дасягненні, Мікалай прызнаецца, што без бацькавай дапамогі, без яго вопыту было б намнога цяжэй. Таму і сам пачынаў спасцігаць фермерскую навуку 13-гадовым падлеткам. Да іх у Альшаны прыязджалі вучыць правільна прышчэпліваць яблыні садаводы з Польшчы, дзяліліся сваімі сакрэтамі фермеры з Галандыі. Дарэчы, і Мікалаю неаднаразова давялося пабываць у гэтых краінах і сваімі вачыма пабачыць вынікі якаснай і руплівай работы. І яшчэ раз упэўніцца: няма нічога немагчымага.
– Добра, а ці ёсць час адпачываць? – цікаўлюся ў свайго субяседніка.
– Адпачынак – цудоўная справа. Упэўнены, абавязкова трэба знаходзіць час, каб даць сваім думкам “выхадны”. Звычайна я праводжу вольны час са сваёй сям’ёй. Мая жонка Ларыса – гэта прыклад сапраўднай жанчыны і маці, і я вельмі ўдзячны ёй за яе мудрасць і давер. Хаця, бывае, скардзіцца, што бачыць мяне радзей, чым аднавяскоўцаў (усміхаецца – аўт.). Нашаму старэйшаму Міхаілу 10 гадоў, ён па-даросламу цікавіцца сямейнымі справамі. Маці дапамагае Ангеліна, якая ходзіць у другі клас, малому гарэзе Вовіку толькі тры гады. Калі ёсць магчымасць, адпачываем разам. Асабліва па душы берагі роднай Прыпяці, у нас там ёсць сядзібы. Збіраемся ўсёй вялікай сям’ёй, ці лепш сказаць, сем’ямі, бо ўсе мае родныя засталіся ў Альшанах і таксама працуюць на зямлі. А для нас важна адчуваць падтрымку, адчуваць сілу нашага роду.
Ганна МЕЛЬНІК

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *