У гасцях у Ганаровага палешука

Вучні пятых класаў разам са сваёй настаўніцай гісторыі Жаннай Іосіфаўнай Домніч вырашылі вывучаць свой край. Яны накіраваліся ў этнаграфічны музей Івана Піліпавіча Супрунчыка ў вёску Цераблічы.
Гаспадар сустрэў гасцей і тыя, нібы загавароныя, слухалі яго аповед-экскурс. Музей сапраўды жыве, бо папаўняецца новымі экспанатамі. У мінулым годзе ў ім з’явіўся човен, высечаны з цэлага дуба. У ім можа размясціць некалькі чалавек. Знайшлі яго мясцовыя жыхары ў абмялеўшай рацэ.
Цікавасць вучняў выклікаў якар, які датуецца 1127 годам. Яго вышыня – 1 метр 70 сантыметраў. І можна толькі здагадвацца, якімі паўнаводнымі былі ў той час рэкі.
– Нам выпаў гонар першымі ўбачыць новую работу Івана Піліпавіча. Гэта трыпціх “Душа”, – расказала Жанна Іосіфаўна. – Расказ аб нараджэнні чалавека, зямным жыцці яго душы і вяртанні да спакою. У карціне ёсць цікавы элемент – камп’ютар. На думку аўтара, менавіта ён завалодаў душою сучаснай моладзі. Іван Піліпавіч зараз рыхтуецца да выстаўкі сваіх работ, прысвечанай 30-годдзю аварыі на ЧАЭС. У яго шмат цікавых твораў, якія нагадваюць нам пра гэтую страшную трагедыю.
Няўрымслівы, таленавіты, працавіты… Нездарма ён мае званне Ганаровага палешука. Паказаў ён і падарунак, які далучаўся да звання, – слуцкі пояс, што захоўваецца ў спецыяльнай скрыні.
Дзецям так спадабалася ў музеі, што яны не хацелі яго пакідаць. А калі нарэшце селі ў аўтобус і Іван Піліпавіч памахаў ім рукою, адзін з вучняў сказаў:
– Нам трэба абавязкова прыехаць сюды яшчэ хаця б адзін раз.
Другім пунктам паездкі быў конезавод ААТ “Палеская ніва”, дзе гасцей сустрэла яго загадчыца Марына Юр’еўна Ярмоліч. Яна расказала шмат цікавага пра коней. Многія з яе падапечных маюць узнагароды рэспубліканскага значэння. У СВК надаецца шмат увагі селекцыі новых парод. Так, нядаўна быў набыты новы конь за 120 млн рублёў.
На ферме працуюць чатыры жанчыны і адзін мужчына. Коні добра адчуваюць іх настрой, а самі работнікі прызнаюцца, што жывёлы становяцца лекарамі іх душы.
Марына Юр’еўна гаварыла пра кожнага каня. І ў яе словах было столькі любові! Распавяла яна пра клічкі жывёл, што яны складаюцца з літар бацькі і маці. Пасля ўсе пакаталіся на конях.
Разам з вучнямі ў падарожжы быў супрацоўнік Столінскага краязнаўчага музея Аляксей Іванавіч Вярэніч. Па дарозе ён расказаў пра кожную вёсачку. Было столькі цікавых гісторый, што дзеці проста не маглі паверыць: гэта ж зусім побач. Ускалыхнула іх свядомасць паданне пра княгіню Вольгу, ад імя якой пайшлі назвы многіх вёсак раёна.
Яшчэ па дарозе яны сустрэлі мясцовага жыхара вёскі Цераблічы. Стары мужчына адразу здагадаўся пра мэту паездкі вучняў. А пасля стаў расказваць пра “свайго генерала” Івана Данілавіча Наскевіча, які ўзначальвае Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь. І на прыкладзе гэтага чалавека мужчына вучыў дзяцей, як трэба ісці да сваёй мэты, мець трывалыя веды. І столькі гонару было ў яго словах за свой край, за сваіх людзей.
Таццяна СЕГЕН
Р. S: Удзельнікі паездкі дзякуюць кіраўніцтву аддзела адукацыі, спорту і турызму за выдзелены транспарт. Асаблівая ўдзячнасць вадзіцелю Юрыю Аляксандравічу Харашуну за ветлівасць, чуласць, увагу. Таксама дзякуй арганізатару паездкі – С. У. Лазейка, намесніку начальніка РФСК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *