Тут працуюць людзі, якія жывуць сваёй справай

Як працуе калектыў Рамельскага сельскага Цэнтра культуры і адпачынку, добра ведаюць не толькі ў нашым раёне, але і за яго межамі. Цудоўна падрыхтаваныя раённае свята-кірмаш працаўнікоў вёскі “Дажынкі”, конны фэст “Палеская ніва”, свята вёскі і шэраг іншых мерапрыемстваў выклікалі захапленне як у жыхароў аграгарадка Рамель, так і ў гасцей. Таму рашэнне Столінскага выканаўчага камітэта аб занясенні калектыву на Дошку гонару – падзея  чаканая.

Гісторыя Рамельскага сельскага цэнтра культуры і адпачынку даволі вялікая. Сам будынак быў пабудаваны ў 1964 годзе спецыяльна як установа культуры. І з таго часу ў слаўным Рамлі было прыемна прыйсці на канцэрт і атрымаць асалоду. З удзячнасцю ўспамінаюць Мікалая Ніканавіча Котава – таленавітага танцавальнага майстра, які і зараз не забывае аграгарадок і нават дапамог падрыхтаваць свята вёскі на Тройцу. Калектыў установы зараз складаецца з трох чалавек: Вольга Іванаўна Апановіч – дырэктар, Ала Здзіславаўна Ільінская – мастацкі кіраўнік, Васіль Паўлавіч Ільінскі – балетмайстар і кіраўнік узорнага ансамбля фальклорнага танца “Ніва”. Усяго ў Цэнтры культуры і адпачынку працуюць дзевяць фарміраванняў: старшая і малодшая групы эстраднага танца, вакальны і сольныя гурткі (кіраўнік А. З. Ільінская), узорны ансамбль фальклорнага танца “Ніва” і падрыхтоўчая група яго (кіраўнік В. П. Ільінскі), аматарскія аб’яднанні “Затейник” і “Сяброўкі”, гурток мастацкага чытання (кіраўнік В. І. Апановіч).

– Нейкіх таямнічых сакрэтаў няма, – дзеліцца дырэктар Цэнтра Вольга Іванаўна Апановіч. — Проста ў нас працуюць людзі, якія жывуць сваёй справай. Можа таму  мне  ніколі  не даводзілася аб чымсьці прасіць загадным ладам. Мы ўсе – як адна сям’я, і кожны ў ёй выконвае свае абавязкі на сто працэнтаў. Але адзначу, што вельмі пашанцавала з нашымі работнікамі. Сямейная пара Васіля Паўлавіча і Алы Здзіславаўны Ільінскіх – сапраўдная знаходка для нашага Цэнтра.Танцавальны калектыў “Ніва”, якім кіруе таленавіты балетмайстар Васіль Паўлавіч, сёлета адзначыць 33 гады. Ён не проста кіраўнік – ён сэрца гэтага калектыву. А вось Ала Здзіславаўна – гэта душа нашага калектыву. Працуе мастацкім кіраўніком і для свайго мужа – правая рука ва ўсім.

– Існуе меркаванне, што людзі творчых прафесій надта эмацыянальныя і з імі цяжка дамовіцца.

– Гэта не пра наш калектыў, — адказвае Вольга Іванаўна. –  Але калі ідзе падрыхтоўка да якога мерапрыемства, спрэчкі ёсць, але толькі станоўчага характару. Колькі нумароў падрыхтаваць,  што за чым паставіць, які касцюм лепш танец дапаможа раскрыць. Мы з Алай Здзіславаўнай прапаноўваем свае ідэі Васілю Паўла-вічу і ён, часцей за ўсё, з намі зга-джаецца. Я прыйшла на пасаду дырэктара больш за 25 гадоў таму, калі ўжо “Ніва” пачала сваё паспяховае шэсце на сцэне. Дарэчы, адзначу, што наша работа не спыняецца ні пры якіх умовах. З вялікім задавальненнем удзельнічаем ва ўсіх магчымых конкурсах і аглядах, каб даць магчымасць нашым дзецям – удзельнікам танцавальнага калектыву адчуць сябе артыстамі і назапасіць неабходны вопыт.

Пашчасціла назіраць за работай Алы Здзілаваўны і Васіля Паўлавіча і мне. Падчас адборачнага этапу раённага конкурсу сучаснага эстраднага мастацтва “Зоркі Палесся” ў Альшанскім цэнтры культуры і адпачынку выступалі ўдзельнікі і з Рамля, якія прадставілі на суд журы: танец на ваенную тэму і танец “Ча-ча-ча”. Трэба было бачыць, як за кулісамі сачыла за кожнай дробяззю Ала Здзіславаўна. “Вочы на гледача! Дзе ўсмешка? Не спяшайцеся, на адну лінію станавіцеся!” – гучалі яе словы. Вольга Іванаўна дадае, што нават калі былі перабоі з ацяпленнем памяшкання, рэпетыцыі не адмяняліся. Знаходзілі магчымасць, бо жадання – хоць адбаўляй. Удзелам у ансамблі фальклорнага танцав “Ніва” ганарыцца кожны яе былы танцор.

– Вольга Іванаўна, наконт моладзі. Не ведаю, як зараз, а раней маладыя людзі з суседніх вёсак проста “ляцелі” да вас на дыскатэку, — задаю пытанне, якое даўно цікавіла. – Няўжо і тут няма спецыяльнага сакрэту?

– І тут няма сакрэту, — шчыра адказвае Вольга Іванаўна. – Сапраўды, быў час, калі на нашай танцавальнай пляцоўцы не было вольнага месца. Прычым,   не толькі на якія святы, проста ў выхадныя дні да нас прыязджала моладзь з Альшан, Сямігосціч, Давыд-Гарадка. Прыемна было бачыць, што моладзь збіраецца, каб весела правесці вольны час у добрым сэнсе слова. Мы заўсёды ішлі ім насустрач, уключалі музыку, якую яны прапаноўвалі, праводзілі конкурсы. Але зараз усё крыху па-іншаму. Бо мы не маем права праводзіць дыскатэку пазней за 23.00 гадзіны.

– Ваша работа высока ацэнена. Ці няма ў вас адчування, што дасягнулі свайго найвышэйшага выніку? – гучыць маё апошняе пытанне.

– Вось тут вы памыляецеся, — кажа дырэктар. – Наадварот, гэта нас яшчэ больш матывуе. Як гаворыцца, апетыт прыходзіць у час яды. У нас цэлае мора новых ідэй і планаў, якія абавязкова мы будзем увасабляць. Упэўнена, вы яшчэ не адзін раз пачуеце аб выніках нашай работы. І яшчэ не адзін раз з’явіцца нагода для сустрэчы!

Фота Ганны МЕЛЬНІК

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *