Сярод прызёраў – токар Андрэй Матусевіч

На базе Баранавіцкага станкабудаўнічага завода ЗАТ “Атлант” 22 красавіка 2016 года прайшоў абласны конкурс прафесійнага майстэрства сярод токараў, фрэзероўшчыкаў і слесараў-інструментальшчыкаў. Яго арганізатары — Брэсцкае абласное аб’яднанне прафсаюзаў і аддзел па справах моладзі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама.

Добрым токарам можа стаць далёка не кожны. У чалавека, які выбраў гэтую прафесію, павінен быць тэхнічны склад розуму, цудоўны вокамер, прасторавае мысленне, выдатны зрок, добра развітая дробная маторыка. Спецыяліст па такарнай апрацоўцы павінен быць акуратным, вынослівым, адказным і арганізаваным.

Менавіта такімі якасцямі валодаюць сапраўдныя майстры сваёй справы – токар Віталь Паўлавіч Ралько і слесар-інструментальшчык Андрэй Фёдаравіч Матусевіч з ААТ “Давыд-Гарадоцкі электрамеханічны завод”. Яны дастойна прадставілі Століншчыну на конкурсе.

У конкурсе прынялі ўдзел 26 прадстаўнікоў з розных куточкаў Брэсцкай вобласці. Спаборніцтва праходзіла ў два этапы і складалася з дзвюх частак: тэарэтычнай, якая праходзіла ў форме тэстаў з 20 пытанняў па спецтэхналогіі, тэхнічным чарчэнні, матэрыялазнаўстве і ахове працы, і практычнай — выраб дэталі ва ўстаноўлены час па прыкладзеных чарцяжах.

Нашы прадстаўнікі дастойна выступілі, прадэманстраваўшы свае веды і ўменні і змагаючыся за званне лепшага спецыяліста ў сваёй галіне. У выніку Андрэй Матусевіч заняў трэцяе месца, ён узнагароджаны дыпломам і грашовай прэміяй. Яго стаж у прафесіі складае ўсяго шэсць гадоў.

Віталь Ралько ўвайшоў у дзясятку лепшых токараў вобласці.

Усе ўдзельнікі конкурсу заахвочаны каштоўнымі падарункамі. А абласное аб’яднанне прафсаюзаў будзе хадайнічаць перад адміністрацыяй прадпрыемства аб павышэнні Матусевічу А. Ф. рабочага разраду.

Удзел у конкурсах прафесійнага майстэрства служыць павышэнню прэстыжу рабочых прафесій, паказвае, да чаго варта імкнуцца.

Галіна ГАШЧУК

Фота Галіны СТРОЦКАЙ

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *