Школа стала родным домам

Звычайная рэч, калі людзі складаюць сваё генеалагічнае дрэва, а ў сям’і Аляксандра Мікалаевіча  і Таццяны Міхайлаўны Комісавых існуе сапраўднае  педагагічнае дрэва.

Бацькі Аляксандра Комісава, Мікалай Рыгоравіч і Рыма Якаўлеўна, вялі карпатлівую педага-гічную дзейнасць  у Альшанах і па 45 гадоў свайго жыцця прысвяцілі рабоце з дзецьмі.  Аляксандру Мікалаевічу было наканавана лёсам стаць педагогам. Ён скончыў   Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя І. П. Шамякіна па спецыяльнасці “Фізіка і агульнатэхнічныя дысцыпліны”. Быў накіраваны на працу ў Белавушу. Менавіта тут і пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай, а на той час – студэнткай Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І. П. Шамякіна і будучым настаўнікам беларускай мовы і літаратуры.

Пасля вучобы ў ВНУ Таццяна Міхайлаўна была накіравана на працу ў Глінкаўскую сярэднюю школу настаўнікам беларускай мовы і літаратуры, дзе і працуе да гэтага часу. Аляксандр Мікалаевіч — настаўнік фізікі, астраноміі, тэхнічнай працы і сусвету. Ужо больш за 22 гады штодня яны спяшаюцца на ўрокі, дапамагаюць вучням атрымліваць новыя веды, радуюцца іх перамогам і хвалююцца, калі нешта не атрымліваецца.

Аляксандр Мікалаевіч проста апантаны той справай, якой займаецца ўсё жыццё. Настаўнік можа гадзінамі сядзець ля тэлескопа і ўзірацца ў зорнае неба. Падабаецца настаўніку даследчая, пошукавая дзейнасць, таму ён увесь час працуе над сабой, паглыбляе свае веды, робіць для сябе новыя адкрыцці. Адным з самых цікавых лічыць удзел у фестывалі “Robot Fest”.

Таццяна Міхайлаўна адзначае, што калі б ёй прапанавалі штосьці змяніць у сваім жыцці, яна ўсё роўна засталася б настаўнікам. Яна – класны кіраўнік у 11 класе. І вучні заўсёды могуць звярнуцца да класнага кіраўніка і настаўніца абавязкова вырашыць пытанне, па-сяброўску параіць ці вырашыць канфлікт на правах старэйшага таварыша. Падабаецца ім стыль падачы новага матэрыялу настаўнікам. Таццяна Міхайлаўна ўмее знайсці індывідуальны  падыход да кожнага. Яе педагагічнае крэда: “Настаўнік – гэта шкло, праз якое вучні бачаць свет”.

Таццяна Міхайлаўна Комісава разам са сваімі выхаванцамі пастаянна прымае ўдзел у школьных, раённых прадметных і выхаваўчых мерапрыемствах. Не раз яе вучні займалі прызавыя месцы падчас алімпіяд, літаратурных і фальклорных конкурсаў. Са старшакласнікамі на базе школы  настаўнік праводзіць заняткі драматычнага гуртка Столінскага дзяржаўнага раённага цэнтра дзіцячай творчасці. Выступаюць гурткоўцы перад вучнямі пачатковых класаў, на школьных вечарах, ладзяць канцэрты для бацькоў, прымаюць удзел у конкурсах “Зімачка-зіма”, мерапрыемствах патрыятычнага кірунку і прысвячаюць свае выступленні юбілейным датам.

Бацькі таксама  ганарацца, што іх дачка  Вольга  працягнула іх справу. Яны  часта абмяркоў-валі школьныя справы, таму Вольга з дзяцінства была знаёма з працай настаўнікаў. Замежная мова дзяўчынцы падабалася з малых гадоў:  часта прыслухвалася да тэлеперадач, у якіх гучала незразумелая малой гаворка, старалася запомніць і паўтарыць пачутае, з цягам часу пачала самастойна шукаць пераклад замежных слоў.

Вольга скончыла школу з залатым медалём, адвучылася ў Брэсцкім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя А. С. Пушкіна на факультэце замежных моў  і вось першы год працуе ў Глінкаўскай сярэдняй школе настаўнікам нямецкай мовы.

–  Для мяне настаўнік заўсёды ўяўляўся невычэрпнай крыніцай, — дзеліцца з карэспандэнтам “НП” Вольга Аляксандраўна, — з якой вучні пастаянна чэрпаюць новыя веды. А веды – гэта сапраўдны скарб, які перадаецца з пакалення ў пакаленне.   Я люблю прымяраць на сябе розныя ролі:  то псіхолага, то сябра, то дарадцы. Мне вельмі падабаецца мая праца. Я сапраўды знайшла сваё прызванне і дакладна ведаю, што не расчаруюся ў сваім выбары. Нягледзячы на тое, што зараз я толькі  малады спецыяліст і яшчэ нявопытны настаўнік, але мне ўсё гэта знаёма з дзяцін-ства. Таму і практыка ў школе  падчас вучобы, і першы працоўны год маюць свае станоўчыя вынікі. Я пастаянна рухаюся наперад: кожны дзень стаўлю перад сабой новыя мэты, імкнуся іх дасягнуць, а пасля аналізую свае поспехі і няўдачы.

Вольга Комісава сарамліва абмінае ўвагай свае таленты. Але малады настаўнік не толькі піша вершы, але яшчэ і добра спявае. Яна ўдзельнічае ў школьных мерапрыемствах, канцэртных праграмах, выступае са сваімі віншаваннямі і музычнымі падарункамі падчас святочных дат і іншых падзей школьнага жыцця. Вольга Аляксандраўна ўзнагароджана граматай за актыўны ўдзел у падрыхтоўцы вучняў падчас аздараўлення.   Дзяўчына прымала ўдзел у раённым конкурсе “Панна журавінавых балот” і была ўдастоена звання “Міс талент”. А яшчэ яна з’яўляецца кіраўніком “Інтэлектуальнага гуртка”. У бягучым навучальным годзе ў ліку лепшых каманд гурткоўцы  прынялі ўдзел у інтэлектуальных гульнях у г. Пінску.

Сямейнае педагагічнае дрэва мае яшчэ свае адгалінаванні. Брат Таццяны Міхайлаўны, Эдуард Міхайлавіч Трапец,  — дырэктар Белавушскай сярэдняй школы. Ёсць сярод родных і іншыя прадстаўнікі гэтай заўжды маладой і патрэбнай людзям прафесіі. Галоўнае – адчуваць сябе карыснымі для тых, хто ў цябе верыць і ведаць, што школа стала на самай справе родным домам.

Людміла КАСПЯРОВІЧ

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *