Роднае Палессе: Байдарачны паход па Гарыні

Экiпiраваная група  турыстаў з Мінска пад кiраўнiцтвам лiдара клуба актыўнага адпачынку «Магадан» Аляксея Глазкова ў пошуках рамантыкi i новых уражанняў села ў цягнiк. А ўже ранiцай у 5.30 мы былi на рэчцы Льва, што каля вёскi Кашара. 

Бераг быў чысты, дагледжаны, абсталяваны ўтульнымi альтанкамi i вогнiшчамi. Расклалi агонь, зрабiлi гарбату. Падрыхтавалi плаўсродкi i ўжо а 8-й гадзiне сталi на маршрут.
Для часткi групы гэта быў першы байдарачны паход, таму было крыху нязвыкла спускацца на ваду. І вось усе налеглi на вёслы, каб не адстаць. Безумоўна, краявiды палескiх берагоў зачароўваюць. Зараснiкi густой пажоўклай асакi, а над iмi самотныя дрэвы-велiканы на фоне халоднага блакiтнага бясхмарнага неба. Рэчышча ўвесь час змянялася: то пашыралася нiбы возера, то звужалася i вiлося ў чароце маленькiм ручаём. Льва паступова перайшла ў Лiсовую Рэчку, тая – у Хатомельскую Канаву, далей у Нiжнюю Чакву i толькi затым у Гарынь. Перад Гарынню першая сур’ёзная перашкода – дамба. Спешылiся, перанеслi рэчы, байдаркi i пайшлi далей. Менавiта пайшлi, бо вады ў рацэ было менш за калена. Таму байдарачны паход ператварыўся на некаторы час у пешы.
Але напрыканцы нас чакала вялiкая вада. На Палессi не толькi маляўнiчыя краявiды, мясцовыя жыхары выклiкаюць безумоўны iнтарэс. Iхняя гутарка ўвабрала ў сябе словы з розных моваў. Можна не быць лiнгвiстам, каб гэта зразумець. Беларуская аснова з яскравым дадаткам украiнскiх, польскiх, рускiх i нават нямецкiх словаў. Рэдка дзе яшчэ можна ўбачыць гэтакiя паселiшчы з укладам жыцця былых часоў i старадаўнiх промыслаў. Напрыканцы першага дня крыху заблудзiлi ў сетцы каналаў. Частка з iх перакапаныя i асушаныя.
Ужо было даволi позна i цёмна, калi знайшлi месца для стаянкi пад дрэвамi. Вогнiшча, вячэра, гiтара, песнi – i ўсе стомленыя паляглi спаць.
Наступны паходны дзень распачалi фотасесiяй на фоне магутнага экскаватара. Маршрут другога дня быў нават прыгажэйшы за папярэднi. Вузкая рачулка выгiбаецца вакол паваленых дрэваў i бабровых хатак. Трэба было па-майстэрску манеўраваць. Але i бывалыя паходнiкi, i дэбютанты справiлiся на выдатна. Анiводнай прабоiны цi перавароту. Ужо ўппоцемку дайшлi да вусця Гарынi, дзе яна ўпадае ў Прыпяць. Наступны дзень быў сапраўды па веснавому цёплы i сонечны. Пачалi рух па Прыпяцi. Шмат дзе спынялiся, любавалiся наваколлем, бо месцы найцудоўнейшыя! Карыстаючыся паўнаводдзем, змаглi крыху скарацiць шлях i нават не заблукалi ў шматлiкiх затоках i рукавах. Сапраўды, Палессе вясною – гэта мора. Нездарма ў Сярэднявеччы гэтая водная мясцiна вызначалася на тагачасных картах як Герадотава мора, краiна вады i туманаў. А недаступнасць рэгiёна дазволiла зберагчы старадаўнюю самабытнасць i ўнiкальнасць народнай культуры, што прываблiвае не менш, чым прырода.
Апошнi адрэзак – прамы канал ад Прыпяцi да порта Мiкашэвiчаў – мы прайшлi за адзiн пераход. Цiкава было ўбачыць вялiкую колькасць шынаў для ўмацавання берагоў.
Вось i порт, а гэта значыць – разбор байдарак i заканчэнне 80-кiламетровага маршруту. Але засталася яшчэ адна рэч, без якой не абыходзiцца анiводны сплаў з удзелам навiчкоў, – пасвячэнне ў воднiкi.
Усе атрымалi сапраўднае задавальненне ад таго, што справiлiся з маршрутам, вытрывалi супраць хваляў i ветру. А галоўнае, што адчулi цеснае адзiнства з некранутай прыродай у адным з найцудоўнейшых i аўтэнтычных куткоў нашай Беларусi.
Міхаіл ТРАФІМОВІЧ
Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *