Рарытэтныя аўто ўстаноўлены каля дзвюх арганізацый у Століне

IMG_85351Самы сапраўдны рарытэт з’явіўся каля дзвюх арганізацый нашага горада. Адрэстаўрыраваныя аўтамабілі ўстаноўлены на пастаменты і цяпер пазнаёміцца з імі можа кожны жадаючы.

Напачатку машына з надпісам “Аўталаўка” стала на пастаменце каля аўтабазы Столінскага райспажыўтаварыства. Яе добра відаць нават з вуліцы Гарынскай. Глядзіш на яе і адразу акунаешся ў першую палову мінулага стагоддзя. Менавіта на такіх аўтамабілях па самых аддаленых кропках раёна развозілі неабходныя прадукты, а людзі чакалі прыезду аўталаўкі на пэўным месцы і ў пэўны час.

Другі аўтамабіль стаіць каля Столінскай ПМС (па вуліцы партызана Барэйкі). Тут ужо справы больш сур’ёзныя. Каля машыны замацавана шыльдачка, на якой значыцца, што гэта ГАЗ-51 1962 года выпуску.

Калі я рабіла фотаздымкі, работнікі ПМС выйшлі, каб пацікавіцца, што і да чаго. Яны з гонарам расказалі, што ў іх прыгожы не толькі аўтамабіль, а і ўся тэрыторыя дагледжана.

– Гэта на самай справе першы аўтамабіль ГАЗ-51 нашай арганізацыі. Яго мы адрэстаўрыравалі. І на яго нават тэхпашпарт ёсць! – сказалі мне.

Так з далёкага 1962 года прыехала да нас машына. Колькі карысных спраў на ёй было зроблена —  можна толькі здагадвацца. А зараз днём яе можна разгледзець дасканала, а вечарам яна нават свеціцца габарытнымі агеньчыкамі.

Вось такія падарункі любімаму гораду і яго жыхарам зрабілі адразу дзве арганізацыі.

А вы чым упрыгожыце сваю тэрыторыю і здзівіце астатніх?

Таццяна СЕГЕН

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *