ПРОЕКТ «НП»: ЧИСТОТА И ПОРЯДОК «ВСЕ ЗА!»: Раўненне на старэйшага «брата»

Наступнай кропкай нашага рэйду па раёне стаў Рубельскі сельсавет. У складзе сельсавета два населеныя пункты —  Рубель(1286 домаўладанняў, 3400 жыхароў) і Хатомель (347 домаўладанняў, 914 жыхароў).

Сярод аграгарадкоў раёна Рубель – другі па колькасці насельніцтва ўслед за Альшанамі. Хатомель хоць і значна меншы за “суседа”, але на раённым фоне  ўваходзіць у лік “моцных сераднякоў”. Рубель і Хатомель славяцца працавітымі людзьмі,  якія жывуць на зямлі. З-за адсутнасці якой-небудзь прамысловасці рубельцы і хатомельцы вымушаны зарабляць на жыццё вырошчваннем сельгаспрадукцыі. Вялікая частка жыхароў, пераважна мужчын, пастаянна знаходзіцца на сезонных заробках па ўсіх кутках Беларусі і Расіі.

Не забываюць яны і аб малой радзіме. Не раз даводзілася бываць у Рублі і заўсёды адзначалася, што парадку тут удзяляецца вялікая ўвага. Перш за ўсё бачна рука мясцовага старшыні сельвыканкама Людмілы Цімафееўны Каляда.

—  Кожны дзень мне прыхо-дзіцца кантактаваць з жыхарамі Рубля і Хатомеля, таму што гэта мае аднавяскоўцы, — расказвае Людміла Цімафееўна. – У большасці выпадкаў людзі прыслухоў-ваюцца і стараюцца як мага хутчэй ліквідаваць некаторыя недахопы і заўвагі паблізу сваіх домаўладанняў. Пастаянна па меры неабходнасці праводзім суботнікі. Вось і зараз у мінулыя выхадныя добраўпарадкаваць сваю тэрыторыю выйшла большая частка рубельцаў і хатомельцаў. Многа работы таксама будзе зроблена і ў гэтыя выхадныя – перад Вялікаднем і Радуніцай. Вялікую дапамогу ў навядзенні парадку і добраўпарадкаванні аказвае стараста Рубля Канстанцін Сцяпанавіч Пашкевіч.

Рубель

Вялікі населены пункт. У цэнтры знаходзяцца амаль усе самыя важныя сацыяльныя аб’екты – амбулаторыя, пошта, школа, новы дзіцячы садок, магазіны і іншыя. Усюды была адзначана чысціня. Парадак мы адразу заўважылі, яшчэ калі ўязджалі ў Рубель – дзе раней уздоўж мясцовай рэчкі па берагах было шмат смецця, зараз усё прыбрана. Радуе вока зялёная трава без “белых плямаў” ад паперы, плёнкі і бутэлек.

Вуліцы Рубля таксама ў належным стане – прычапіцца няма да чаго. Людзі завіхаліся на сваіх сядзібах, у полі.

Людміла Цімафееўна спадзяецца, што з прыходам прыроднага газу ў Рубель сітуацыя з добраўпарадкаваннем яшчэ больш палепшыцца. Гэта і відавочна – не будзе такога масавага скаплення дроў. Канешне, ацяпляць дровамі цяпліцы рубельцы і хатомельцы не перастануць, але гэтае пытанне мае сезонны характар.

Хатомель

Хоць у “меншага брата” Рубля і менш людзей, двароў, вуліц, але гэта не значыць, што не трэба раўняцца на старэйшага. Калі з цэнтральнай вуліцай Хатомеля ўсё ў парадку, то па ваколіцах застаюцца пытанні. Сям-там у вочы трапляецца невялічкае скапленне смецця. І з ім пазмагацца могуць толькі мясцовыя жыхары, таму што гэта іх рук справа.

З негатыўнага боку зноў быў адзначаны адзін з дамоў па ву-ліцы Набярэжнай. Дом і гаспадарка знаходзяцца на ўзвышшы і ўсё праглядаецца з цэнтральнай дарогі. Унізе – гурба смецця. Яно знаходзіцца там ужо не першы год. Ды і паблізу дома бачна безгаспадарчасць. Выйшла гаспадыня і пачала скардзіцца, абурацца. Казала, што гэта “дзяржава” вырыла каля яе дома кар’ер і таму там з’яўляецца смецце.

—   Дайце мне бульдозер, і ўсё ўбярэм, — сказала жанчына. – А так у нас усё ў парадку.

Гэта было сказана так, быццам у старшыні Рубельскага сельвыканкама ў гаражы стаіць свой асабісты бульдозер і яна яго выдзяляе людзям. Спрачацца з жанчынай не сталі. У гэтым выпадку гаспадаркай займуцца прыродаахоўныя службы.

У цэлым і Рубель, і Хатомель пакідаюць прыемнае ўражанне. Відаць, што людзі зацікаўлены ў добраўпарадкаванні сваіх тэрыторый. Але вось жыхарам Хатомеля трэба ў бліжэйшы час крыху падцягнуцца, каб дагнаць Рубель.

Аляксандр

НІКІФАРЭНКА

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *