Пра металакаркасы, перац, таматы і мінвату

Васіль Пятровіч Чынікайла разважлівы і гаваркі чалавек, які любіць эксперыментаваць, імкнецца спрабаваць новыя спосабы земляробства, вырошчвання новых культур, каб зарабіць на сваю вялікую сям’ю і разам з тым паменшыць працазатраты.

Жыве ён у аграгарадку Альшаны. Усё сваё жыццё займаецца вырошчваннем агародніны. Ужо наўрад ці можна падлічыць, колькі тон агуркоў, капусты, таматаў вырасціў ён на сваім прыся-дзібным участку.
У мінулым годзе паставіў на сваім агародзе металакаркасную цяпліцу. Напачатку яна была расадніцай, у якой вырошчвалі таматы, агуркі, перац. Дарэчы, перац ён паспрабаваў вырошчваць упершыню ў закрытым грунце. Пасля таго, як расада накіравалася на сваё пастаяннае месцажыхарства – у іншыя парнікі, у металакаркасным месца заняў перац. Ужо ў канцы чэрвеня з’явіліся першыя плады, якія не было куды рэалізаваць….
– Бывала такое, што вывезу скрыні з такім вялізным прыгожым перцам на рынак, стаю цэлы дзень, а ніхто не бярэ. Завяне перац і выкідаю. Ведаў, што ў той час на рынку ў Ждановічах на яго цана была 60 тысяч. Мне б хаця па 30, але пакупнікоў не было, – расказвае Васіль Пятровіч.
Але пасля некалькіх такіх няўдалых спроб знайшоўся аптовы пакупнік, які ўвесь сезон набываў у Чынікайлаў перац. Ды яшчэ і большую цану даваў, чым іншым, бо надта прыгожай была агародніна.
Сёлета Васіль Чынікайла паставіў на сваім агародзе замест старой новую металакаркасную цяпліцу на 7 сотак. Гэта стала магчымым дзякуючы падтрымцы праекта ExNet – сродкі выдзеліла Сетка агароднікаў Століншчыны.
Васіль Пятровіч праводзіць па сваіх уладаннях, паказвае цяпліцу, якая мае сучасны выгляд, расказвае пра ацяпленне па перыметры і паміж радамі. У гэтым годзе ў новым парніку растуць таматы. Усё для гэтай культуры падрыхтавана: ацяпленне зроблена, зямля прагрэта. У металакаркасных канструкцыях лягчэй захаваць плёнку цэлай без дзірак – іх быць не павінна. Такое проста немагчыма ў драўляных цяпліцах, дзе дзіркі робіш сам, каб прыбіць штапікі, у некаторых месцах плёнка чапляецца за драўніну і рвецца.
Металічны парнік накрыты шматгадовай плёнкай. Мяне зацікавіла: а як наконт таго, што зямля павінна перамярзаць зімою, назапашваць вільгаць? На што мой субяседнік разваж-ліва стаў прыводзіць прыклады. Канешне, добра, калі зямля перамерзне, тады менш шкоднікаў і захворванняў, але ж самае галоўнае – гэта змена культур. Хаця парнік гэтага года ён усё ж сканструяваў так, што яго можна бу-дзе раскрываць, згортваючы плёнку паміж дугамі цяпліцы (лепш зразумела на фота).
– Вось быў у Закарпацці. Там адразу вырошчваюць раннюю капусту, а пасля перац. Адбываецца чаргаванне. Дзякуючы гэтаму капуста не так моцна пакутуе ад кілы. Мы штогод садзім на адных і тых жа землях капусту і ў выніку многа страчваем ад заражэння кілой. Там жа штогод садзяць капусту, але за адзін год ідзе чаргаванне – капуста-перац, – гаворыць Васіль Пятровіч.
Правялі мяне гаспадары ў сваю цяпліцу-расадніцу. Як і летась, зараз там расада агуркоў, перцу, таматаў. Праз некаторы час усё гэта будзе высаджана на пастаяннае месца, а тут застанецца толькі адна культура.
Дзіву даешся маштабнасці і якасці расады, а пасля на вочы трапляецца нешта накшталт ложка, на якім гаспадару даводзіцца праводзіць ноч, каб атапіць гэтае вялікае памяшканне.
У планах Васіля Чынікайлы вырошчванне агародніны на мінеральнай ваце. Пакуль ён вагаецца, прыцэньваецца, але добра разумее, што такі спосаб вырошчвання агародніны дапаможа сэканоміць на апрацоўках ад шкоднікаў і захворванняў, не будзе забруджваць зямлю шкоднымі рэчывамі.
Мінвата праграваецца хутчэй, чым зямля, таму эканомія будзе і на ацяпленні.
Таццяна СЕГЕН
Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *