Памятаць, каб жыць

Выстаўкай “Памяць зямлі” народнага майстра Беларусі Івана Піліпавіча Супрунчыка адкрыўся цыкл раённых мерапрыемстваў, прысвечаных 30-годдзю аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі.  Вернісаж адбыўся ў выставачнай зале раённага цэнтра ў мінулую пятніцу.

Адкрываючы выстаўку, намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Сяргей Фёдаравіч Сідарэвіч падкрэсліў, што наша краіна на працягу 30 гадоў мэтанакіравана выдаткоўвае сродкі на ліквідацыю наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. На Століншчыне 45 населеных пунктаў аднесены да зоны радыеактыўнага забруджвання. З наступствамі чарнобыльскай аварыі  змагаюцца ва ўсіх сферах грамадскага жыцця. У сельскай гаспадарцы зроблена ўсё, каб мець чыстыя кармы для жывёлы і атрымліваць чыстую прадукцыю для харчавання. Вялікія сродкі вылучаюцца на аздараўленне і харчаванне дзяцей. Толькі ў мінулым годзе на гэтыя мэты выкарыстана адпаведна 45 і 25 мільярдаў рублёў.

Іван Піліпавіч Супрунчык сваімі творамі, мастацкімі вобразамі адлюстроўвае тое, што адбылося 30 гадоў назад на Чарнобыльскай АЭС. На яго малюнках можна ўбачыць, што адбывалася з людзьмі ў першыя дні пасля аварыі,  што робіцца ў вёсках, якія адселены, імкнецца пазнаць чалавечыя душы.

Пра кожную з карцін альбо драўляных скульптур Іван Піліпавіч можа расказваць бясконца. На адкрыцці выстаўкі ён правёў невялічкую экскурсію па сваіх творах, расказаў, які сэнс  укладзены ў кожную з іх, што сімвалізуе кожная дэталь.

У творах Івана Піліпавіча мы сустракаем бусла – птушку, з якой аўтар параўноўвае  Беларусь і    ўвогуле   душы    людзей атаесамляе з птушкамі. Ён заклікае шанаваць продкаў, бо гэта аснова жыцця. Як і хлеб, агонь і вада, якім заўсёды пакланяўся чалавек.

З адкрыццём персанальнай выстаўкі Івана Піліпавіча вітаў начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Васіль Заруба.

Да мерапрыемства  падрыхтавана выстаўка літаратуры «Вечнае рэха Чарнобыля». Музычнае афармленне стваралі выхаванкі Рэчыцкай дзіцячай школы мастацтваў – удзельніцы міжнародных і абласных конкурсаў у намінацыі “Баян/акардэон” Дар’я Гізун і Вікторыя Дзенісовіч.

Для  прагляду  выставачная  зала  адчынена  штодзённа, акрамя панядзелка і аўторка, з 9.00 да 18.00 гадзін, перапынак з 13 да 14 гадзін.

Галіна ГАШЧУК

Фота аўтара

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *