Намеснік прэм`ер-міністра на Століншчыне

13 красавіка на Століншчыне з рабочым візітам пабываў намеснік прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Міхаіл Іванавіч Русы. У паездцы па раёне яго суправаджалі старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатоль Васільевіч Ліс і старшыня Столінскага райвыканкама Рыгор Васільевіч Пратасавіцкі.
Асноўная мэта паездкі – вынікі выканання даручэнняў, дадзеных Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам у ходзе яго наведвання раёна ў 2014 годзе. У аграгарадку Альшаны за гэты перыяд выкананы велізарны аб’ём работ па забеспячэнні пітной вадой і прыродным газам, будаўніцтве лагастычнага цэнтра, спарткомплексу, сярэдняй школы, рэканструкцыі фермы “Круглае”.
У ходзе паездкі адбылося знаёмства з ходам веснавых палявых работ у КСУП “Прыпяць-2009”, намаганнямі сельгаспрадпрыемстваў па забеспячэнні неабходнай колькасцю мінеральных угнаенняў, паліва. Было адобрана імкненне пры правядзенні ў раёне сяўбы не адыходзіць ад вырошчвання высокарэнтабельных тэхнічных культур.
Пайшла размова аб забеспячэнні высокай якасці меліярацыйных работ. Абмеркаваны рабочыя моманты інжынернай абароны аб’екта “Юнішча” з дапамогай дамбы і помпавай станцыі.
Яшчэ адна тэма – развіццё ў раёне фермерскіх гаспадарак. Намеснік прэм’ер-міністра пазнаёміўся з перспектывамі фермерскіх гаспадарак “Опыт и К”, “Альшаны”, “Брадок”, ПГУП “Полесские пряности”. На прыкладзе фермерскай гаспадаркі “Опыт и К”, на базе якога нядаўна пабудавана новая малочнатаварная ферма з перспектывай на пачатак лета даення 600 кароў, прапанавана развіваць буйныя фермерскія гаспадаркі, якія здольны эфектыўна выкарыстоўваць зямельныя ўгоддзі, развіваць жывёлагадоўлю.
Фёдар ШУМКО
Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *