Мясцовыя эксперыменты

У нашым раёне прайшоў семінар «Падтрымка і развіццё мясцовых ініцыятыў у аграбізнесе: вопыт Столінскага раёна». Удзел у семінары прынялі прадстаўнікі ад уладальнікаў асабістых падсобных гаспадарак, якія займаюцца вытворчасцю агародніны, асацыяцыі FERT з Францыі, Столінскага райвыканкама.
Напачатку намеснік началь-ніка аддзела эканомікі райвыканкама Эдуард Фёдаравіч Бруцкі расказаў пра ролю прыватнікаў у эканоміцы Столінскага раёна. Ён падкрэсліў, што ў апошнія гады назіраецца рост падаткаў ад суб’ектаў малога бізнесу. Эдуард Фёдаравіч сказаў, што ў 2015 годзе валавая вытворчасць сельгаспрадукцыі ў фермерскіх гаспадарках склала 15 працэнтаў ад агульнай колькасці па раёне.
Дырэктар Цэнтра сельскага развіцця Віктар Міхайлавіч Велясніцкі прывёў лічбы: 10 тысяч сем’яў у раёне займаюцца агародніцтвам. У мінулым годзе уладальнікі прысядзібных гаспадарак вырасцілі і рэалізавалі агародніны на суму каля 50 млн долараў ЗША. Ён гаварыў аб праекце “Сетка агароднікаў па эксперыментаванні, абмене і распаўсюджванні інфармацыі (ExNet)”. Са сродкаў праекта ўжо шмат падтрымана ініцыятыў вяскоўцаў па тэхналагічным эксперыментаванні і кааперацыі.
Пасля было знаёмства з рэалізаванымі і рэалізуемымі ініцыятывамі агароднікаў. Жыхарка Рамля Марыя Васільеўна Пашкевіч расказала пра эксперымент “Прымяненне выпаральніка серы для барацьбы з грыбковымі хваробамі”. Ірына Міхайлаўна Чэчка з Альшан гаварыла пра ініцыятыву, скіраваную на паляпшэнне мінеральнага харчавання агуркоў, для чаго спрабавалі выкарыстоўваць угнаенні, зробленыя на аснове амінакіслот. Павел Траццякевіч з Вялікага Малешава расказаў, якія вынікі і ўрокі даў эксперымент з прымяненнем дадатковага асвятлення ў расадніцах. Яўген Васільевіч Гермаш з Мачуля і Сяргей Мікалаевіч Андрэйкавец з Рамля падзяліліся інфармацыяй, як эксперыментуюць з вадзяным ацяпленнем для павышэння эфектыўнасці абагрэву парнікоў. Укараненнем металакаркасных парнікоў займаюцца тры чалавекі. Аб гатым гаварыў жыхар Альшан Васіль Пятровіч Чынікайла. Іван Пятровіч Чынікайла з Альшан расказаў пра эксперымент, скіраваны на атрыманне ранніх дэтэрмінантных таматаў, якія ў гэтым годзе некалькі агароднікаў будуць вырошчваць у плёначных тунелях. Іван Каральчук з Беражнога ўдзельнічае ў рэалізацыі 2-х эксперыментаў: вырошчванні азімай цыбулі і кавуноў.
Пры падтрымцы праекта таксама рэалізуюцца і кааператыўныя ініцыятывы. Невялікія групы агароднікаў сканцэнтраваліся на набыцці і сумесным выкарыстанні неабходнай сельскагаспадарчай тэхнікі.
Прадстаўнікі асацыяцыі FERT дзякавалі за ўдзел у цікавай размове і гаварылі пра вопыт французскіх і еўрапейскіх фермераў.
Таццяна СЕГЕН
Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *