Міні-«Міс Палясяначка і містэр Паляшук»

У нядзелю, 27 сакавіка ў Рэчыцкім доме культуры прайшло дзіцячае свята-конкурс на званне “Міні-міс Палясяначка” і “Міні-містэр Паляшук”. Гледачоў сабралася столькі, што ў зале не засталося ніводнага вольнага месца.
Вядучыя запрасілі прысутных ацаніць самых маленькіх канкурсантаў р. п. Рэчыца, якім споўнілася ад чатырох да пяці з паловай гадоў, і прадставілі журы ў складзе галоўнага спецыяліста аддзела адукацыі, спорту і турызму Людмілы Іванаўны Буйніч, галоўнага бухгалтара Рэчыцкага сельскага Савета Іны Іванаўны Патрубейка і настаўніка тэорыі Столінскай дзіцячай школы мастацтваў Ніны Сцяпанаўны Берасневай. Прыйшла прывітаць канкурсантаў “Міс Дзюймовачка — 2004 года” Ніна Родзіна. Дзяўчына пажадала канкурсантам самага галоўнага — веры ў свае сілы, поспехаў і перамогі незалежна ад тытула.
І вось на сцэне з’явіліся пары ўдзельнікаў мерапрыемства – гэта Кірыл Кецька і Таццяна Шульжык (рэчыцкі яслі-сад № 4), Раман Краўцоў і Анфіса Дабрыянец (рэчыцкі яслі-сад № 2), Ягор Стрыбулевіч і Мілана Казеня (рэчыцкі яслі-сад № 3). Юныя канкурсанты прадэманстравалі самыя разнастайныя межы свайго таленту і фантазіі падчас першага конкурсу “Візітная картка”. Яны расказвалі пра сябе ў вершаваных і песенных формах у суправаджэнні мультымедыйнай прэзентацыі. Жартавалі і весялілі гасцей, заяўлялі сваё гучнае “я” і адстойвалі сваю індывідуальнасць, сарамліва віталіся і ўпэўнена сябе характарызавалі. Пасля парадавалі творчай выдумкай падчас падарожжа ў краіну казак. Здзівілі “маленькія таленты” сваім майстэрствам і артыстызмам у трэцім конкурсе “Віват, артыст!”. Гучалі песні ў іх выкананні, якія перамяжоўваліся са сцэнічнымі пастаноўкамі. І пра сучасныя танцы яны не забыліся.
Канкурсанты робяць аплікацыі з паперы, лепяць з пластыліну і салёнага цеста, плятуць з бісера, працуюць з прыродным матэрыялам, разам з дарослымі ператвараюць звычайныя рэчы ў сапраўдныя цуды. Іх работы прадстаўлены ў фае Дома культуры для чацвёртага конкурсу “Востраў падзелак” і аб’яднаны агульнай тэмай “Кляновы ліст Беларусі”. Канкурсанты падрыхтавалі дэфіле бальных сукенак для конкурсу “Мы прыехалі на баль”.
Падчас мерапрыемства гучалі музычныя нумары ў выкананні Міраславы Багацька, Дашы Гамянюк, Паліны Лапінай, а песню “Танцуй со мной” выканалі ўдзельнікі вакальнага ансамбля “Музыкальная капель” (кіраўнік Калавур А. В.). Свае танцавальныя нумары “Танец на пуантах”, “Крыжачок”, “Барыня”, “Чардаш” адрасавалі гледачам удзельнікі ансамбля танца “Карамель”. Парадавалі сваім крэатывам і майстэрствам казачныя героі ў выкананні работнікаў Дома культуры.
«Міс Зачараванне” атрымала Шульжык Таццяна, “Містэр Зачараванне” – Кецька Кірыл. “Міс Талент” прызнана Казеня Мілана, а “Містэр Талент” — Краўцоў Раман. Гледачы вырашылі, што званне “Міс глядацкіх сімпатый” павінна насіць Казеня Мілана, а “Містэрам глядацкіх сімпатый” названы Стрыбулевіч Ягор. “Міні-міс Палясяначка” стала Дабрыянец Анфіса, а “Міні-містэр Паляшук” – Стрыбулевіч Ягор. Усе канкурсанты атрымалі дыпломы ўдзельнікаў, свае заваяваныя тытулы і памятныя падарункі.
Усе арганізатары мерапрыемства — работнікі Рэчыцкага дома культуры, прадстаўнікі дашкольных устаноў адукацыі, бацькі ўдзельнікаў конкурсу – выказваюць падзяку за аказаную спонсарскую дапамогу па набыцці прызоў і падарункаў для ўдзельнікаў конкурсу індывідуальным прадпрымальнікам Наталлі Арсяновіч, Аляксандру Андрыяшку, Аляксандру і Вользе Малахвеям, Уладзіміру і Дане Бабенкам, а майстрысе Праскоўі Паўлаўне Палукошка з Альман — за выраб карон для пераможцаў конкурснай праграмы.
Людміла КАСПЯРОВІЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *