Ліквідатары: На лініі агню

У Столінскім раёне статус удзельнікаў ліквідацыі вынікаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС атрымалі 85 чалавек. Большасць з іх у першы перыяд пасля аварыі змагаліся з бядою ў непасрэднай блізкасці ад рэактара, які выбухнуў 26 красавіка 1986 года. Адзін з іх – Валерый Паўлавіч Краўчанка, якому тады споўнілася трыццаць гадоў.

Калі грымнуў рэактар на Чарнобыльскай АЭС, Валерый Паўлавіч Краўчанка працаваў вадзіцелем у Столінскім лясгасе. Здаецца, у той час яго нічым не ўстрывожыла гэтая трагедыя, ён быў далёка ад месца трагічных падзей. Тым не менш катастрофа няўмольна ўвайшла ў яго жыццё, блізка закранула лёс.

Валерый Паўлавіч на аўтамабілі ЗІЛ-133 займаўся перавозкай драўніны з дзялянак, выконваў таксама заданні па дастаўцы грузаў па краіне. У пажаранебяспечны перыяд змагаўся з агнём, працуючы на пажарнай машыне.

Як і ўсе землякі, пра чарнобыльскую бяду даведаўся ў першыя майскія дні 1986 года. Інфармацыя была стрыманай, а яе галоўны сэнс – з пагрозай спраўляюцца, небяспека лака-лізавана.

Добра памятае той момант, калі яго выклікаў дырэктар Павел Рыгоравіч Пешка і прапанаваў:

— На Гомельшчыне гараць тарфянікі, а з улікам блізкасці ад Чарнобыля трэба чым найхутчэй патушыць пажар. Вырашана паслаць туды лепшых працаўнікоў, бо работа будзе складанай і адказнай. Справа дзяржаўнай важнасці. Думаю, ты не падвя-дзеш!

– І там, у Нараўлянскім раёне Гомельскай вобласці, — успамінае Валерый Паўлавіч, — мы і займаліся толькі тушэннем пажараў, у асноўным – на тарфяніках і ў лясах. Праўда, пры гэтым даводзілася набліжацца да Чарнобыльскай АЭС на даволі блізкую адлегласць…

Гэта цяпер, з вышыні трыццаці гадоў, можна ў пэўнай ступені меркаваць пра рэальную небяспеку, рызыку для здароўя і жыцця, якія чакалі перадавога вадзіцеля лясгаса ў надзвычайнай камандзіроўцы. А тады гэта была проста работа.

Ранкам атрымлівалі нарад і накіроўваліся разлікамі на месца, дзе агонь нішчыў лес і тарфянікі. Імкнуліся і тушыць агонь, і не даваць яму распаўсюджвацца далей. Удавалася рабіць гэта з пераменным поспехам. Асабліва складана было спраўляцца з палаючымі тарфянікамі. Але пажарныя не адступілі, утаймавалі стыхію.

Людзей з мясцовых у 30-кіламетровай зоне ўжо не засталося. Успамінаецца, як зайшлі ў адзін з двароў адселенай вёскі Белая Сарока, а ў пакінутым доме гадзіннік на сцяне яшчэ адлічвае час, хаця гаспадароў ужо не было…

Дахаты вяртаўся стомленым, але з пачуццём выкананага задання. Потым даведаўся, што і са Століншчыны з некаторых населеных пунктаў таксама пачалі высяляць людзей.

Успамінае, як здзівіліся медыкі ў час яго абследавання на прыборы ЛІЧ, што ў яго такая высокая доза назапашвання радыенуклідаў. Прайшоў адзін раз аздараўленне ў санаторыі “Алеся”.

Валерыў Паўлавіч цяпер працуе вадзіцелем у райплемстанцыі. Даводзіцца бываць па ўсім раёне.

Фёдар ШУМКО

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *