«Кірмаш здароўя» ў Альманах

1420744186У нашым раёне правядзенне “Кірмашоў здароўя” – традыцыйная форма інфармацыйна-асветніцкай работы спецыялістаў з насельніцтвам, якое пацярпела ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

Чарговы “Кірмаш здароўя” на гэты раз прайшоў у вёсцы Альманы, адным з чатырох населеных пунктаў, якія аднесены да зоны з правам на адсяленне. У мясцовай сярэдняй школе сабраліся дзясяткі людзей, сярод якіх большасць – моладзь. Паколькі час аддаляе нас ад таго тра-гічнага выбуху на ЧАЭС, у памяці многіх сціраецца адчуванне вастрыні небяспекі. Практычна новае пакаленне таксама павінна ведаць, як паводзіць сябе на апаленай бядою зямлі, як зберагчы здароўе.

Адкрываючы “Кірмаш здароўя”, намеснік галоўнага ўрача Столінскай цэнтральнай раённай бальніцы Раіса Аляксееўна Місюра адзначыла, што ў нашым раёне, у тым ліку і ў Альманах, за мінулыя гады зроблена многае, каб мінімізаваць вынікі катастрофы на ЧАЭС. Былі выкарыстаны значныя грашовыя і матэрыяльныя рэсурсы, праведзена вялікая растлумачальная работа. Аднаўленне забруджаных зямель, здаровае і правільнае харчаванне людзей дазволілі значна зменшыць уплыў радыяцыі на здароўе насельніцтва, палепшыць якасць жыцця. Калі ў першы перыяд пасля катастрофы ў Альманах у 250 чалавек была выяўлена сярэднегадавая эфектыўная доза апраменьвання больш за 1 мЗв, дык цяпер гэтага не назіраецца  ні ў аднаго чалавека.

У ходзе “Кірмашу здароўя” жадаючыя змаглі атрымаць кансультацыю ўрача-гінеколага Юрыя Яраслававіча Мацвейчыка, урача-ўролага Сяргея Мікалаевіча Віршыча, псіхіятра-нарколага Уладзіміра Уладзіміравіча Трапца. Урач-эндакрынолаг Васіль Васільевіч Ерамейчык прапальпіраваў шчытападобную залозу жадаючых вяскоўцаў. Валеолаг Рыгор Іванавіч Карчэўскі наглядна паказваў, якую шкоду арганізму наносяць ужыванне тытуню і алкаголю. Пра асаблівасці радыяцыйнай абстаноўкі ў Альманах расказваў памочнік урача-гігіеніста Столінскага райЦГіЭ Анатоль Пятровіч Сычэвіч.

Практычныя рэкамендацыі па пражыванні на забруджаных радыенуклідамі тэрыторыях давалі спецыялісты навукова-даследчай установы “Інстытут радыялогіі” з Пінска.

Прадстаўнікі Пінскага спажывецкага таварыства па забеспячэнні таварамі і паслугамі “Альсімена” не толькі расказалі пра прынцыпы здаровага харчавання, а і наладзілі абследаванне на апараце ROFES, каб вызначыць функцыянальна-эмацыянальны стан, далі рэкамендацыі па ўмацаванні здароўя.

У спартыўнай зале была наладжана “Спартландыя”, у якой прынялі актыўны ўдзел вучні чатырох класаў.

Фёдар ШУМКО

Фота аўтара

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *