Ініцыятыва і прадпрыемлівасць: Да ўсяго з розумам

Яўген Гермаш – чалавек ініцыятыўны. У яго шэраг ідэй, якія ён хацеў бы ўкараніць у жыццё. Большасць з іх тычыцца земляробства, а дакладней – вытворчасці агародніны, з даходаў ад якой і жыве сям’я. Пра такіх людзей кажуць, што яны піянеры — гэта значыць, першыя спрабуюць нешта новае. Многія рэалізуемыя такімі людзьмі ідэі з’яўляюцца прыкладам для іншых, даюць старт новым адкрыццям і інавацыям, што накіравана на паляпшэнне якасці жыцця.
Яўген разам з жонкай Алай займаюцца вырошчваннем розных культур. Перавагу аддаюць агуркам і капусце. У большай ступені менавіта для агуркоў ён паставіў сёлета металакаркасную цяпліцу на пяць сотак.
– Некалі бычыў такія цяпліцы ў Мелітопальскім раёне Запарожскай вобласці Украіны, — расказвае Гермаш. – Для такой канструкцыі, як у мяне, лепш выкарыстоўваць плёнку шырынёй 16 метраў, каб не клеіць. Сёлета гэтую плёнку заказвалі з Польшчы. Як яна сябе пакажа і ці прастаіць як мінімум тры сезоны, — пакажа час. Але менавіта на гэта спадзяванні.
Вышыня цяпліцы 4,5 метра, шырыня – 10 метраў. Вялікія памеры адразу ставяць перад пытаннем: як яе накрыць. Ды і металічная канструкцыя, па якой, здаецца, складана хадзіць, таксама прымушае падумаць. Але мае апасенні Яўген адмятае. Крыць яе не так і складана. Мы звыклі, што драўляныя канструкцыі парнікоў ніжэйшыя. Гэта так, але на іх цяжэй нацягваць плёнку, якая чапляецца за драўніну, патрэбна прыбіваць. А тут, дзякуючы авальнай канструкцыі, плёнка сама ахінае парнік. Патрэбен толькі спрытны чалавек, які залезе на канёк і будзе цягнуць скручаную плёнку. Толькі б вецер не перашкодзіў.
Металакаркасная цяпліца першая ў вёсцы. Але гэта далёка не першая ідэя, рэалізаваная Яўгенам Гермашам. У 2011 годзе ён таксама першым у сваёй вёсцы пачаў “грэць зямлю” – правёў вадзяное ацяпленне пад глебай. Яму гэта вельмі спадабалася, нягледзячы на тое, што ў драўлянай цяпліцы штогод даводзіцца яго на зіму даставаць, а на вясну класці назад, каб не папсаваліся трубы. Спрабуе Яўген удасканаліць сістэму ацяплення ўвогуле, таму што ацяпленне паветра ў парніках з дапамогай “печак-буржуек” затратна па расходзе дроў, а таксама патрабуе вельмі шмат часу на догляд ноччу. У адным з парнікоў летась зманціраваў сістэму вадзянога ацяплення, а ў гэтым годзе эксперымент прадоўжаны, у сістэму дабаўляюцца цеплавентылятары. Такую ідэю падгледзеў у Століне ў чалавека, які прымяняе такое абсталяванне для абагрэву вытворчага памяшкання. Убачыўшы прыстасаванні для падагрэву паветра, адразу вырашыў прымайстраваць іх для вырошчвання агародніны.
Мяне зацікавіла, ці не нашкодзіць падглебавае ацяпленне карнявой сістэме раслін? Аказалася, што можа. І такое здаралася ў іншых землеўладальнікаў, бо імкнуліся нагрэць як мага больш, а да ўсяго патрэбна падыходзіць з розумам.
У цяпліцы Яўгена стаіць вялізны кацёл, ад якога паступае гарачая вада па ўсіх трубах. Ён мае дзве помпы. З вечара гаспадар падагравае грунт, а потым выключае падглебавае ацяпленне. Дзякуючы цёплай зямлі агурок добра развіваецца і менш хварэе.
Яшчэ на сваім участку Гермаш Яўген эксперыментаваў з вырошчваннем капусты брокалі ў другім севазвароце. Высяваў насенне ў канцы ліпеня безрасадным спосабам. І вынікам застаўся вельмі задаволены. У мінулым годзе ў яго пад гэтым новым відам капусты для беларускіх агароднікаў было 2,5 соткі. Вырошчваць спадабалася. Ніякіх вялікіх цяжкасцяў не было. Апрацоўка, паліў і праполка. Толькі патрэбна сачыць, каб своечасова зрэзаць галоўкі, якія ў гэтай расліны вельмі хутка зацвітаюць. Рэалізоўваў брокалі самастойна. У асноўным вывозіў на восеньскія кірмашы. Разам з брокалі вырошчваў на продаж і квяцістую капусту.
– Для барацьбы з гніллю, грыбковымі захворваннямі эксперыментавалі з выпаральнікам серы, другая назва прыбора — сульфуратар. Вынікі не адназначныя. Напрыклад, сям’я Пашкевічаў з Рамля вельмі задаволена, а я прадаўжаю эксперыментаваць.
Вярнуся яшчэ раз да металакаркаснай цяпліцы. Пакуль з боку ад яе стаіць новы магутны кацёл на 120-130 кВт. Ацяпленне плануецца пад зямлёю і па перыметры. Пад глебай ужо ляжаць пластыкавыя трубы.
– Позна ў гэтым годзе набылі плёнку. Каб крыху раней, то зараз у мяне ў металакаркаснай цяпліцы расла б радыска і ранняя капуста. Пасля пасадзіў бы агуркі. На наступны год так і буду рабіць. Такая цяпліца не павінна пуставаць, — дзеліцца планамі Гермаш.
Ён з азартам расказвае пра выкарыстанне для накрыцця цяпліц двайной плёнкі, паміж слаямі якой запампоўваецца цёплае паветра. Такія тэхналогіі, якія дазваляюць эканоміць цяпло, Яўген Гермаш таксама бачыў ва Украіне.
У час майго візіту на сядзібу Гермашаў у іх кіпела работа. Яўген займаўся мантажом ацяплення. Большасць работы па ўстаноўцы металакаркаснай цяпліцы рабіў самастойна. Як і практычна ўсю работу ў цяпліцах і ў полі сям’я Гермашаў імкнецца зрабіць сваімі сіламі.
Таццяна СЕГЕН
Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *