Иду да пастаўленай мэты

На падставе рашэння райвыканкама вучню 11 класа сярэдняй школы № 2 р. п. Рэчыца Міхаілу Мальцаву прысвоена званне “Малады чалавек года – 2015”  у галіне адукацыі і навукі.

 Міхаіл выхоўваецца ў мнагадзетнай сям’і. Бацька, Віктар Міхайлавіч, працуе вадзіцелем у ПМК-62. Маці, Наталля Міхайлаўна, – настаўнік гісторыі ў СШ № 2 р. п. Рэчыца, але зараз знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску і займаецца выхаваннем дзесяцімесячнай Марыі. У сёмым класе вучыцца брат Максім.

Міхаіл  актыўна ўдзельнічае ў жыцці школы і класа. Вольны час праводзіць разам са сваім найлепшым сябрам Сяргеем Таляронкам за заняткамі спортам. Яго сябар – пагранічнік. Таму і Міхаілу цікава паспрабаваць свае сілы падчас  трэніровак. Тым больш, што для выпускніка школы вельмі важна трымаць сябе ў добрай фізічнай форме, бо ён мае на мэце паступіць на ваенны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі.  А парады сябра заўсёды прыходзяцца  да часу і маюць для маладога чалавека сваю вагу.

– У 11 класе не можа быць ніводнай лішняй вольнай хвілінкі, – гаворыць Міхаіл. – Заняткі ў школе, рэпетытарства, дадатковыя заняткі, пошукі карыснай інфармацыі ў інтэрнэце, а апошнім часам – і  разнастайныя  тэсціраванні  на  выяўленне  прафесійнай прыдатнасці. Я для сябе дакладна вызначыў, кім хачу стаць, таму і іду да пастаўленай мэты, тым больш, што часу засталося вельмі мала, а яшчэ столькі патрэбна паспець зрабіць…

 Міхаіл цікавіцца матэматыкай, фізікай, інфарматыкай. Яму падабаецца праводзіць разнастайныя эксперыменты,  ставіць доследы, дабівацца чакаемага выніку ці, наадварот, спрабаваць яшчэ і яшчэ, пакуль не атрымаецца жадаемае альбо малады чалавек не выправіць усе свае памылкі шляхам проб і дапрацовак. Можа таму Міхаіл Мальцаў неаднаразова прымаў удзел у алімпіядах на школьным, раённым і абласным узроўнях, раённым этапе  інтэлектуальных гульняў “Што? Дзе? Калі?”, а таксама  ў выхаваўчых мерапрыемствах, якія ладзіліся ў школе.  Ён прызнаецца, што за свае старанні мае ўзнагароды, бо даводзілася займаць і прызавыя месцы. Міхаіл Мальцаў на кожную прапанову прыняць удзел у якім-небудзь мерапрыемстве дае толькі станоўчы адказ. Ён не памятае, каб хоць раз давялося адмовіцца, бо прызнаецца, што заўсёды цікава даведацца пра штосьці новае, параўнаць сябе з вучнямі з іншых школ і зрабіць адпаведныя высновы для сябе.

– У нашым класе пануюць сяброўскія ўзаемаадносіны, таму і вучыцца лёгка, – расказвае Міхаіл. – Мы ўсе падтрымліваем адзін аднаго. Вялікую ролю ў аб’яднанні класа мае класны кіраўнік: спачатку  – Наталля Міхайлаўна Мальцава, а цяпер –  Алена Уладзіміраўна Карповіч.

Міхаілу вельмі падабаецца ўдзельнічаць у навукова-практычных канферэнцыях. Ужо некалькі гадоў запар ён пад кіраўніцтвам настаўніка фізікі Кірылы Васільевіча  Мяснікова рыхтуе праекты сумеснай даследчай дзейнасці. Іх цікавіла работа сонечных батарэй, ветракоў, выкарыстанне энергіі дарогі, усяго таго,   што  спрыяла  б  эканоміі  электраэнергіі ва ўстанове адукацыі. А яшчэ юнаку падабаецца набываць новыя веды па матэматыцы. За гэта вучань удзячны настаўніку матэматыкі Надзеі Васільеўне Трушко.

Міхаіл з сумам гаворыць, што хутка прыйдзецца пакінуць школу, аднакласнікаў, але трэба імкнуцца  да сваёй мэты.

Жадаем Міхаілу Мальцаву поспехаў і плёну ў вучобе!

Тэкст і фота Людмілы КАСПЯРОВІЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *