Дарыць свята – наша жаданне

Што ні кажыце, а наша Палессе багата на таленты! У кожным, нават самым невялічкім куточку, знойдуцца людзі, якія ўражваюць сваёй самабытнасцю і творчасцю. Якіх, здаецца, слухаў бы і слухаў, якія могуць узняць настрой адным толькі словам. Не- здарма ж яны завуцца палешукамі!

Менавіта такія людзі ўвахо-дзяць у народнае аматарскае аб’яднанне аматараў гумару і песні “Моства” Мачульскага дома фальклору, якім ужо амаль дзесяць гадоў кіруе Ніна Фёдараўна Дабрынец. Жанчына надзвычай цікавая і справай сваёй апантаная. І якое ж было маё здзіўленне, калі даведалася, што беларускім аўтэнтычным фальклорам займаецца карэнная расі-янка? Аказваецца, сама Ніна Фёдараўна родам з Яраслаўскай вобласці, дзе жыла і вучылася. Прывёз на Палессе яе муж Аляксей Рыгоравіч, які падчас сваёй вучобы ў Яраслаўскім політэхніч-ным інстытуце заўважыў вясёлую і прывабную дзяўчыну.

—        Ведаеце, за ўсе 26 гадоў, што жыву тут, заўсёды буду ўдзячна лёсу. Захапляюся людзьмі, якія тут жывуць. Яны настолькі шчырыя, простыя і ашчадна ставяцца да мінулага сваіх продкаў. Як мага лепш падыходзіць прымаўка: не месца ўпрыгожвае чалавека, а чалавек – месца.  Памятаю, калі вучылася на рэжысёрскім аддзяленні Яраслаўскага каледжа культуры, мы праходзілі царкоўныя прастольныя святы. І як жа здзівілася, што тут яны дагэтуль адзначаюцца! Захаваліся тут і сапраўдныя народныя сукенкі, у якіх мы  выступаем. А колькі народнага гумару, народных традыцый і звычаяў? Грэх было не выкарыстаць гэтае багацце. Так і з’явілася “Моства” – клуб аматараў гумару і песні, у якім сабраліся, не пабаюся гэтага слова, народныя артысты.

Моства – назва рачулкі, якая цячэ паблізу Мачуля. А яшчэ Моства сімвалізуе мост паміж пакаленнямі. Ды і не дзіўна, бо ўдзельнікамі клуба з’яўляюцца людзі як старэйшага пакалення, так і моладзь, якая згодна абараніць гонар самай вясёлай вёсачкі. Можа таму, дзе б ні выступалі аматары гумару і песні, яны заўсёды знойдуць сваіх гледачоў. На гэта ёсць свой сакрэт: у пастаноўках “Моствы” кожны можа пазнаць ці сябе, ці свайго знаёмага, ці суседа. Любую жыццёвую сітуацыю артысты лёгка ператвараюць у вясёлую інтэрмедыю, бо ўпэўнены, што смех працягвае жыццё.

Вось кумачкі-галубачкі абмяркоўваюць нейкую навіну, сабраўшыся ля магазіна. Вось сумуе прымак, якому дрэнна жывецца ў цешчы. А там вясёлую песню зацягнулі дзве суседкі. Кожны нумар напоўнены палескімі жартамі, ды і ў сучаснага жыцця ёсць што цікавае пазычыць. Не цураюцца падгледзець штосьці і на прасторах інтэрнэта. Бывае, прыйдуць удзельнікі на рэпетыцыю, слова за слова — і гатова выступленне. І так падабаецца ім гэтая справа, што без цяжкасцяў у мінулым годзе на свяце “Журавінавая асалода” ў Альманах аматарскі калектыў “Моства” атрымаў званне народнага аб’яднання. Ніна Фёдараўна прызнаецца, што нават не хваляваліся, хаця паглядзець на іх артыстычнае майстэрства прыехала спецыяльнае журы з Брэста. У нашым раёне гэта першы, а ва ўсёй вобласці трэці калектыў, рэпертуар якога складаецца з гумарэсак і жартаўлівых пастановак і песен. Цудоўна адзначылі і свята вёскі Мачуль, якой споўнілася  500 гадоў. А на свята Пакроў, якое прастольнае тут, прыйсці на выступленне спяшаецца кожны жыхар, бо ведае: дадому пойдзе з цудоўным настроем. З дапамогай мясцовага кіраўніцтва ла-дзяцца на Пакрову і іншыя мерапрыемствы: лепшыя работнікі школ, сельскай гаспадаркі, ад-дзялення сувязі, гандлю ўзнагароджваюцца граматамі і падарункамі.  Паколькі вёска рыбацкая, вырашылі арганізаваць “Шчупаковы двор”: варылася рыбная юшка, пачаставацца якой маглі ўсе госці. На Масленіцу ўдзельніцы жаночага клуба “Лада”, які некалькі гадоў таму створаны пры Мачульскім доме фальклору, напяклі стос бліноў. А ўдзельнікі клуба аматараў гумару і песні пастараліся ўзнавіць усе традыцыі нашых прабабак.

Але ж хто з’яўляецца гэтымі самымі аматарамі гумару і песні народнага аб’яднання “Моства”? Усе ўдзельнікі — прадстаўнікі самых розных і зусім не творчых прафесій. З самага пачатку ўдзельнічае сямейнае трыа Ляшкевічаў. Аліна Іванаўна – паштальён, але як яна ўмее трымаць у захапленні гледачоў? Яе муж Аркадзь Уладзіміравіч і сын Юрый з задавальннем прадстаўляюць мужчынскую палову калектыву. Людміла Рыгораўна Логвінка мае сцэнічнае амплуа галоўнай кумы і з Вольгай Мікалаеўнай Пыталь яны выступаюць у пары, выклікаючы залівісты смех у зале. Аксана Іванаўна Ляшкевіч – прадавец у магазіне, але таксама знаходзіць вольную хвіліну і спяшаецца на рэпетыцыю. Яна не толькі жартуе, але і песні выконвае прафесійна. Бібліятэкар Эдуард Пятровіч Дабрынец з’яўляецца вядучым, што ў яго цудоўна атрымліваецца. Таксама ўсе гады з “Моствай” крочыць Аляксей Фёдаравіч Сядляр – настаўнік музыкі ў альшанскай  сярэдняй школе № 1. Пад яго баян гучаць народныя песні ды і сам ён рады пабываць у ролі якога каларытнага персанажа. Словы павагі заслугоўвае Ірына Мікалаеўна Ляшкевіч – кіраўнік узорнага дзіцячага калектыву “Згадка” Мачульскага дома фальклору. Менавіта ў ім “рыхтуюцца кадры” для “Моствы”. Ірына Мікалаеўна – чалавек сваёй справы, як і Ніна Фёдараўна, дбае пра духоўны свет людзей і да любога мерапрыемства падыходзіць з душой.

Маладое пакаленне прадстаўляюць Марыя Мальцэвіч, зараз навучэнка Столінскага каледжа, якая заўсёды знойдзе час для калектыву. А юнак з Рамля Васіль Мельнік працягнуў займацца творчасцю на прафесійным узроўні і зараз вучыцца ў Пінскім каледжы мастацтваў. Удзел у пастаноўках і інтэрмедыях прымалі дырэктар Мачульскай базавай школы Пётр Гаўрылавіч Кірэчка і старшыня сельскага Савета Пётр Васільевіч Шчучка. Анжэла Казіміраўна Ляшкевіч дапамагае ў розных выстаўках, якім таксама ёсць месца падчас выступленняў. Успамінае Ніна Фёдараўна, як яны прыдумалі фіта-бар зрабіць, каб кожны мог пачаставацца чаем з зёлкамі. Ды так госці паверылі ў чароўныя ўласцівасці, што адзін за адным беглі па цудадзейны напой!

Чакаюць і запрашаюць “Моству” не толькі ў нашым раёне, але і з калектывамі суседніх раёнаў  абменьваюцца візітамі.

– Ніна Фёдараўна,  “Моства” дасягнула такіх вяршынь! А якія вашы планы надалей?

– Мы шчыра ўдзячны ўсім людзям, якія падтрымліваюць нас і спяшаюцца на нашы выступленні. І калі гучаць смех і апладысменты, гэта як бальзам на душу. Шкада толькі, што даводзіцца нам зараз туліцца ў сценах школы, бо наш родны Дом фальклору зачынілі з-за прычыны аварыйнага стану. Вельмі спадзяёмся, што знойдзецца выйсце з гэтай сітуацыі. Мы жадаем тварыць, маем многа творчых задумак. І з задавальненнем будзем дзяліцца імі з нашымі любімымі гледачамі! Бо дарыць свята  – наша жаданне.

Ганна Мельнік

Фота аўтара

і Галіны ГАШЧУК

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *