Цаніць кожную шчаслівую хвіліну

На сакавік у Столінскім раёне налічваюцца 27 прыёмных сям’яў, 53 апякунскія сям’і і два дамы сямейнага тыпу (у першым выхоўваюцца сем дзяцей, а ў другім – пяць).
У адну з прыёмных сем’яў да Ларысы Паўлаўны і Расціслава Міхайлавіча Патрубейкаў наведаліся метадыст вучэбна-навучальнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму Людміла Анатольеўна Іспраўнікава, педагог-псіхолаг сацыяльна-педагагічнага цэнтра Столінскага раёна Алёна Валер’еўна Кудласевіч і карэспандэнт “НП”.
У Давыд-Гарадку на парозе двухпавярховага дома нас сустрэла прывабная жанчына і з прыемнай усмешкай запрасіла прайсці.
У доме чыста, утульна і спакойна. Гаспадары прыцягваюць да сябе сваёй дабрынёй і шчырасцю. Дзеці з цікавасцю пазіраюць на гасцей, але заняты сваімі справамі.
Сям’я Патрубейкаў – мнага-дзетная. І колькі трэба вытрымкі, цярпення, самаадданасці, душэўнай цеплыні, раўнавагі, каб выгадаваць, выпеставаць, выхаваць і вывесці на шырокую жыццёвую сцежку сваіх дзяцей, Ларысе і Расціславу Патрубейкам вядома не па чутках, а з асабістага вопыту. Трое іх дзяцей, — Настасся, Вераніка і Дзяніс — маюць ужо свае сем’і. Дзмітрый служыць у арміі, а Валерый вучыцца ў восьмым класе. Ларыса Паўлаўна прызнаецца, што дзеці – сэнс яе жыцця.
– Поўнасцю пераасэнсаваць жыццё, цаніць кожную хвіліначку і ведаць вартасць кожнага вымаўленага слова… Гэтаму я навучылася, калі жыццё дачушкі магло абарвацца ў адначассе, але сапраўдны цуд выратаваў яе, а разам з гэтым і я па-іншаму стала ўспрымаць рэчаіснасць.
Шмат прыйшлося перажыць Ларысе Паўлаўне з Расціславам Міхайлавічам: клопат пра будучыню дзяцей, іх паступленне і вучоба, будаўніцтва свайго прыватнага дома і тры вяселлі адно за адным, а пасля яшчэ праводзіны ў армію, але менавіта гэты вопыт дапамог у самыя цяжкія хвіліны.
Дзеці разляцеліся хто куды. З бацькамі застаўся толькі малодшы Валерый. І вось прыйшла думка, каб узяць на выхаванне дзетак з сацыяльнага прытулку. Нават не думка, а трэба было выканаць абяцанне, якое далі сабе, калі пачыналася будаўніцтва. Дом вялікі, то чаму б не падарыць сямейнае цяпло тым, хто гэтага пазбаўлены?
– Усе дзеці нас падтрымалі, — гаворыць Ларыса Паўлаўна. — А Валерый вельмі ўзрадаваўся, што будзе яму з кім гуляць. У сацыяльна-педагагічным цэнтры нам расказалі пра Сяргея, але адзначылі, што ў яго ёсць сястрычка. Мы вырашылі, што не будзем разлучаць брата з сястрой. Першы раз дзеці прыехалі да нас на выхадныя. Памятаю, як ім спадабалася і з якім сумам яны пакідалі наш дом. Напяклі з Наташай салодкасцяў, каб яна магла пачаставаць сяброў, але тыя слёзы, з якімі развітваліся, прымусілі нас хуценька вырашыць усе пытанні з дакументамі і вярнуцца, каб забраць дзяцей дадому. І Сяргей з Наталляй з першых дзён пачалі называць нас тата і мама. Яны адразу сталі нам роднымі. Канешне, лёгка не было…
– Першыя паўтара года было вельмі цяжка, — дадае Расціслаў Міхайлавіч. Сяргея з Наталляй патрэбна было ўсяму навучыць, выхаваць, паказаць станоўчыя прыклады, растлумачыць, чаму трэба рабіць так, а не інакш. Гадзінамі сядзелі, займаліся, тлумачылі. Калі жонка стамлялася, падключаўся я. І толькі той вопыт, які мелі за плячыма за гэтыя гады, у спалучэнні з настойлівасцю і непамерным цярпеннем далі свой станоўчы вынік. Бывалі выпадкі, калі здавалася, што ўсё, не вытрымаем, але думка: што ж тады будзе з Наташай і Сярожкам, – надавала сілы і прымушала працаваць дзеля іх, каб яны адчувалі сябе шчаслівымі.
Ларыса і Расціслаў Патрубейкі прызнаюцца, што многае залежыць і ад грамадства. Не раз прыйшлося чуць, што вялікія грошы даюць, па гэтай прычыне і ўзялі сабе на выхаванне дзяцей. Некаторыя стараліся падкрэсліць, што гэтыя дзеці не такія, як іншыя, імкнуліся нават прынізіць іх, ачарніць, але Ларыса Паўлаўна і Расціслаў Міхайлавіч заўсёды шукалі праўду ў любой сітуацыі, давяралі дзецям і стараліся іх падтрымаць, вырашыць канфлікты з дарослымі і ўсе непаразуменні ў класе.
Наталля і Сяргей Каржоўнікі выхоўваюцца ў сям’і Патрубейкаў ужо шэсць гадоў. Наталля вучыцца ў сёмым класе, Сяргей – у дзявятым. Бацькі прывучаюць іх да дысцыпліны, парадку, акуратнасці, адказнасці за даручаную справу і свае ўчынкі. Наталля і Сяргей, як і ўсе астатнія дзеці, стараюцца дапамагаць бацькам. У Сяргея выдатна атрымліваецца традыцыйны салат “Аліўе”, Валерый з радасцю гатуе бліны, а Наталля ўвогуле – першая памочніца маці.
– Мы стараемся дапамагаць адзін аднаму ва ўсіх сітуацыях, – гаворыць Ларыса Патрубейка. – Гэтаму ж і дзяцей вучым. На першым месцы заўсёды стаяць сям’я, яе інтарэсы. Усё, што неабходна, імкнемся да дзяцей данесці добрым і ласкавым словам. Хочацца, каб усе дзеці, калі вырастуць, з бацькоўскага гнязда паляцелі падрыхтаванымі да жыцця.
Добрыя ўзаемаадносіны падтрымліваюцца паміж усімі членамі сям’і без выключэння. Калі тэлефануюць старэйшыя, абавязкова цікавяцца справамі бацькоў і малодшых. А яшчэ на святы ў Патрубейкаў ёсць традыцыя ўсім збірацца разам у бацькоўскім доме: бацькі, дзеці, унукі.
Выхаванне дзяцей – гэта складаная, надзвычай адказная, штодзённая і карпатлівая праца, а людзям, якія ўзялі на сябе такую вялікую адказнасць, застаецца сказаць вялікі дзякуй за тое, што яны зрабілі шчаслівымі яшчэ два дзіцячыя сэрцы.
Людміла КАСПЯРОВІЧ
Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *