11 апреля — Международный день освобождения узников фашистских концлагерей

Кандалы і ланцугі ў вачах стаяць…

…Не адразу, крыху супакоіўся, можна сказаць, згрупаваўся, каб расказаць пра здзекі і пакуты, якія напаткалі ў гады ваеннага ліхалецця вязня фашысцкага канцлагера Марыю Васільеўну Бут-Гусаім. Не маглі пакінуць раўнадушным яе словы:
– Да канца дзён у вачах стаяць кандалы і ланцугі канцлагера. Гэта ж як трэба было нас баяцца, што два ўзброеныя гітлераўцы па баках вадзілі нас на работы з драўлянымі калодкамі на нагах і ланцугом, замацаваным на поясе!
Каго ж так ахоўвалі заўзятары новага еўрапейскага парадку? Аказваецца, пятнаццацігадовую дзяўчынку з далёкай палесскай вёсачкі Асавая, якая правінавацілася толькі тым, што не належала да арыйскай расы.
У далёкім 1943 годзе, калі Чырвоная Армія ўжо адбілася ад смяротнай навалы і паступова вяла вызваленчыя баі на тэрыторыі і Беларусі, у Асавой і навакольных вёсках Столінскага раёна захопнікі забіралі моладзь на прымусовыя работы ў Германію. Марыю падвяло тое, што яна была рослаю не па гадах, выглядала больш дарослаю на свае пятнаццаць гадоў. Дзе тут будзеш шукаць справядлівасць, нешта даказваць, калі прымусам прыгналі на паўстанак за вёскай, пагрузілі ў вагоны і адправілі на чужыну…
Спачатку яе разам з сотнямі іншых землякоў накіравалі на фабрыку ў горадзе Эсэн. Прымусілі абмотваць нейкія дэталі зброі перад адпраўкай іх з фабрыкі. Катаржная праца знясільвала, падалі з ног пасля кожнага дня. Не забудзецца шпінат з чарвякамі, які выдзялялі ў якасці ежы. Аднойчы Марыя з сяброўкай паскардзіліся брыгадзіру (так Марыя Васільеўна называе старэйшага наглядчыка ў цэху), што ў ежы многа чарвякоў. Калі сяброўка імкнулася патлумачыць гэта з выкарыстаннем нямецкіх слоў, дык Марыя на сваім дыялекце вымавіла:
– Няхай бы самі жэрлі гэтыя чарвякі!
Не чакала, што яе літаральна зразумее немец. У той жа дзень яе накіравалі за калючы дрот у канцлагер.
Там таксама была работа на вытворчасці ў падвалах прадпрыемства ваеннага прызначэння. Толькі знаходзілася яна пад пільным наглядам і пастаянна ў кандалах.
Бліжэй да Перамогі частымі сталі налёты авіяцыі саюзнікаў. З таго часу Марыя Васільеўна не можа чуць гуку самалётаў.
– Як пачую, што ляціць самалёт, – прызнаецца яна, – дык чакаю, што бомбы будуць падаць.
Як яна выжыла, не можа зразумець да гэтага часу. На тэрыторыі канцлагера быў барак, куды накіроўвалі тых, хто не мог працаваць, хварэў. Многа туды ішло людзей, а адтуль ніхто ўжо не вяртаўся…
Англічане вызвалілі іх вясною 1945. Ды шлях дадому быў яшчэ няблізкі. Зацягнулася перадача вязняў савецкаму боку. Пакуль жылі ў ваколіцах горада Брэмена, іншы раз атрымлівалі салдацкі паёк. Потым, ужо згодна з рашэннем саюзнікаў, выжывалі, размеркаваныя па гаспадарках мясцовых немцаў. За ежу даводзілася зноў працаваць на іх. У гаспадара тры сыны загінулі на Усходнім фронце, таму абыходзіўся ён з беларусамі без далікатнасці.
Толькі пад зіму вырашыліся ўсе пытанні, вызваленую з няволі моладзь сабралі і на 17 аўтамашынах павезлі на чыгуначную станцыю. Па дарозе яе прыхапіў тыф. Лячылі ў Гродне.
Дабралася Марыя Васільеўна на радзіму пасля новага года. Тут, на разбуранай ворагам зямлі, не хапала ўсяго. Працавалі, будаваліся. Сустрэла сваё каханне, выйшла замуж за франтавіка Міхаіла Фёдаравіча. Нарадзіла трох дзяцей. Цяпер мае сем унукаў, трох праўнукаў. Жыве ў Юнішчах.
– Цяжкая доля выпала мне,– кажа Марыя Васільеўна, – шчасця не бачыла, добрага ўспомніць нічога не магу.
Працавала па гаспадарцы, у калгасе на розных палявых работах, а яшчэ прыбіральшчыцай у школе ў Юнішчах. Зараз атрымлівае пенсію.
Цяпер, кажа, жыць можна было б, ды здароўя няма.
Фёдар ШУМКО
Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *