Жанчына – як вясна…

Жанчына напаўняе гэты свет цёплынёй, шчырасцю, яркімі нотамі, робіць яго дабрэйшым. Яна нібы планета, якая рухаецца па пэўнай траекторыі, мае сваю арбіту і гісторыю шчасця. Яна – своеасаблівы компас, па якім можна намеціць шлях і вывесці ўласны.

Гэтыя думкі прыйшлі пасля размовы з Інесай Адамаўнай Вабішчэвіч, памочнікам урача-гігіеніста Столінскага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, да таго ж — стыльнай і эфектнай жанчынай, прыемнай суразмоўцай, дасведчаным чалавекам.

Інеса вучылася ў сярэдняй школе № 1 р. п. Рэчыца. Школьнае жыццё ўзгадваецца насычаным і жвавым. Яно было напоўнена падзеямі, мерапрыемствамі, спаборніцтвамі, наведваннем музычнай школы, словам — актыўным баўленнем часу.

Дзве жанчыны, якія пэўным чынам паўплывалі на дзяўчыну і якім яна ўдзячна, —  тагачасны дырэктар школы Зайцава Зінаіда Пракопаўна і класны кіраўнік Заіка Зоя Міхайлаўна. Зінаіда Пракопаўна валодала красамоўствам, умела захапіць справай. Навыкі самакіравання, якія былі навінкай у той час, даспадобы прыходзіліся вучням. Класны кіраўнік далучала да грамадскага жыцця: арганізоўвала паходы ў лес, знаёміла з вершамі, літаратурай. Яна стварыла драматычны тэатр, з пастаноўкамі якога выступалі не толькі на школьнай сцэне, а і ездзілі ў Пінск.

Варыянтаў развіцця  прафесійнага шляху ў Інесы было некалькі: узнікала жаданне звязаць жыццё з педагагічнай дзейнасцю, бацька хацеў, каб дачка стала юрыстам. Маці дзяўчыны працавала ў санстанцыі. І па яе прыкладзе  было прынята рашэнне ісці ў медыцыну.

Скончыўшы сярэднюю школу, Інеса спрабавала паступіць у Мінскі медыцынскі ўніверсітэт, але не хапіла колькі балаў. Пайшла вучыцца ў Мінскае медвучылішча № 1. Былі прапановы застацца ў Мінску, мелася вакансія ў Гомелі. Ды сэрцу карцела вярнуцца ў родны край, дзе ўсё знаёма і любіма.

Хутка пасля вяртання на малую радзіму Інеса адказала станоўча на прапанову рукі і сэрца любага чалавека. Яе муж Валерый – таксама ўраджэнец Рэчыцы.

У 1992 годзе прыйшла на работу ў Столінскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. Завочна атрымала адукацыю ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя Машэрава па спецыяльнасці “біёлаг-эколаг і выкладчык”.

– Да прафесійных абавязкаў стаўлюся адказна, – гаворыць жанчына. – Наша задача – забяспечыць  санітарна-эпідэміялагічны дабрабыт дзяцей і падлеткаў у вучэбных і дашкольных установах. З мэтай захавання здароўя вучняў, недапушчэння групавых захворванняў  ажыццяўляем наглядную дзейнасць у школах і садках. Ужо 12 гадоў займаю пасаду старшыні прафсаюзнага камітэта.

Самым вялікім падарункам, якое паднесла жыццё, Інеса Вабішчэвіч лічыць мацярынства. Дачка Кацярына – студэнтка чацвёртага курса Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, сын Сяргей – навучэнец 10 класа сярэдняй школы № 2 г. Століна. Дзеліцца ўспамінамі, што калі нарадзіўся сын, ад стану абсалютнага шчасця зусім не хацелася спаць. Ноччу суседкі па палаце бачаць ужо дзясятыя сны, а Інеса вачэй не зводзіць з роднага і любага камячка, прыціскаючы да сябе.

–     Шчасце  –  гэта  пункт  гледжання на жыццё і пазітыўныя адносіны розуму і сэрца да абставін, – упэўнена жанчына. – У жыцці прасцей аптымістам, яны ў любой сітуацыі не губляюць упэўненасць у сабе і веру ў лепшае. Цяжкасці, якімі яны ні былі б, – гэта вопыт. Галоўнае – не адчайвацца, не трымаць крыўды (крыўдзяцца толькі дзеці і нямоглыя). З кожнай сітуацыі патрэбна рабіць вынік і ісці далей. З добрым настроем і ўсмешкай.

Інеса Адамаўна любіць падарожнічаць. Па душы ёй вядомае выказванне “Бедны той чалавек, які мала падарожнічае”. Не заўсёды атрымліваецца ехаць недзе далёка, але важна, каб было цікава. Пабывала ў Алушце, Львове, Туапсэ, Адэсе.  Калі   з’явіцца магчымасць, у першую чаргу марыць наведаць Кракаў, Прагу, Будапешт, Вену.

У сям’і Інесы існуе традыцыя – кожную нядзелю яна разам з маці едзе ў госці да бабулі. Калі дачка-студэнтка прыязджае на выхадныя, таксама далучаецца да дружнай кампаніі. За кубкам чаю і яблычным пірагом жанчыны дзеляцца, як прайшоў працоўны тыдзень, што новага адбылося, абмяркоўваюць навіны. Такі вось нядзельны абед.

Вольныя хвіліны прысвячае чытанню. У мінулым годзе набыла электронную кнігу –  і зручна, і сучасна. “Любімчыкам” яшчэ з маладосці застаецца Эрых Марыя Рэмарк. Усе яго творы ёсць у дамашняй бібліятэцы. Тое, да чаго першым пацягнецца рука, будзе “Тры таварышы”, “Трыумфальная арка” і “Жыццё ў пазыку”. Не так даўно перачытала “У вайны не жаночы твар”, “Чарнобыльская малітва” Святланы Алексіевіч. Звяртае ўвагу і на творчасць сучасных аўтараў. З цікавасцю прачытала кнігу “Мне цябе абяцалі” Эльчына Сафарлі.

Прыгожая жанчына, на думку суразмоўцы, гэта спалучэнне ўнутранай    напоўненасці   і      да-гледжанага знешняга выгляду. Адно дапаўняе другое.

– Жаданне выглядаць добра ў мяне з дзяцінства, – кажа жанчына. – Прыкладам стала маці. Яна заўсёды сачыла за сабой і ўдзяляла час, не звяртаючы ўвагі на занятасць, стомленасць, дамашнія клопаты. І мне перадала пачуццё стылю, зацікаўленасці модай. Дагледжанасць як абавязак, добрая звычка.

У свята вясны, калі Інеса Адамаўна прачынаецца, кветкі, звычайна, ужо чакаюць яе. Часцей за ўсё гэта цюльпаны – ружовыя ці белыя. Потым едуць віншаваць родных жанчын – маці, бабулю. Абавязкова дораць падарункі.

Жаночы дзень асацыіруецца са святам, клопатам і ўвагай да прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва.

Напярэдадні 8 Сакавіка гераіня матэрыялу жадае мілым і непаўторным жанчынам бляску ў вачах, усмешкі на твары, цяпла ў душы і кахання ў сэрцы.

Святлана ШПАКОЎСКАЯ

Фота аўтара

Жанчына – як вясна…: 1 комментарий

  • 04.03.2016 в 7:37 пп
    Permalink

    Человеком быть надо заслужить

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *