З пажаданнямі ад сэрца

На мінулым тыдні ветэран Вялікай Айчыннай вайны Адам Аляксеевіч Хмарук  адзначыў 95-гадовы юбілей. Да слова, ён – адзіны ветэран на тэрыторыі Ніжняга і Верхняга Церабяжова.

У гэты святочны дзень з віншаваннямі, падарункамі і цёплымі пажаданнямі завіталі шматлікія госці — старшыня Рэчыцкага сельскага выканаўчага камітэта Курган Ігар Мікалаевіч, старшыня Церабяжоўскай ветэранскай арганізацыі, стараста вёскі Ніжні Церабяжоў Козел Васіль Аляксеевіч, прадстаўнік Пінскага пагранічнага атрада Жураўлёў Вячаслаў Аляксандравіч, дырэктар ААТ “Церабяжоў-Агра” Дзямко Мікалай  Канстанцінавіч, вучні Церабяжоўскай сярэдняй школы і інш.

Адаму Аляксеевічу жадалі моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту, над галавой – толькі мірнага неба. У рамках патрыятычнай акцыі “Тут жыве ветэран” уручылі шыльдачку, якая будзе прымацавана да хаты, дзе жыве дзядуля.

А вечарам юбіляра наведала народнае аматарскае аб’яднанне “Гарынскія папрадухі”, узняўшы настрой вясёлымі песнямі. Кіраўнік музычнага калектыву Ірына Вабішчэвіч і ўдзельніца Жанна Леанавец — унучкі Адама Хмарука.

Нарадзіўся Адам Аляксеевіч у Дзераўной, дзе з малых гадоў быў прывучаны да сельскагаспадарчых спраў. У час вайны, як і многія аднавяскоўцы, быў вывезены на прымусовыя работы. Давялося катаржна працаваць на заводзе кранаўшчыком недалёка ад горада Эльбінга. Тут былі і рускія, і французы, і маладыя хлопцы іншых нацыянальнасцяў.

Пры набліжэнні фронту фашысты забралі палонных з лагера капаць акопы. У той час яны трапілі пад абстрэл савецкіх самалётаў, якія паказаліся з-за ракі. Фашысты, зразумела, кінуліся наўцёкі, а група юнакоў засталася.  Хлопцаў з лагера накіравалі ў тыл, дзе іх чакаў скрупулёзны адбор. Ваенны афіцэр размяркоўваў, хто куды пойдзе. Адам Аляксеевіч трапіў у запасны батальён. Праз колькі часу абмундзіравалі, павезлі на фронт…

Восьмага мая сярод юнакоў хадзілі чуткі, што хутка вайна скончыцца. Толькі мала верылася ў гэтыя размовы. А прачнуўшыся раніцай дзявятага мая, хлопцы даведаліся, што сапраўды бязлітасная, крывавая, жахлівая вайна завяршылася.

Але вайсковае жыццё для Адама Аляксеевіча не скончылася. Ён застаўся служыць ва Усходняй Прусіі. Дадому вярнуўся ў 1946 годзе. Тут дапамагаў бацькам па гаспадарцы.

Будучую жонку Ірыну сустрэў у Ніжнім Церабяжове. Часта сюды завітваў у госці да роднага дзядзькі. У адзін з вечароў з братам пайшлі на “музыку”. Там і пазнаёміўся з мілавіднай дзяўчынай, да якой адразу з’явілася прыхільнасць, сэрца нясмела трапятала, калі бачыў яе.

 Праз колькі часу пасватаўся, згулялі вяселле. Гэта было ў 1948 годзе. Спачатку жылі ў Дзераўной, потым збудавалі хату ў Ніжнім Церабяжове. Разам з Ірынай Іванаўнай пражылі 66 гадоў.

У пасляваенны час Адам Аляксеевіч працаваў у калгасе. Юбіляр гаворыць, што няма такой работы, якую б не даводзілася рабіць. Жонка таксама шмат гадоў працавала ў калгасе.

Тое, што ў дзядулі рукі працавітыя, нястомныя, звыклыя да работы, пацвярджае і яго прага да вырабу вокнаў, дзвярэй і іншых драўляных прылад. Людзі звярталіся да мясцовага майстра – нікому стараўся не адмаўляць, усім дапамагаў.

Сям’я ветэрана – гэта дзве дачкі – Марыя і Ніна, сын Міхаіл, шэсць унукаў, восем праўнукаў, тры прапраўнукі.

На свой узрост дзядуля добра выглядае, чытае газеты без акуляраў.

Святлана ШПАКОЎСКАЯ

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *