Ветэранскае жыццё: ісці наперад і весці за сабою іншых

Напачатку тыдня прайшла справаздачна-выбарная канферэнцыя Столінскай раённай арганізацыі ветэранаў Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў. У яе рабоце прынялі ўдзел старшыня райвыканкама Рыгор Васільевіч Пратасавіцкі, яго намеснік Сяргей Фёдаравіч Сідарэвіч, старшыні пярвічных ветэранскіх арганізацый Століншчыны, старшыні гарсельвыканкамаў і іншыя.

З дакладам пра работу арганізацыі за справаздачны перыяд выступіла старшыня раённага савета ветэранаў Валянціна Васільеўна Мірановіч. Яна адзначыла, што на цяперашні момант ідзе працэдура рэарганізацыі пярвічных арганізацый у адпаведнасці з патрабаваннямі часу. А таксама заўважыла, што праводзімая раённым  саветам работа была разнастайная. Гэта і   шматлікія      сумесныя      пасяджэнні, удзел ва ўрачыстых мерапрыемствах раённага маштабу, віншаванні юбіляраў, заслужаных людзей, працаўнікоў вёскі, а таксама даніна памяці ветэранам, якія пайшлі з жыцця. Гаварылася і пра тое, што абавязкова трэба скласці спісы знакавых дат пажылых людзей ва ўсіх пярвічках раёна. Немалаважны момант – пастаянная ўвага і клопат, дапамога ў забеспячэнні палівам, агароднінай і іншае. Валянціна Васільеўна заклікала ўсіх быць больш спагадлівымі і дабрэйшымі ў стаўленні да патрэбы ветэранаў. Яна таксама падзякавала за дапамогу і раённаму кіраўніцтву, і неабыякавым кіраўнікам сельгасарганізацый, прадпрыемстваў, прадпрымальнікам за падтрымку членаў арганізацыі.

Цікава пра работу клуба ветэранаў “Спатканне” расказала яго старшыня Людміла Пятроўна Кісель. А яшчэ прапанавала стварыць падобныя аб’яднанні ў іншых населеных пунктах раёна, каб жыццё пенсіянераў было насычаным і разнастайным.

Вядучы народнага хору ветэранаў “Факел” Юрый Георгіевіч Пірскі азнаёміў з дзейнасцю аматараў песні. Адзначыў, што іх дасягненні, перамогі ў шматлікіх конкурсах ветэранскіх калектываў – гэта  ў першую чаргу заслуга былога  кіраўніка Дзіны Ціханаўны Бажко, якая па стане здароўя пайшла з гэтай пасады.  Дарэчы, пасля работы канферэнцыі “Факел” парадаваў удзельнікаў цудоўнай канцэртнай праграмай (на фота).

Старшыня раённай арганізацыі ветэранаў спорту Эдуард Іванавіч Пашкевіч заклікаў да здаровага ладу жыцця незалежна ад узросту.

Рыгор Васільевіч Пратасавіцкі, звяртаючыся да прысутных у зале ветэранаў, выказаў ім словы падзякі за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю, за тое, што яны робяць нямала карысных спраў дзеля паляпшэння сацыяльна-эканамічнага становішча раёна. А таксама азнаёміў з цяперашнім станам спраў ва ўсіх галінах сацыяльна-эканамічнага жыцця Століншчыны.

– Трэба браць ініцыятыву на сябе – ісці наперад і весці за сабой іншых,   – пажадаў  Рыгор Васільевіч.

Пасля выканання ўсіх неабходных працэдур адзінагалосна на чарговы тэрмін старшынёю райсавета ветэранаў была выбрана Валянціна Васільеўна Мірановіч.

Тэкст і фота

Алены КЛІМУШКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *