У сельскагаспадарчых арганізацыях Столінскага раёна праводзіцца штогадовы тэхнічны агляд трактарнага парка
У сельскагаспадарчых арганізацыях праходзіць штогадовы тэхнічны агляд трактарнага парка. Ён праведзены больш чым у палавіне гаспадарак.
Гэта важная падзея для раёна перад пачаткам веснавых палявых работ. Правяраецца фактычная гатоўнасць да выканання работ і тэхнікі, і механізатараў, за якімі яна замацавана.
У КУВП “Манькавічы” стала правілам ашчадна ставіцца да тэхнікі, пастаянна забяспечваць яе гатоўнасць на працягу года. А гадавы тэхнічны агляд – яшчэ адна падстава прадэманстраваць кампетэнтнасць спецыялістаў цэха механізацыі, іх разваротлівасць пры падрыхтоўцы тэхнікі да палявых работ.
На лінейцы гатоўнасці на мехдвары ў Манькавічах 45 трактароў. Яны, а таксама прычэпы не толькі ў надзейным спраўным стане, а і выглядаюць прыстойна: акуратна памытыя, падфарбаваныя.
— У гаспадарцы традыцыйна адказна паставіліся да тэхнічнага агляду, — гаворыць галоўны інжынер упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Валерый Іванавіч Багатка, — камісія падышла да ацэнкі гатоўнасці тэхнікі з усёй строгасцю, але ўсё абышлося толькі нязначнымі заўвагамі, на якія механізатары адрэагавалі аператыўна.
Начальнік інспекцыі дзяржтэхнагляду Ігар Анатольевіч Дзянішчыц дадае:
— Мы звярталі пільную ўвагу і на такія моманты пры аглядзе трактароў, як работа светлавога абсталявання, надзейнасць тармазной сістэмы. Усе механізатары маюць неабходныя катэгорыі падрыхтоўкі для работы на адпаведнай тэхніцы.
Характэрны момант: чатыры трактары да тэхагляду паспелі выкарыстаць на дастаўцы кармоў на фермы, але і яны, а таксама прычэпы пасля мыйкі выглядалі ўзорна.
Фёдар ШУМКО
Фота аўтара