Сустрэча жанчын у Столінскім краязнаўчым музеі

17 сакавіка адбылося пасяджэнне праўлення Столінскай раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын”. Сустрэча прайшла ў Столінскім краязнаўчым музеі.
Крысціна Жаўнерык, малодшы навуковы супрацоўнік, пазнаёміла прадстаўнікоў праўлення з асноўнымі заламі музея і правяла невялікую пазнавальную экскурсію ў далёкае мінулае раёна. У адной зале ўвазе жанчын была прадстаўлена выстаўка сакральных лялек педагога дадатковай адукацыі Столінскага раённага цэнтра дзіцячай творчасці Валянціны Мікалаеўны Лёгкай.
Валянціна Мікалаеўна пазнаёміла жанчын з работамі, якія прадстаўлены ў выставачнай зале, распавяла пра работу ўзорнай студыі народных промыслаў “Вышыванка”. Яна звярнулася да народных традыцый і абрадаў, побыту жыхароў нашага раёна – той крыніцы, з якой чэрпала свае веды і асноўныя матывы для творчасці і працы. Валянціна Лёгкая паказала, як адбываецца працэс вырабу лялькі, а таксама правяла майстар-клас па ткацтве з дапамогай пластыкавых картак. Валянціна Мікалаеўна адказала на пытанні, якія пад уражаннем убачанага не пераставалі задаваць прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва.
Старшыня праўлення Столінскай раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” Таццяна Адамаўна Лабадзінская адзначыла той важкі ўклад, які ўнесла Валянціна Мікалаеўна і ўдзельнікі ўзорнай студыі народных промыслаў “Вышыванка” ў адраджэнне народных традыцый і побыту Століншчыны, падзякавала Валянціне Лёгкай за цікавы і змястоўны аповед, пажадала ёй плёну ў працоўнай дзейнасці і творчых поспехаў.
Падчас пасяджэння праўлення ўдзельніцы паспрабавалі ацаніць ролю жанчыны ў сучасным грамадстве, яе ўклад у духоўна-маральнае адраджэнне нацыі, выхаванне дзяцей, умацаванне сям’і, сацыяльна-эканамічнае і культурнае развіццё рэспублікі. Яны абмеркавалі тэму “Роля і месца жанчын на сучасным этапе развіцця беларускага грамадства”. Было падкрэслена, што жанчыны адыгрываюць у грамадстве велізарную ролю. Іх неацэнная праца адзначана ва ўсіх сферах жыццядзейнасці. Яны прымаюць удзел у станаўленні сучаснага грамадства і ўносяць значны ўклад у развіццё дзяржавы, але самая галоўная роля жанчыны – роля жанчыны-маці. Вельмі важна, каб жанчыны, якія дасягнулі поспехаў у працоўнай дзейнасці і грамадскім жыцці, рэалізавалі сябе як маці.
Пасля пасяджэння праўлення жанчыны ў добрым настроі пакінулі Столінскі краязнаўчы музей, агучыўшы свае пажаданні на наступную не менш цікавую і цёплую сустрэчу.
Людміла КАСПЯРОВІЧ
Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *