Рэчыцкія музыкі пашыраюць геаграфію

У Гомельскім дзяржаўным каледжы мастацтваў імя М. Ф. Сакалоўскага адбыўся І Міжнародны конкурс «Мой сябра – баян». Ён сабраў 195 юных талентаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы і Кітая.

Мэта конкурсу – паказ дасягненняў у галіне музычнага мастацтва, папулярызацыя выканальніцтва, прапаганда баяннай і акардэоннай музыкі, уцягненне і падтрымка творчых дзяцей і моладзі, развіццё іх творчых здольнасцяў і майстэрства, прапаганда лепшага вопыту ў сферы культуры, развіццё і ўмацаванне міжнародных культурных сувязяў.

За званне лепшых удзельнікі музычнага спаборніцтва змагаліся ў трох узроставых групах, а таксама дзвюх намінацыях — «Баян» і «Акардэон».

У складзе журы былі прафесар кафедры баяна и акардэона Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, заслужаны артыст Рэпублікі Беларусь Мікалай Сеўрукоў, пераможца Кубка свету баяністаў у Хельсінкі, выкладчык Маскоўскага інстытута мастацтваў Леў Лаўроў, заслужаны работнік культуры Расійскай Федэрацыі, кампазітар Сяргей Бланк.

Для Століншчыны конкурс адметны тым, што ў ім прынялі ўдзел выхаванцы Рэчыцкай дзіцячай школы мастацтваў Дар’я Гізун (баян, старшая група, настаўнік Вольга Васільеўна Навумовіч) і Вікторыя Дзенісовіч (акардэон, старшая група, настаўнік Валянціна Паўлаўна Палхоўская). Дзяўчынкі аказаліся ў ліку шасці выканаўцаў, якія прадстаўлялі Брэсцкую вобласць. Дзяўчынкі выканалі праграму з трох напрамкаў: імітацыйная паліфанія, п’еса па выбару і віртуозны твор. Дамоў Дар’я вярнулася з дыпломам і званнем лаўрэата, а Вікторыя прывезла дыплом удзельніка.

Акрамя конкурснага выступлення нашы ўдзельнікі пабывалм на майстар-класе кампазітара Сяргея Бланка, убачылі ўзровень выканальніцкага майстэрства сваіх равеснікаў, параўналі свой патэнцыял. А ён у рэчыцкіх музыкаў ёсць. І спрыяе яму вялікая штодзённая сумесная работа вучня і педагога.

У размове з карэспандэнтам Вольга Васільеўна і Валянціна Паўлаўна выказалі ўдзячнасць бацькам выхаванцаў і кіраўніцтву аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі за тое, што знайшлі сродкі для паездкі і ўдзелу ў конкурсе.

Галіна ГАШЧУК

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *