Прэзідэнт падпісаў указ аб аплаце жыллёва-камунальных паслуг

Прэзідэнт Беларусі зацвердзіў гранічна дапушчальныя тарыфы ў 2016 годзе на 14 відаў ЖКП
Адпаведны ўказ № 107 «Аб аплаце жыллёва-камунальных паслуг, што аказваюцца насельніцтву» Аляксандр Лукашэнка падпісаў 23 сакавіка.
У мэтах зніжэння фінансавай нагрузкі для насельніцтва ўказам змяншаюцца тарыфы на паслугі водазабеспячэння ў 1,7 раза (з Br4765,9 да Br2790 за 1 куб. м), водаадвядзення — больш як у 2,2 раза (з Br4148,8 да Br1863 за 1 куб. м).
Акрамя таго, устанаўліваецца гранічны тарыф на паслугу па тэхнічным абслугоўванні запорна-перагаворных устройстваў (кодавыя дзверы, дамафоны і іншыя) жылога дома ў памеры Br9100 на адну кватэру (раней ён не быў устаноўлены).
Палажэннямі дакумента змяняюцца падыходы да налічэння платы за тэхнічнае абслугоўванне ліфта, санітарнае ўтрыманне (прыбіранне) дапаможных памяшканняў жылога дома, электраэнергію на асвятленне месц агульнага карыстання, работу дапаможнага абсталявання ў залежнасці ад колькасці грамадзян, якія пражываюць у кватэры.
У мэтах больш аб’ектыўнага вызначэння платы за паслугі, кошт якіх разлічваецца зыходзячы з колькасці грамадзян, якія пражываюць у кватэры, ва ўказе ўстаноўлена норма, што прадугледжвае спагнанне платы за карыстанне ліфтам і прыбіранне дапаможных памяшканняў з жыльцоў, якія маюць жылыя памяшканні камерцыйнага выкарыстання і прыватнага жыллёвага фонду па дагаворы найму.
Указ уступае ў сілу з дня падпісання і распаўсюджвае сваё дзеянне на адносіны, што ўзніклі з 1 студзеня 2016 года.
Адзіную форму паведамлення аб памеры платы за ЖКП павінны зацвердзіць у Беларусі да 1 мая
Яна павінна ўключаць інфармацыю аб узроўні пакрыцця насельніцтвам затрат арганізацый, якія ажыццяўляюць эксплуатацыю жыллёвага фонду і (або) прадастаўленне жыллёва-камунальных паслуг.
Акрамя таго, урад да 1 мая павінен зацвердзіць парадак разліку ўзроўню пакрыцця насельніцтвам затрат арганізацый, якія ажыццяўляюць эксплуатацыю жыллёвага фонду і (або) прадастаўленне жыллёва-камунальных паслуг, а таксама пераліку дадатковых жыллёва-камунальных паслуг.
Прэзідэнт Беларусі даручыў да 1 кастрычніка аснасціць шматкватэрныя жылыя дамы прыборамі ўліку злектраэнергіі, што спажываецца на асвятленне дапаможных памяшканняў і работу абсталявання.
Увядзенне 100-працэнтнай аплаты ЖКП будзе залежаць ад дабрабыту людзей
«Мы гаворым, што калісьці насельніцтва будзе плаціць 100 працэнтаў за гэтыя паслугі. Толькі не трэба людзям гаварыць, што гэта будзе ў 2018 годзе. Я такога не гаварыў. Гэта можа быць і ў 2020-м, і ў 2025-м. Гэта будзе залежаць ад таго, як людзі будуць жыць», — сказаў кіраўнік дзяржавы на нарадзе па пытаннях аплаты ЖКП, што аказваюцца насельніцтву.
«У людзей павінны быць грошы, каб заплаціць за такія паслугі па цэнах, якія мы ўстановім. Таму будзе гэта ў 2018-м, у 2020-м або 2025-м — гэта яшчэ пытанне, давайце дажывём да гэтага», — адзначыў Прэзідэнт.
Прэзідэнт адзначыў, што ў будучым будзе таксама разгледжана фарміраванне цэн на паслугі па электраэнергіі. «Занадта ўжо шыкоўна энергетыкі сябе паводзяць, жывуць, а ўсё гэта ідзе ў затраты, а потым кладзецца на прамысловасць і на людзей», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Узровень кампенсавання затрат на ЖКП будзе павялічвацца не за кошт тарыфаў, а шляхам зніжэння выдаткаў камунальшчыкаў
Такое даручэнне даў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу, што калі браць у разлік зацверджаныя ім сёння тарыфы на ЖКП, то ўзровень кампенсавання затрат насельніцтвам складае не больш за 40,4 працэнта ад рэальнага кошту паслуг. Узровень кампенсавання затрат да канца 2016 года павінен скласці не менш за 50 працэнтаў.
Пры гэтым Прэзідэнт паставіў перад арганізацыямі сістэмы Мінжылкамгаса і Мінэнерга задачу забяспечыць рост узроўню кампенсавання не за кошт павышэння тарыфаў, а шляхам зніжэння выдаткаў непрадукцыйных затрат саміх арганізацый.
Як растлумачыў журналістам міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Аляксандр Церахаў, зацверджаныя сёння кіраўніком дзяржавы тарыфы з’яўляюцца нязменнымі да канца года. «Узровень кампенсавання затрат даручана павышаць толькі за кошт зніжэння ўласных выдаткаў і зніжэння затрат эксплуатуючых арганізацый», — адзначыў ён.
Паралельна ўрад створыць для малазабяспечаных грамадзян сістэму безнаяўных субсідый па аплаце ЖКП.
Неабходны нарматыўны прававы акт распрацоўваецца. Плануецца, што дзяржава падставіць плячо домагаспадаркам, калі затраты на ЖКП перавысяць 15 і 20 працэнтаў даходу — у сельскай мясцовасці і горадзе адпаведна. «Дапамога дзяржавы ў аплаце гэтых паслуг будзе аказана, але не па фактычных затратах, а пры нарматыўным спажыванні», — удакладніў міністр.
Любіцеляў «падкруціць» лічыльнікі ў Беларусі будуць караць больш строга
Міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Аляксандр Церахаў адзначыў, што ў час даклада па пытаннях аплаты ЖКП, якія аказваюцца насельніцтву, закраналася і праблема з нядобрасумленнымі плацельшчыкамі, які маніпулююць паказаннямі прыбораў уліку.
Аляксандр Церахаў праінфармаваў, што ў сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы даручыў «узмацніць адказнасць грамадзян, якія будуць абвінавачаны ў тым, што яны скрываюць рэальныя паказанні прыбораў уліку».
Лютаўскія жыроўкі беларусы змогуць аплаціць да 5 красавіка без пені
«Рахункі-паведамленні грамадзянам будуць прадастаўлены да 25 сакавіка. Пры гэтым грамадзяне будуць мець права аплаціць іх да 5 красавіка без штрафаў і пеняў за пратэрміноўку плацяжу. Гэта не па віне чалавека, а па аб’ектыўных прычынах», — заявіў міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Аляксандр Церахаў.
Кіраўнік профільнага ведамства адзначыў, што за люты налічэнні будуць па новых тарыфах, за студзень будзе зроблены пераразлік па тых сумах, якія «былі налічаны няправільна».
БелТА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *