Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 18 сакавіка наведаў СТАА «Камунарка»

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць, што залогам паспяховай дзейнасці прадпрыемстваў і функцыянавання дзяржавы з’яўляюцца парадак і адказнасць. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў у час сустрэчы з працоўным калектывам СААТ «Камунарка».
Звяртаючыся да работнікаў прадпрыемства, кіраўнік дзяржавы адзначыў: «Вы больш спакойна рэагуйце, калі я вельмі жорстка падыходжу з усімі патрабаваннямі да асобных чыноўнікаў, бізнесменаў і працоўных калектываў». Як лічыць Прэзідэнт, «краіну лёгка выпусціць з рук, а потым усё гэта сабраць будзе або вельмі дорага, або немагчыма».
У якасці прыкладу ён прывёў сітуацыю ва Украіне. «Таму павінны быць перш за ўсё парадак і адказнасць», — запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка.
Як адзначыў Прэзідэнт, 95 працэнтаў з намечанага па мадэрнізацыі ўжо зроблена, 5 працэнтаў яшчэ трэба будзе зрабіць.
На яго думку, у полі зроку дзяржавы і ў далейшым павінны заставацца прадпрыемствы, якія маюць стратэгічна важныя напрамкі — займаюцца вытворчасцю прадуктаў харчавання, што датычыцца і «Камунаркі».
Прэзідэнт лічыць важным, што менавіта дзякуючы пільнай увазе дзяржавы ўдалося захаваць «Камунарку» і «Спартак», прадукцыя якіх цяпер шырока вядома і за мяжой добрай якасцю, паколькі яна — з натуральнымі інгрэдыентамі.
У час наведвання Аляксандрам Лукашэнкам «Камунаркі» быў прадстаўлены новы від горкага 75-працэнтнага шакаладу. Пакуль гэтай прадукцыі няма ў продажы, яна дапрацоўваецца.
Як праінфармавалі Прэзідэнта, дзякуючы праведзенай мадэрнізацыі на прадпрыемстве істотна павялічылі выпуск прадукцыі, а таксама пашырылі яе асартымент.
Па выніках першага квартала на «Камунарцы» выконваюцца ўсе асноўныя паказчыкі, расце аб’ём выручкі і продажаў на знешніх рынках, зніжаюцца запасы гатовай прадукцыі. Такім чынам, дзякуючы ўвазе дзяржавы прадпрыемства са стратнага ператвараецца ў прыбытковае.
У ходзе наведвання Прэзідэнта асаблівая ўвага была ўдзелена пытанням гандлю і лагістыкі. Аляксандр Лукашэнка таксама сустрэўся з працоўным калектывам і адказаў на іх пытанні, якія датычацца далейшага развіцця прадпрыемства, маючай адбыцца пенсійнай рэформы і змяненняў у аплаце жыллёва-камунальных паслуг.
Лукашэнка аб тарыфах ЖКГ: зробім так, як будзе лепш для людзей
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка паабяцаў, што пытанне з тарыфамі на жыллёва-камунальныя паслугі будзе вырашацца на карысць людзей.
«Мы зробім так, як будзе лепш для людзей. Гэта я вам цвёрда абяцаю! Калі будзе немагчыма, я вам скажу аб гэтым і разлажу ўсе гэтыя лічбы, паказчыкі. Усё роўна я буду на вашым баку», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт адзначыў, што рашэнне па тарыфах на наступны год будзе прымацца зыходзячы з работы эканомікі. «Можа, мы не на 25 працэнтаў зможам павысіць тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі, а толькі на 2 працэнты, а можа, наогул нічога. Таму пажывём — пабачым», — сказаў ён. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы заўважыў, што людзі часта неберажліва ставяцца да рэсурсаў. «Эканоміць людзі пачнуць толькі тады, калі гэта будзе каштаваць чагосьці. Але пакуль мы дамовіліся, колькі гэта будзе каштаваць», — дадаў Прэзідэнт.
Лукашэнка: я прыхільнік паэтапнага павышэння пенсійнага ўзросту на 3 гады
«Я схіляюся да таго, што мы павінны ісці паступова і акуратна, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Я прыхільнік таго, каб пенсійны ўзрост павысіць на 3 гады, кожны год па палавінцы. І так мы спакойна, за шэсць-сем гадоў зможам прайсці гэтыя тры гады».
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў Беларусі будуць «ствараць рабочыя месцы для добрых спецыялістаў — спецыялістаў заўтрашняга дня, і да гэтага трэба рыхтаваць нашых дзяцей». Цяпер для таго, каб быць канкурэнтаздольным на рынку працы, чалавеку трэба пастаянна ўдасканальваць веды і ўменні, расці ў прафесійным плане, упэўнены Прэзідэнт.
Паводле слоў Прэзідэнта, у I квартале ў сярэднім па краіне ўжо ёсць больш за 4 працэнты росту цэн, вялікую ўдзельную вагу ў гэтым складаюць жыллёва-камунальныя паслугі.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў краіне створана моцная сістэма кантролю за цэнаўтварэннем, існуе антыманапольнае заканадаўства.
БелТА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *