Праваслаўная моладзь за здаровы лад жыцця

Восьмага сакавіка ў фізкультурна-спартыўным комплексе “Аквамарын” у г. Століне па благаславенні Высокапрэасвяшчэннейшага Сцяфана, архіепіскапа Пінскага і Лунінецкага,  прайшоў II епархіяльны з’езд “Праваслаўная моладзь за здаровы лад жыцця”. Арганізатарам мерапрыемства стаў цэнтр па ўзаемадзеянні з моладдзю Пінскай і Лунінецкай епархіі.  Удзел у з’ездзе прынялі каманды з Пінскага, Іванаўскага, Івацэвіцкага, Ганцавіцкага, Лунінецкага, Баранавіцкага і Столінскага благачынняў.

На пачатку мерапрыемства ў царкву Серафіма Сароўскага вёскі Манькавічы была дастаўлена часцінка мошчаў беларускай святой прападобнай Манефы Гомельскай і адслужаны малебен святой. Жыхары горада і раёна,  а таксама госці райцэнтра змаглі пакланіцца святыні.

Удзельнікамі епархіяльнага з’езда быў здзейснены хрэсны ход ад царквы в. Манькавічы да ФСК “Аквамарын”.  Да ўдзельнікаў з’езда звярнуўся іерэй Мікалай Тарчыла, настаяцель прыхода Рамельскай царквы Святога Архангела Міхаіла, з прапановай не спыняцца на дасягнутым, а працягваць традыцыі, якія былі закладзены на першым епархіяльным з’ездзе.

Спаборніцтвы прайшлі па настольным тэнісе, плаванні, футболе, а таксама была  праведзена спартыўная эстафета.

  Удзельнікаў і балельшчыкаў радавалі сваімі выступленнямі вакальныя групы  “Экспромт”, “Экспрэс мюзікл” і ансамбль песні “Весялінка” сярэдняй школы № 2 г. Століна,  вакальны ансамбль Столінскай дзіцячай школы мастацтваў  пад кіраўніцтвам Наталлі Кананчук і Алены Чупік. Так супала, што ІІ епархіяльны з’езд праваслаўнай моладзі праходзіў у Дзень жанчын, таму самы маленькі вакаліст Ягор Саладоўнікаў павіншаваў усіх жанчын са святам і адрасаваў ім свой музычны падарунак – песню “Мама”.

Кіраўнік аддзела  па  ўзаемадзеянні з моладдзю Столінскага благачыння іерэй Мікалай Тарчыла адзначыў, што  ў кожным   праваслаўным  прыходзе моладзь жыве сваім  жыццём,  а  правядзенне мерапрыемства такога кшталту дае магчымасць аб’яднасць іх інтарэсы, зацікавіць агульнай карыснай справай. Сучасная моладзь даволі часта аддае перавагу камп’ютарным гульням, правядзенню вольнага часу ў кампаніі, якая не адпавядае ні іх узросту, ні інтарэсам і звычкам, ды і нават здольнай да амаральных учынкаў. У дадзеным выпадку мы прапанавалі  моладзі   па-іншаму  паглядзець на рэчы. Удзельнікі каманд у атмасферы сяброўства змаглі паспаборнічаць паміж сабой з карысцю для свайго здароўя. Новыя знаёмствы, новыя сустрэчы, новыя ўражанні.

 Прызавыя месцы размеркаваліся наступным чынам. У спартыўнай эстафеце першае месца заваявала каманда Столінскага благачыння, другое – каманда Пінскага благачыння, трэцяе – каманда Ганцавіцкага благачыння. У спаборніцтвах па футболе на першым месцы аказалася каманда з Лунінца, на другім – з Івацэвіч, на трэцім –  са Століна. Па плаванні на першым месцы прадстаўнікі з Пінска, на другім – са Століна, на трэцім – з Баранавіч. Найлепшы вынік па настольным тэнісе паказалі рабяты з Лунінецкага благачыння, на другім месцы – з Іванаўскага, на трэцім – з Ганцавіцкага.

Пераможцы спаборніцтваў былі ўзнагароджаны дыпломамі і памятнымі падарункамі, а ўсе астатнія ўдзельнікі з’езда атрымалі памятныя падарункі.

Людміла КАСПЯРОВІЧ

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *