Народную культуру патрэбна любіць сэрцам, а выхоўваць змалку

За высокі ўзровень арганізацыі мерапрыемстваў па месцы жыхарства і выкананне прагнозных паказчыкаў па выніках работы ў 2015 годзе Граматай аддзела культуры ўзнагароджаны Альманскі сельскі дом культуры, дзе дырэктарам працуе Мікалай Мікалаевіч Дзенісовіч.

Пасаду дырэктара Мікалай Дзенісовіч займае з 1993 года, адразу ж пасля заканчэння тады яшчэ вучылішча, а цяпер ужо каледжа мастацтваў у Гродне. З Гродна Мікалай вярнуўся не адзін, а з маладой жонкай Алай і маленькай дачкой.

– У мяне не было мары стаць музыкантам. Але так атрымалася, што дзесьці ў 7-8 класах я пачаў іграць на музычных інструментах, — гаворыць Мікалай, —  Пачалося ўсё з гармоніка “Беларусь”, які быў у нас дома. Першапачатковыя навыкі атрымаў ад Юрыя Мікалаевіча Буяна, ён тады выкладаў у школе музыку і ў клубе працаваў. Мой бацька быў першым, хто хацеў, каб я займаўся музыкай. Спачатку я іграў толькі на гармоніку, а потым бацькі купілі яшчэ і баян.  У вучылішчы асвоіў многія інструменты: дудку, кантрабас, балалайку, фартэпіяна, цымбалы, барабан, бубен, лыжкі і іншыя.

– Якія гурткі функцыянуюць у вашым сельскім Доме культуры?

– Гурткоў у нас дастаткова, каб зацікавіць дзяцей і моладзь. У гуртку гарманістаў займаюцца толькі хлопцы, у асноўным школьнікі. З дарослых адзін толькі Васіль Хоміч у вольны ад працы час іграе з намі. Раней былі дзяўчаты. Таццяна Крывалевіч іграла на дудцы, а Яўгенія Дзенісовіч — на дудцы і бубне, — дзеліцца Мікалай Дзенісовіч.

Ёсць таксама гурток сольнага спеву. Ён падзяляецца на дзве галіны: дарослы і дзіцячы. У дарослым займаюцца Дзіна Буян, Марыя Пешка, Таццяна Буйніч, Таццяна Буян, Анастасія Дзенісовіч і Вікторыя Пешка. Насця і Віка неаднаразова ўдзельнічалі ў раённым фестывалі “Зоркі Палесся”, “Зімачка-Зіма”. Насця была ўдзельніцай сацыяльна-творчай праграмы  “Чарнобыльскі шлях – дарога жыцця”. Дзяўчаты ўдзельнічаюць ва ўсіх мясцовых мерапрыемствах. А зусім нядаўна Валерыя Буян прыняла ўдзел у адборачным туры конкурсу “Эстрадны МІХ”.

Гэта не адзіныя гурткі ў Альманскім СДК. Ёсць яшчэ і гурток мастацкага чытання. Тут займаюцца ў асноўным тыя, хто на мерапрыемствах удзельнічае ў якасці вядучых.

Ала Дзенісовіч па спецыяльнасці харэограф, таму нават у вёсцы яна не змагла жыць без любімай працы. У 1994 годзе, калі яна прыйшла працаваць у Дом культуры, з’явіўся танцавальны гурток, на базе якога ўзнік калектыў народна-сцэнічнага танца “Пралеска”. Ён неаднаразова прымаў удзел у раённым фестывалі сучаснага эстраднага мастацтва “Зоркі Палесся” і двойчы займаў першыя месцы  ў фестывалі “Зімачка-Зіма”. А ў мінулым годзе калектыў быў запрошаны  на   рэгіянальны  моладзевы фестываль “В ритме времени”, які праходзіў у горадзе Іванаве. У тым жа годзе  прымаў  удзел у раённых дажынках у Рамлі. Да таго ж “Пралеска” рэгулярна ўдзельнічае ў раённых святах і мерапрыемствах.

У 2011 годзе ўзнік яшчэ адзін танцавальны гурток  – “Кропелька”. У “Кропельцы” ёсць дзве групы: малодшая – 2-4 класы і старшая – 5-7 класы. “Кропелька” таксама зарэкамендавала сябе на танцавальнай прасторы. У 2013 годзе гурт удзельнічаў у фестывалі “Зоркі Палесся”, а ў 2014 быў запрошаны на раённыя дажынкі ў Фядоры.

Функцыянуе ў клубе і ансамбль народнай песні. Яго ўдзельніцы, у асноўным, маладыя матулі, якія любяць спяваць і асабліва народныя песні. Ансамбль удзельнічае ў мясцовых мерапрыемствах. Давалі канцэрты на мясцовым збожжатаку і ў суседняй вёсцы Кашара.

Ёсць і два аматарскія аб’яднанні: “Кола” і “Аэліта”.

“Кола” ўзнікла ў 2007 годзе. Яно разлічана на вывучэнне не толькі танцавальнай практыкі, але і тэорыі. Сюды ходзяць тыя ж дзеці, што і на танцавальныя гурткі, таму ім вельмі цікава вывучаць, што такое класічны, народна-сцэнічны танец і чым ён адрозніваецца ад фальклорнага.

– У канцы лістапада мінулага года ў нас быў праведзены семінар     культработнікаў,  у     якім       удзельнічалі дзеткі з “Кола”. Мы правялі з імі этнадыскатэку, на якой прадставілі некалькі элементаў народных танцаў: “Кракавяк”, “Падэспань”, “Базар”, “Мальвіна”, “Карманчык”, — рассказвае Ала Дзенісовіч.

“Аэліта” – гэта жаночы клуб. Тое месца, дзе жанчыны могуць адпачыць ад будзённасці.

– Вынік працы гурткоў мы паказваем на мясцовых святах, а таксама імкнёмся раз у год (звычайна гэта ў канцы жніўня) праводзіць Дзень вёскі, на якім дэманструем усё тое, над чым працуем, — гаворыць Ала Дзенісовіч.

Вялікім плюсам з’яўляецца тое, што ўсе гэтыя гурткі бясплатныя. Многія жыхары зараз засталіся без пастаяннай працы, і прасіць у іх грошай на дапамогу гурткам ніхто не можа. Але рабяты ходзяць, а значыць хочуць займацца і ім нельга адмовіць. Такую стараннасць патрэбна заахвочваць. У выніку, калі патрэбна ехаць выступаць на якое-небудзь мерапрыемства, то робіцца ўсё гэта за свой кошт.

– Вялікую дапамогу нам аказвае кіраўніцтва КСУП “Струга”. Яно дапамагло нам фінансава з праектам на касцюмы і ручнікамі для  “Пралескі”,  а  ў  мінулым  годзе вельмі дапамаглі з тэхнікай, калі мы прыбіралі тэрыторыю новага клуба, — гаворыць Мікалай Дзенісовіч.

Вядзецца праца і з дзецьмі, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Яны таксама наведваюць амаль усе гурткі.

– А вось вы столькі гадоў жывяце ды яшчэ працуеце разам. А ці хацелі б вы, каб культура стала сямейнай справай?

– Я была б рада, калі б мая дачка пайшла па маіх слядах не як выкладчык, а як танцор. Гэта, хутчэй, як мая мара, якая не спраўдзілася і якую бацькі хочуць увасобіць праз сваіх дзяцей, — гаворыць Ала Дзенісовіч.

– У любым выпадку мы падтрымаем любое рашэнне сваёй дачкі. Калі я буду бачыць, што яна насамрэч любіць культуру, як і мы, то гэта будзе толькі плюс, — гаворыць Мікалай Дзенісовіч.

Зараз Мікалай Мікалаевіч працуе яшчэ і ў Альманскай сярэдняй школе, дзе выкладае музыку. І ўжо на занятках прыглядаецца да таленавітых дзяцей. Праца ў школе палягчае пошук рабят для гуртка гарманістаў.

– А дзе вы набываеце інструменты?

– Усе інструменты я збіраў па ўсёй вёсцы, нават і па раёне. Не ўсе яны былі ў прыдатным для работы выглядзе, так што прыходзілася сваімі рукамі рамантаваць.

– Ці ёсць сярод удзельнікаў гурткоў тыя, хто пайшоў вывучаць мастацтва і застаўся ў культуры?

– Канешне, ёсць. Гэта і Васіль Дзенісовіч, і Ніна Лісавец (працуе ў нашым раённым метадычным цэнтры), і Галіна Гойка, і Ала Шаміч, і Сцяпан Яморык, — гаворыць Мікалай Дзенісовіч.

– А я ганаруся Ганнай Чмуневіч, якая зараз вучыцца ў Пінскім каледжы мастацтваў на харэографа. Гэта вельмі прыемна, калі твая выхаванка ідзе па тваіх слядах, – дапаўняе Ала Дзенісовіч.

Гэта не ўвесь пералік тых, хто пранікся любоўю да мастацтва і вырашыў прысвяціць сябе яму.

У галіне культуры шмат не заробіш, таму туды ідуць толькі тыя, хто любіць культуру, у першую чаргу нашу, беларускую культуру.

Ірына ДЗЕНІСОВІЧ

Фота з сямейнага альбома

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *