Мне не сумна ў свеце лічбаў

Здаецца, як можна знайсці сваё прызначэнне сярод кіпаў папер? Калі перад вачамі штодзень мільгаюць тысячы лічбаў? А вось Марыя Дуб – намеснік галоўнага бухгалтара Альшанскага філіяла Столінскага райспажыўтаварыства – лічыць па-іншаму. Можа таму дзяўчына з’яўляецца пераможцай раённага конкурсу “Малады чалавек года-2015” у галіне абслугоўвання насельніцтва. І хаця яна непасрэдна не сустракаецца з пакупнікамі, але кантралюе працэс з дапамогай калькулятара і камп’ютара.

Для яе гэтая работа прыносіць задавальненне, таму ўжо на працягу дзевяці гадоў разам з калегамі адказвае за дакументацыю ў сістэме гандлю.  У абавязкі Марыі ўваходзіць афармленне крэдытаў, зверка разлікаў, прыёмка таварна-грашовых справаздач, вядзенне будаўнічых матэрыялаў і так далей. І зноў здзіўляюся: гэта ж колькі інфармацыі трэба трымаць у галаве?

– Мне не сумна сярод лічбаў, — толькі ўсміхаецца Марыя, убачыўшы маю збянтэжанасць. – Кожны чалавек выбірае справу па душы і мне прыемна разумець, што я на сваім месцы. А інакш, ці змагла б я столькі працаваць тут?

Але ж спачатку Марыя, скончыўшы Альшанскую сярэднюю школу, па прыкладу старэйшага брата Івана хацела падацца ў настаўнікі. І перадумала ў апошні момант, калі ўжо былі ўступныя іспыты. Вырашыла – не спадабаецца бухгалтэрыя, вернецца да першапачатковага жадання. Але яно так і засталося ў мінулым. Скончыла адразу Мінскі гандлёва-эканамічны каледж. Тады і праніклася любоўю да  нашай  сталіцы і неўзабаве, адразу пасля заканчэння, пачала атрымліваць вышэйшую адукацыю на завочным аддзяленні Мінскага ўніверсітэта кіравання.  Прызнаецца, што даспадобы гарадская мітусня і няспынны рух, і сябе яна адчувае там, як дома.

Працуючы ў гарадскім спажывецкім таварыстве Давыд-Гарадка, Марыя з удзячнасцю ўспамінала, наколькі беражліва ставіліся да яе старэйшыя калегі і заўсёды рады былі дапамагчы, нягледзячы на сваю занятасць. Але сама Марыя не любіць турбаваць людзей без прычыны, а самастойнасць лічыць адной з неабходных  рысаў характару для кожнага чалавека.

Перайсці ў Альшанскі філіял намеснікам галоўнага бухгалтара выпала магчымасць чатыры гады таму. І цяпер Марыя шчыруе не толькі сярод стосаў дакументаў, але і разам з ёй у адным кабінеце знаходзяцца яшчэ сем чалавек.

– Ці не перашкаджаеце адзін аднаму? – пытаю дзяўчыну.

– Наадварот, дапамагаем, — адказвае. –  Уся бухгалтэрыя ўзаемазвязана, таму бывае вельмі зручна спытаць на месцы, чым бегаць па канторы. Работа наша патрабуе пільнасці, бо маем справу з фінансамі, і ніхто без сапраўды важнай падставы адцягваць тваю ўвагу не будзе. Гэта толькі ў час абедзеннага перапынку мы можам абмеркаваць свае асабістыя праблемы і пашчабятаць на жаночыя тэмы. Дарэчы, карыстаючыся момантам, хачу павіншаваць сваіх калег з 8 Сакавіка, пажадаць ім больш радасных момантаў і менш падстаў засмучацца.

Размаўляючы з Марыяй, разумею, чаму яна заслугоўвае цудоўных слоў ад кіраўніцтва. Дырэктар Альшанскага філіяла Аляксандр Мікалаевіч Скрабец з гонарам сказаў: “Пішыце, пішыце пра нашу прыгажуню! Мы без яе, як без рук”.

Вясёлая, ветлівая, гаваркая, з ёй адразу размаўляеш, быццам ведаеш сто гадоў, таму гадзіна прабегла непрыкметна.

– Пра які ж падарунак марыце ў Дзень жанчын? – не ўтрымалася я, каб не спытаць.

– Прызнаюся, мару пра кругасветнае падарожжа! Заўсёды хацела пабачыць іншыя краіны, пазнаёміцца з цікавымі народамі. Мне падабаецца даведвацца пра штосьці новае, дагэтуль невядомае. Але мой любімы муж Павел наўрад ці паспее сёлета ажыццявіць маю мару, — жартуе дзяўчына. – Таму буду чакаць ад яго іншага сюрпрызу!

Ганна МЕЛЬНІК

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *