Малады чалавек года: ва ўсім знаходзіць плюсы

Модная прычоска, дагледжаныя пазногці, высокія абцасы – зусім не так уяўляла сабе ветэрынарнага ўрача. Чамусьці гэтую прафесію лічыла больш мужчынскай, але мая субяседніца даказала: не бывае недасягальных мэтаў, бывае мала жадання.
Надзея Раўкач – пераможца раённага конкурсу “Малады чалавек года” ў галіне сельскай гаспадаркі”. Ужо два з паловай гады працуе ў КСУП “Веляміцкі”, куды трапіла па размеркаванні адразу пасля заканчэння Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны. Праўда, яна планавала займацца экспертызай, але калі даведалася, што гэтая спецыялізацыя таксама вывучаецца на факультэце, адмяла ўсе сумненні.
Студэнцкія гады запомніліся вясёлымі пасядзелкамі з сябрамі, цікавымі сустрэчамі і безліччу непаўторных падзей. Надзея, нягледзячы на тое, што была заўсёды актыўным удзельнікам усіх мерапрыемстваў і конкурсаў, бездакорна вучылася і скончыла акадэмію з чырвоным дыпломам.
Але ж ці не цяжка было пачынаць работу маладаму спецыялісту, тым больш далікатнай дзяўчыне? Надзея ўсміхаецца і шчыра прызнаецца, што першапачатковая думка была “куды я трапіла?”. На першым этапе хапала ўсяго, бо адна справа, калі ты бесклапотны студэнт, і зусім іншая, калі ад цябе залежыць якасць работы ўсяго прадпрыемства. Давялося хутка ўнікаць у стан жывёлагадоўчай галіны і імкнуцца дасягнуць добрых вынікаў.
Зараз Надзея разумее, што бывае лепш прыслухацца да парады. Працуючы галоўным ветэрынарным урачом, у падначаленні былі куды старэйшыя калегі з большым вопытам. Яны і дапамагалі разбірацца на месцы ва ўсіх нюансах, за што ім вельмі ўдзячна.
Акрамя работы ветырынарам, Надзея з’яўляецца старшынёй прафсаюзнага камітэта і, нягледзячы на вялікую адказнасць, вельмі задаволена гэтай пасадай. І лічыць сябе на ёй як у сваёй талерцы. Даспадобы роля арганізатара і ўважліва ставіцца да кожнай дробязі. Самым галоўным лічыць уменне знайсці агульную мову з людзьмі і не згубіць давер. Тым больш, што сама родам таксама з Веляміч і добра ведае кожнага чалавека. Дзяўчына з задавальненнем выконвае ролю вядучай і выступае на ўсіх канцэртах і святах, што ладзяцца ў Доме культуры.
Размаўляючы з Надзеяй, здзіўляюся, наколькі можа быць мэтанакіраваны чалавек у такім маладым узросце. Сама яна сцвярджае, што галоўны сакрэт поспеху ў тым, каб знайсці сваё прызначэнне ў жыцці і максімальна яго рэалізаваць. Смелая, упэўненая ў сабе, яна не збіраецца спыняцца на дасягнутым і не любіць сыходзіць з выбранага шляху. Таму зараз яна атрымлівае другую вышэйшую адукацыю ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь і кар’ера для яе ў прыярытэце.
У вольны ад работы час яна стрымгалоў імчыцца да свайго адзінага брата Андрэя, які для яе самы надзейны сябар і лепшы дарадчык. Ён уладкаваўся ў Брэсце і з’яўляецца ўрачом-рэабілітолагам. Яны і планы абмяркуюць, і вясёлае дзяцінства ўспомняць, якое ў іх агульнае, бо пагодкі і нават у адзін клас хадзілі. З усмешкай успамінае, як брат не хацеў ісці ў школу без сястры, калі тая захварэе, і як разам гарэзнічалі ўлетку. А яшчэ любіць паглядзець фільм, да якога не даходзіў час ці перагарнуць любімую кнігу. Лёгкая на пад’ём, прызнаецца, што без сумненняў рушыла б з сябрамі ў вандроўку па свежыя эмоцыі.
Што тычыцца праблем, якія сустракаюцца на шляху ў кожнага чалавека, то тут Надзея ўпэнена: ва ўсім трэба знаходзіць плюсы і часцей усміхацца.
Тэкст і фота Ганны МЕЛЬНІК

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *