Малады чалавек года настаўнік замежнай мовы СШ № 3 г. Століна Ірына Сяргееўна Круг

Уся ўвага сёння настаўніку замежнай мовы сярэдняй школы № 3 г. Століна Ірыне Сяргееўне Круг, якая стала  пераможцай раённага конкурсу “Малады чалавек года-2015” у галіне адукацыі і навукі.

Малады, энергічны, таленавіты, прывабны настаўнік ужо звыклася з такой пільнай увагай да сваёй асобы. У мінулым годзе яна прымала ўдзел у раённым конкурсе “Малады настаўнік года” і стала яго пераможцай. Ды і кожны ўрок, кожны працоўны дзень – гэта значны вопыт сцэнічнай дзейнасці і публічнага выступлення.  Расказвае пра сябя Ірына Круг крышачку сарамліва, але дакладна вызначаючы жыццёвыя прыярытэты.

Нарадзілася і вырасла мая субяседніца ў вялікай і дружнай сям’і. Бацька Ірыны, Бабаловіч Сяргей Сяргеевіч, працуе ў філіяле КУП “Брэстаблдарбуд” Столінскае ДРБУ № 141, а маці, Бабаловіч Юлія Уладзіміраўна, — у ААТ “Столінрайаграсэрвіс”. Старэйшы брат Сяргей пасля заканчэння ўніверсітэта вярнуўся працаваць у Столін, малодшая сястра Яніна працуе ў Мінску. З мужам Дзмітрыем пазнаёмілася, калі вучылася ва ўніверсітэце, на той час ён ужо працаваў у Століне. Таму, калі прыйшоў час размеркавання на працу, пытанняў не паўстала, і малады настаўнік прыехала працаваць у родныя мясціны.

З дзіцячых гадоў Ірына ўспамінае, што дашкольную ўстанову  яна не наведвала, бо яе разам са старэйшым братам Сяргеем і малодшай сястрычкай Янінай выхоўвала маці. Але калі прыйшоў час ісці ў школу, Ірына  ўжо ўмела і чытаць, і пісаць.

– Чытаць люблю з дзяцінства і ўсе творы, якія праходзілі ў школе па рускай  і беларускай літаратуры, чытала з задавальненнем ад пачатку і да канца, нават “Вайну і мір”, — прызнаецца Ірына Круг. — Зараз таксама, калі ёсць вольны час, стараюся пачытаць які-небудзь твор з класікі  альбо з творчасці  сучасных пісьменнікаў. З мэтай самаадукацыі чытаю на англійскай мове – гэта добра дапамагае пашырыць слоўнікавы запас. А вось “Маленькі прынц” варта было б прачытаць усім, бо ён дапамагае пераасэнсаваць многія жыццёвыя моманты.

Лічу, што мне вельмі пашанцавала з настаўнікамі, калі вучылася ў сярэдняй школе № 2 р. п. Рэчыца. Маёй першай настаўніцай была вопытны педагог і выдатны чалавек Ганна Іосіфаўна Дзямідовіч.   Неяк на ўроку мы гаварылі пра тое, кім будзем, калі вырасцем, і я дакладна прыпамінаю, што ўжо тады  марыла стаць настаўніцай. Таксама добрым прыкладам для мяне былі мой класны кіраўнік Ірына Пятроўна Камарова, дырэктар школы і настаўнік матэматыкі Аляксандр Мікалаевіч Вячорка, настаўнікі філалагічнага напрамку Марыя Міхайлаўна Кісель і Людміла Мікалаеўна Паступінская. Я ўдзячна ўсім сваім настаўнікам, бо цяпер разумею, што гэта нялёгкая праца: дзяліцца сваімі ведамі і навучыць дзяцей карыстацца імі ў жыцці.

– Якім павінен быць, на Ваш погляд,  сучасны настаўнік?

– Сучасны настаўнік павінен быць творчым, ініцыятыўным, гатовым да змен і абавязкова  павінен валодаць сучаснымі інфармацыйнымі тэхналогіямі.  Настаўнік павінен у любых жыццёвых абставінах заставацца чалавекам, гатовым выслухаць вучня, дапамагчы, даць параду. Вучань павінен бачыць у нас не непрыступную сцяну, а сябра.

– Што вы можаце сказаць пра школу, у якой працуеце, пра калег?

– Удзячна лёсу, што мне пашанцавала пасля заканчэння Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы прыйсці працаваць у сярэднюю школу № 3 г. Століна. Строгія і патрабавальныя дырэктар Людміла Андрэеўна Андрыяшка і яго намеснікі Наталія Васільеўна Савончык, Любоў Якаўлеўна Арсяновіч заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу і даць слушную  параду. Лёгка працаваць  удаецца і з настаўнікамі кафедры замежных моў, творчымі і ініцыятыўнымі.

– Ці прыносіць Вам задавальненне Ваша работа?

– І на работу, і з работы іду з добрым настроем, таму што работа прыносіць радасць і задавальненне, нягледзячы на тое, што бываюць і цяжкія дні: шмат урокаў, стомленыя вучні… У рабоце настаўніка, як і ў любой іншай, ёсць свае плюсы і мінусы. Нічога ў жыцці лёгка не даецца, таму барацьба з цяжкасцямі   надае сілы і вопыту.

– Вучыць, працаваць з дзецьмі, даносіць веды і чакаць ад іх аддачы. Як вы лічыце, гэта ў Вас добра атрымліваецца?

– Я толькі на пачатку дарогі пад назвай “настаўнік”, але за два гады працы паспела даць некалькі адкрытых урокаў і пазакласных мерапрыемстваў у сценах сваёй школы, а ў  межах конкурсу “Малады настаўнік года” – урокі ў сярэдняй школе № 2 г. Століна і школе ў г. Лунінцы. Працаваць з дзецьмі мне падабаецца і здаецца, што ў  мяне гэта добра атрымліваецца. Найбольш важным для мяне з’яўляецца меркаванне маіх вучняў. Калі ў канцы ўрока я бачу, што яны зразумелі матэрыял і  выходзяць з класа ў добрым настроі, дык для мяне гэта і ёсць  найлепшая ацэнка.

– Ірына Сяргееўна, складваецца ўражанне, што ў Вас нямА ні хвіліначкі вольнай і ўсё     раскладзена па палічках, размеркавана. Ці ёсць у Вас захапленні?

– У вольны час люблю  паглядзець добрую камедыю, пачытаць кнігу, схадзіць у госці да родных, паразмаўляць з сябрамі. Усё гэта дапамагае расслабіцца і набрацца жыццёвых сіл. Вельмі падабаецца падарожнічаць і па прасторах нашай роднай Беларусі, і за яе межамі. Я ўжо пабывала ў Англіі, Расіі, Чэхіі, Польшчы. І спадзяюся, што на гэтым спіс не скончыцца. Хочацца наведаць яшчэ многія краіны Еўропы і Азіі.

– Калі б была такая магчымасць, Вы б змянілі што-небудзь у сваім жыцці?

– Нічога не мяняла б, бо гэта ўжо было б  не тое, не маё  жыццё. Кожны дзень для мяне шчаслівы па-свойму і прыносіць нешта добрае.  Няхай гэта будзе штосьці дробнае, але менавіта з гэтых дробязяў і складаецца наша жыццё. Адчуваю сябе супакоенай, калі ведаю, што ў родных і блізкіх усё добра. Канешне, часам бываю незадаволена сабой, але дрэнны настрой мне дапамагаюць перамагчы гутаркі з роднымі. Некалькі слоў падтрымкі —  і дрэннага настрою як не было. Маю яшчэ адну слабасць — вельмі люблю салодкасці,   асабліва малочны шакалад і тарты, але і гэтым трэба час ад часу прынесці сабе радасць.

– У чым, на Ваш погляд, заключаецца сакрэт сапраўднага жаночага шчасця?

– Сакрэт сапраўднага жаночага шчасця – вялікая дружная сям’я, здаровыя дзеці. Калі ёсць сям’я – значыць усяго хапае, а матэрыяльныя каштоўнасці… сёння — ёсць, заўтра — няма. Прызнаюся, што лічу сябе сапраўды шчаслівым чалавекам, бо ў мяне вельмі дружная сям’я, добрая работа, верныя сябры. Па жыцці для мяне ідэалам з’яўляецца мая матуля. Я заўсёды дзівуюся, адкуль у яе бярэцца столькі энергіі і на нас, і на работу. Я вельмі ўдзячна ёй за ўсё, што маю ў жыцці. Ды і сама ў хуткім часе рыхтуюся набыць новы статус – маці. Таму большасць маіх планаў звязана менавіта з гэтай падзеяй. А чытачам і ўсім жыхарам раёна хочацца пажадаць шчасця і сямейнага дабрабыту.

Людміла КАСПЯРОВІЧ

Малады чалавек года настаўнік замежнай мовы СШ № 3 г. Століна Ірына Сяргееўна Круг: 1 комментарий

  • 11.03.2016 в 4:48 пп
    Permalink

    Здорово, что в школах есть такие учителя

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *