Лепшы падарунак – усмешкі родных

Наталля Іванаўна Германовіч – уладальніца ордэна Маці, якім узнагароджваюцца жанчыны, што нарадзілі і выхавалі пяць і больш дзяцей. Будучы мнагадзетнай маці, у Дзень жанчын  абавязкова атрымае шмат падарункаў ад сваёй сям’і. Яна імкнецца не прапускаць ні аднаго ранішніка і свята, у якім прымаюць удзел яе дзеці. Самаробныя паштоўкі і падарункі штогод з’яўляюцца і займаюць пачэснае месца ў доме. Хаця сама жанчына сцвярджае, што самы лепшы падарунак для яе – гэта ўсмешкі дзяцей і іх цудоўны настрой.

Наталля Іванаўна  нарадзілася і жыве ў аграгарадку Альшаны, які знакаміты на ўсю краіну вялікай колькасцю мнагадзетных сем’яў. І пяцёра дзяцей у сям’і для гэтага палескага куточка – зусім не рэдкасць. Жанчына сама мае яшчэ шасцёра братоў і сясцёр. А ў сям’і мужа Міхаіла ўвогуле было 12 дзяцей!

Таму ёй звыкла жыць сярод звонкіх дзіцячых галасоў, якія наперабой расказваюць маці пра свае справы. Дзіўна, але ўважліва выслухаць кожнага і даць слушную параду, на думку Наталлі Іванаўны, самая складаная задача, а не прыборка ці прыгатаванне ежы, як можа здацца чытачу. Тут ужо ёсць свае памочнікі. Гатаваць дапамагае 14-гадовая дачка Ганна, якая ў хатніх справах – правая рука. Тая і сама часта любіць паспрабаваць сябе ў якасці шэф-повара, таму маці цалкам давярае дачцэ кухню. А вось бацьку дапамагае старэйшы сын Сяргей, які ходзіць у 10 клас. Яны і дровы нарыхтуюць на сезон, і парнік падрамантуюць, і на  гаспадарчым двары парадак заўсёды. Ды і 12-гадовы Аляксей у курсе ўсіх спраў, разважліва падыходзіць да любога задання. Імя атрымаў у гонар дзеда і характар мае падобны: гэтак жа адказна ставіцца да сваіх абавязкаў. На падхваце  Іван, якому споўнілася 10 гадоў. Ведае амаль усё пра  тэхнічныя навінкі, сябруе з камп’ютарам і можа знайсці ў інтэрнэце патрэбную інфармацыю ў лічаныя хвіліны. Апошняй у сям’і нарадзілася шчабятуха Аліна, якой толькі чатыры гады. Яна рана пачала гаварыць, і гэта зразумела: столькі настаўнікаў дома!

Усе дзеці ходзяць у альшанскую сярэднюю школу № 2, якая, на шчасце, знаходзіцца зусім побач каля іх дома. Раней, пакуль была толькі адна школа, дзецям складана было дабірацца, тым больш, што хадзілі ў дзве змены. Новае жыллё з’яўлялася на ўскраіне вёскі, якая была значна аддалена ад цэнтра. Нават на машыне цяжка было выехаць, бо дарогі былі не ўсюды. Цяпер жа зайсці ў школу можна ўсяго за некалькі хвілін. Дарэчы, свой новы дом сям’я Германовічаў пабудавала літаральна за год. Наталля Іванаўна вельмі ўдзячна бацькам, якія дапамагалі маладым, вучылі, раілі. Гэта вельмі важна, лічыць жанчына, калі ёсць цесная сувязь паміж пакаленнямі, калі ёсць узаемаразуменне і павага. Шчыра прызнаецца, што і са сваімі дзецьмі не хацела б развітвацца, таму рада была  б,  каб  магла  таксама штодзень бачыць сваіх унукаў.

Бацькі ўпэўнены, што толькі сваім прыкладам можна выхаваць дзяцей, а не загадамі і пагрозамі. Наталля Іванаўна ўспамінае, наколькі паважліва ставіліся адзін да аднаго ў яе сям’і і ўсе ведалі свае абавязкі. Бацькі працавалі ў калгасе, таму старэйшыя дзеці глядзелі за малодшымі, а дома заўсёды была чысціня і парадак.

Сама мнагадзетная маці раней таксама працавала ў альшанскім дзіцячым садку № 2, адказвала за рамонт і пранне бялізны. І добра ведае, што такое падтрымка дома. Калі прыходзіш, а цябе ўжо чакае гарачая вячэра. У гэтым пашанцавала з мужам, які   з’яўляецца  і  надзейным сябрам, і ўважлівым дарадчыкам, і цудоўным суразмоўцам. На яго можна спадзявацца на сто працэнтаў і яго слова – закон.

Ці ж не гэта жаночае шчасце? Шчыра рада за Наталлю і жадаю яе сям’і  цудоўнага настрою ў гэты святочны дзень!

Ганна Мельнік

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *