Клубу тысячніц – 30 гадоў

Напярэдадні Дня жанчын у Століне прайшоў злёт перадавікоў жывёлагадоўлі сельскагаспадарчых арганізацый Столінскага раёна па выніках работы за 2015 год.

Роўна 30 гадоў таму быў заснаваны клуб трохтысячніц – даярак, якія надаілі ў разліку на адну карову за год па тры тысячы і больш кілаграмаў малака. Цяпер у раёне няма такіх майстроў жывёлагадоўлі, якія не пакарылі гэты рубеж. А перадавыя аператары машыннага даення кароў замахнуліся на пакарэнне ўжо дзявятай тысячы кілаграмаў малака ад кожнай каровы.

Старшыня Столінскага райвыканкама Рыгор Васільевіч Пратасавіцкі адзначыў, што вытворчасць малака ў раёне – адзін з выніковых паказчыкаў усяго сельскагаспадарчага комплексу.  Ды і рэальныя фінансавыя здабыткі мы маем у першую чаргу ад рэалізацыі малака. Даяркі знаходзяцца якраз на перадавых пазіцыях барацьбы за высокія надоі. Толькі за апошнія гады ў раёне зроблена нямала па мадэрнізацыі малочнатаварных ферм, аснашчэнні іх сучасным абсталяваннем, што прывяло да значнага прагрэсу ў атрыманні і рэалізацыі канкурэнтаздольнай сыравіны. У бліжэйшай перспектыве далейшае будаўніцтва новых сучасных ферм у ААТ “Палеская ніва”, “Новая Прыпяць”, “Веляміцкі”.

Намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання па жывёлагадоўлі Аляксандр Ільіч Лузай у выступленні на злёце нагадаў, што 30 гадоў таму перадавікамі ў вытворчасці малака з’яўляліся былыя калгасы “Шлях да камунізму”, “Відзіборскі”, Запаветы Леніна”, “40 гадоў Кастрычніка”, якія маглі пахваліцца трохтысячнымі надоямі. А цяпер у цэлым па раёне ад кожнай каровы за год надоена па 4680 кілаграмаў малака, а ў ААТ “Палеская ніва”, “Кароцічы” – больш за 6000 кілаграмаў. У сямі гаспадарках перавышаны пяцітысячны надой. Вера Мікалаеўна Калітвянская з ААТ “Палеская ніва” надаіла ў мінулым годзе ад кожнай каровы па 8623 кілаграмы   малака,  Марыя  Уладзіміраўна Астапенка, таксама даярка з гэтай гаспадаркі, –  па 8204 кілаграмы. Па 7902 кілаграмы склаў гадавы надой у разліку на карову ў Любові Міхайлаўны Разановіч з ААТ “Новая Прыпяць”. Больш за шэсць тысяч кілаграмаў малака на карову маюць на сваім рахунку Таццяна Іванаўна Карняйчук з ААТ “Палессе АВМ”, Кацярына Уладзіміраўна Халімончык з ААТ “Кароцічы”, Святлана Якаўлеўна Каляда з СВК “Фядорскі”.

Адрасуючы самыя шчырыя словы ўдзячнасці даяркам раёна, галоўны спецыяліст філіяла ААТ “Савушкін прадукт” Марыя Іванаўна Шаўчук заўважыла, што цяпер прыкладна 85 працэнтаў малака на перапрацоўку паступае класам “экстра” і вышэйшым сортам. Такой высокай якасці прадукту яшчэ не было ў гісторыі перапрацоўчага прадпрыемства. За суткі на столінскім філіяле перапрацоўваецца каля 500 тон малака з мясцовых ферм. Спажыўцам за суткі вырабляецца каля 45 тон сыру з самага лепшага столінскага малака.

Вопытны тэхнолаг жывёлагадоўлі галоўны заатэхнік ААТ “Новая Прыпяць” Ганна Іванаўна Скрабейка ўспомніла той час, калі на фермах кароў даілі ўручную.

Усяго год адлічвае працоўны стаж галоўнага заатэхніка ААТ “Палессе АВМ” Таццяны Іванаўны Дзямко. Але якраз за гэты год надой ад кожнай каровы ў гаспадарцы павялічыўся адразу на 1231 кілаграм. Гэта рэкордная прыбаўка па раёне. Таццяна Іванаўна тлумачыць поспех смелым укараненнем перадавых тэхналогій у малочнай справе, якія сталі магчымымі дзякуючы мадэрнізацыі ферм.

Сваімі сакрэтамі высокіх дасягненняў падзяліліся ў час злёту перадавыя аператары машыннага даення кароў Таццяна Анатольеўна Скулавец з ААТ “Лядзецкі”, якая на працягу 26 гадоў доіць кароў на ферме, Наталля Іванаўна Дзенісевіч з КУВП “Манькавічы”, якая ўпершыню надаіла па 5300 кілаграмаў малака ад кожнай каровы, Наталля Аляксандраўна Рэкеш з КСУП “Веляміцкі”, якая знаходзіцца ў пачатку спасціжэння майстэрства выбранай прафесіі. Цікава было паслухаць меркаванні аб рабоце жывёлаводаў і галоўнага заатэхніка ААТ “Кароцічы” Ганны Майсееўны Сярэдзінай, аператара машыннага даення кароў ААТ “Новая Прыпяць” Аляксандры Мікалаеўны Тарасевіч.

У час пасяджэння за салодкім сталом у рэстаране “Гарынь” для ўсіх з натхненнем працавала народнае аматарскае аб”яднанне «Гарынскія папрадухі».

Грашовыя прэміі ад раённага аграпрамысловага саюза, раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, ААТ “Савушкін прадукт”. Іх уручалі перадавікам старшыня райвыканкама Рыгор Васільевіч Пратасавіцкі, намеснік начальнік ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама  Аляксандр Ільіч Лузай, старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Аляксей Аляксеевіч Дзямко.

Фёдар ШУМКО

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *