ЧАЛАВЕК СПРАВЫ: Не ўмее рабіць абы-як

У ходзе размовы з аператарам машыннага даення кароў адкрытага акцыянернага таварыства “Палеская ніва” Верай Мікалаеўнай Калітвянскай я спытаў: што для яе самае прыемнае, а што самае складанае ў яе рабоце? Не адразу і не прама атрымаў яе адказ. Але ўсё стала відавочным, калі пазнаёміліся з ёю бліжэй.

Да гэтага Вера Мікалаеўна так заўзята расказвала пра ферму, штодзённыя клопаты, лепшых каровак, што стала зразумелым: гэтым яна жыве, выбранай справе аддае ўсе свае здольнасці.

І так хацелася зразумець, адчуць сакрэт гэтай даяркі, якая надаіла ад кожнай каровы больш за ўсіх у раёне малака – па 8623 кілаграмы! Гэта амаль у два разы больш, чым доіцца ў сярэднім па краіне.

Вера нарадзілася ў вёсцы  Аздамічы ў мнагадзетнай сям’і. Бацькі падымалі семярых, жылі не заможна. Маці, Надзея Фёдараўна, працавала даяркай. Летам жывёлу трымалі ў лагерах, што знаходзіліся далёка, як тут казалі, у лесе. Даводзілася і заставацца начаваць у “куранях”, каб падаіць кароў і вечарам, і на досвітку. Вядома, даілі без механізмаў, уручную. Даярак ва ўрочышча Ісцец на лодцы па рэчцы Баравой дастаўляў бацька Веры, Мікалай Іванавіч.

Вера з дзяцінства не гультайнічала, па магчымасці дапамагала бацькам. Рана навучылася і кароў даіць. Вызначалася настойлівасцю, стараннем у рабоце. А яшчэ яе можна было пачуць на сельскіх канцэртах, дзе дзяўчына любіла спяваць.

Работа цяпер у Веры Мікалаеўны цікавая і вельмі адказная. Яна доіць тых кароў і цялушак на ферме “Мачуль”, якія перадаюцца ў іх кароўнік адразу з радзільнага аддзялення. Пасля пяцідзённага знаходжання ў радзілцы такой жывёлы Вера Мікалаеўна разам з іншымі даяркамі займаецца раздоем.

Тут трэба адзначыць, што арганізаваны раздой малочнага статка ў ААТ “Палеская ніва” – прыклад беражлівага стаўлення да племяннога ядра, сакрэт поспеху гаспадаркі ў малочнай справе.

Калектыў даярак на раздой кароў падбіралі з лепшых працаўніц. Побач працуюць Ганна Уладзіміраўна Бакавец, Вольга Рыгораўна Кудласевіч, Надзея Віктараўна Андрайчук, Людміла Сцяфанаўна Еўмянчук, Мальвіна Іванаўна Ляшкевіч. Не выпадкова некаторых з іх, у тым ліку і Веру Мікалаеўну, штодня на ферму падвозяць з суседняй вёскі Цераблічы. І Вера Мікалаеўна загартоўку прайшла на Ферме “Пескі” ў Цераблічах, пакуль заўважылі яе старанне і ўменне.

Што робіць на ферме даярка? Зразумела, доіць кароў. Але не толькі. Колькі працуе Вера Мікалаеўна на гэтай ферме, малака ніжэй за сорт “экстра” тут не атрымлівалі. І гэта не на новай, сучаснай высокамеханізаванай ферме, а на пабудаванай дзесяцігоддзі таму, дзе прымяняецца яшчэ малакаправод.

– І гэта самае прыемнае для мяне, усіх нашых даярак, — прызнаецца Вера Мікалаеўна, — мы ведаем, што атрыманае намі малако самае чыстае, самае смачнае, самае карыснае.

Пра самае складанае, цяжкае ў рабоце прызнаецца без скаргаў і шкадавання:

– Самае складанае – трымаць у чысціны вымя кароў. Мы робім гэта так, што вымя ідэальна чыстае, ніхто не прыдзярэцца.

Яшчэ адзін клопат даярак – захаванне чысціні ў памяшканні. Гэта азначае, што двойчы за дзень трэба прыбраць стойлы, пасыпаць свежыя апілкі. Праца ручная. Прывезеныя апілкі жанчыны носяць па кароўніку ў падолах. Робіцца гэта пасля таго, як кожную кароўку групы адвязваюць і адпраўляюць на прагулку на паўтары гадзіны.

Кармленнем жывёлы, выдаленнем гною займаюцца іншыя работнікі фермы.

У нашай размове з Верай Мікалаеўнай пацікавіўся: ці можна было б мець такія вынікі і на іншай, напрыклад, адстаючай ферме?

– У нас горш працаваць проста нельга, — разважае перадавая даярка. – За захаваннем тэхналогіі пільна сочаць галоўныя заатэхнік, ветурач. Кармы ў нас якасныя, іх дастаткова. Пастаянна ёсць гарачая вада, сурвэткі  для  абслугоўвання  кароў.  Робіцца ўсё, каб папярэдзіць захворванне жывёлы.  Чаму б у такіх умовах, калі іх стварыць на кожнай ферме,  не атрымліваць высокія надоі?

Да гэтага трэба дадаць, што нават пры адсутнасці захворванняў кароў даяркі пастаянна пільна сочаць-правяраюць першыя струменьчыкі малака, каб не здарылася бяды.

Спецыяльна кароў па групах не размяркоўваюць. Сярод 50-ці іншы раз трапляюцца рэкардысткі. У час кантрольных доек некаторыя даюць па 25 кілаграмаў малака. Ёсць нямала кароў-доўгажыхарак, бо ў гаспадарцы ашчадна ставяцца да высокапрадуктыўных пародных жывёлін.

Вечарам Вера Мікалаеўна вяртаецца дамоў у Цераблічы. У выдзеленым гаспадаркай дыхтоўным доме ўсё па-гарадскому: прыродны газ, гарачая вада, цяпло, усе ўмовы. Сын і дачка маюць ужо свае сем’і, жывуць побач.

Фёдар ШУМКО

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *