Беларусь – краiна мiру

У мінулую нядзелю, 28 лютага 2016 года, у сельскім Доме культуры аграгарадка Белавуша сустракалі штогадовую Міжнародную сацыяльна-творчую праграму “Чарнобыльскі шлях – дарога жыцця”, якая праходзіць па раёнах, што пацярпелі ад наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС у Гомельскай, Магілёўскай, Брэсцкай і Гродзенскай абласцях, раёнах-пабрацімах Бранскай і Смаленскай абласцей Расіі. Сёлетні дэвіз праграмы: «Беларусь – краіна міру».

Арганізатарамі дадзенай праграмы вось ужо 30 гадоў з’яўляюцца Дэпартамент па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях і Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, грамадскія аб”яднанні  “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” і  “Беларускі фонд міру”.

– Сацыяльна-творчая праграма “Чарнобыльскі шлях – дарога жыцця” створана з мэтай  падтрымаць людзей, якія жывуць на тэрыторыях, забруджаных радыенуклідамі, – гаворыць аўтар і кіраўнік праекта Кацярына Іванаўна Копелева. –  Цяпер мы накіроўваем погляд на будучыню рэгіёнаў, якія пацярпелі ў выніку аварыі на ЧАЭС, на пошук таленавітых дзяцей, на развіццё іх творчага патэнцыялу, унутранага свету.  Дзякуючы гэтай праграме створана цэласная сістэма культурнага   абслугоўвання   насельніцтва аддаленых раёнаў. Першае прызнанне атрымалі тысячы юных талентаў, а для некаторых з іх удзел у праграме стаў пуцёўкай на вялікую сцэну і нават сусветную творчую арэну.

І па традыцыі кіраўнік і пастаянная вядучая праграмы Кацярына Копелева запрасіла на сцэну юныя таленты. Сваё выканальніцкае майстэрства поўнай зале гледачоў і гасцям дэманстравалі Крысціна Вандзіч, Аляксандра Бруцкая і Дана Яхнавец з Белавушы (кіраўнік Руслан Храпіцкі), Мікалай Андрайчук з Сямігосціч (кіраўнік Валянціна Літвінчук), трыа ў складзе Дзіяны Бруцкай, Настассі Ляшко і Наталлі Ляшко, а таксама Эдуард Пешка — удзельнікі студыі “Музыкальная капель” Столінскага цэнтра дзіцячай творчасці (кіраўнік Анжаліка Калавур). Не выключана, што гэтыя дзеці прымуць удзел у мерапрыемствах з нагоды 30-годдзя катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, якія адбудуцца ў красавіку ў г. Хойнікі і ў маі ў г. Мінску.

Затым  на сцэну выходзілі маладыя выканаўцы, якіх творчая група праграмы адкрыла падчас паездак па “чарнобыльскіх” раёнах. Цудоўнымі галасамі і песнямі парадавалі лаўрэаты міжнародных конкурсаў і фестываляў Анастасія Купрыянцава са Слаўгарада і Дзмітрый Шуканаў з Лельчыц, віртуознай ігрой на баяне  — Павел Шайтанаў з Мар”інагорскага аграрна-тэхнічнага каледжа. Унікальным цірольскім спевам (ёдль), музычнымі пародыямі здзівіў Генадзь Санько з Брэста. А разам з народным артыстам Беларусі кампазітарам Эдуардам Ханком, ураджэнцам г. Брэста, гледачы ўспомнілі яго песні, якія былі шлягерамі мінулага стагоддзя. Пад дружныя апладысменты Эдуард Сямёнавіч выканаў песні “Самурай” і “Брэст”.

У заключэнне ўсе юныя выканаўцы атрымалі  падарункі  і   сфатаграфаваліся  на памяць з удзельнікамі творчай групы. А народны артыст Беларусі Эдуард Ханок уручыў дыпломы Дэпартамента па ліквідацыі катастрофы на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі  і   Міністэрства  па  надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь за падтрымку таленавітай і адоранай моладзі, актыўную дапамогу ў падрыхтоўцы і правядзенні штогадовых міжнародных сацыяльна-творчых праграм “Чарнобыльскі шлях – дарога жыцця”.   Дыпломамі    ўзнагароджаны старшыня раённага выканаўчага камітэта Рыгор Васільевіч Пратасавіцкі, начальнік  аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Васіль Андрэевіч Заруба, старшыня СВК “Фядорскі” Рыгор Аляксеевіч Дзямко, дырэктар КУВП “Манькавічы” Аляксей Васільевіч Мікуліч, дырэктар Белавушскага сельскага дома культуры Руслан Лявонцьевіч Храпіцкі, узорны танцавальны калектыў “Карагод” Столінскага ГДК (кіраўнік Таццяна Уладзіміраўна Старасціна) і Столінскі цэнтр дзіцячай творчасці (дырэктар Людміла Мікалаеўна Леанавец).

Дзве гадзіны ў цёплай, сяброўскай абстаноўцы праляцелі непрыкметна. Усіх выканаўцаў ушанавалі кветкамі,  а начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Васіль Андрэевіч Заруба  ад імя ўсіх са сцэны шчыра падзякаваў артыстам за цудоўны вечар.

Галіна ГАШЧУК

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *