АСОБА: Палескі гаспадар

Сямідзесяцігадовы юбілей адзначыць у нядзелю адзін з найбольш вядомых і аўтарытэтных прадстаўнікоў старшынёўскага корпусу Беларусі  Рыгор Дзямко.

На працягу больш як чатырох дзесяцігоддзяў Рыгор Аляксеевіч паспяхова  кіруе гаспадаркамі Століншчыны. СВК “Фядорскі”, які ён узначальвае ужо трыццаць першы год, няма роўных у вобласці па вытворчых паказчыках жывёлагадоўлі. На фермах гаспадаркі ўтрымліваецца амаль 19 тысяч галоў буйной рагатай жывёлы, у тым ліку 2527 дойных кароў. Сярэдні ўдой за мінулы год на карову склаў амаль шэсць тысяч кілаграмаў малака, а сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе адкормнікаў буйной рагатай жывёлы дасягнулі 838 грамаў.  Летась гаспадарка паставіла перапрацоўчым прадпрыемствам рэспублікі 5457 тон мяса і звыш чатырнаццаці тысяч тон малака. Высокія вытворчыя паказчыкі і ў раслінаводстве гаспадаркі. Усё гэта дасягнута дзякуючы старанню працоўнага калектыву, якім мудра кіруе палескі аксакал Рыгор Аляксеевіч Дзямко.

А пачынаў свой працоўны шлях у сельскай гаспадарцы выпускнік агранамічнага факультэта Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі  Рыгор Дзямко з агранамічнай службы ў альшанскім калгасе “40 гадоў Кастрычніка”, якім кіраваў слынны хлебароб Іван Дзмітрыевіч Янкоўскі. Восем гадоў Рыгор Аляксеевіч узначальваў харомскі калгас імя Кірава і на пачатку 1986 года кіраўніцтва Столінскага раёна вырашыла накіраваць Рыгора Дзямко ў фядорскую гаспадарку, на базе якой планавалася стварыць магутны саўгас на асушаных землях беларускага Палесся. Як узгадвае былы старшыня Столінскага райвыканкама Георгій Андрэевіч Маркоўскі, як паказаў час, у кандыдатуры кіраўніка перспектыўнай гаспадаркі не памыліліся. У створаным саўгасе “Прагрэс” пачалося будаўніцтва жывёлагадоўчага комплексу на 10 тысяч галоў буйной рагатай жывёлы, асвойваліся тысячы гектараў абноўленых зямель у пойме Стыра і Прыпяці.

Цяпер плошча сельгасугоддзяў рэфармаванага саўгаса “Прагрэс” у СВК “Фядорскі” перавышае дзесяць тысяч гектараў, на якіх пераважна вырошчваюцца кармавыя культуры для забеспячэння грамадскага статка.

Рыгор Аляксеевіч упэўнена трымае штурвал адной з самых эфектыўных гаспадарак Беларусі. Працоўныя здабыткі таленавітага аграрыя ацэнены высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі – ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалём “За працоўную доблесць” і ордэнам Айчыны ІІІ ступені, прысваеннем званняў заслужанага работніка сельскай гаспадаркі Беларусі і ганаровага грамадзяніна Столінскага раёна, выбраннем дэпутатам Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

Прадзед Рыгора Аляксеевіча шляхціц Іосіф Булат, які валодаў багатымі надзеламі ў цэнтральнай Польшчы, стагоддзе таму схаваў у палескую глухамань сваю сям’ю ад Першай сусветнай вайны. На Палессі спакон вякоў народ пакладзісты, цярплівы і ў гэты ціхі куточак яшчэ раней прыбіліся не столькі ад галечы, колькі ад неспакойнага жыцця ў часы Аўстра-Венгерскай імперыі закарпацкія продкі смуглявага роду Дзямко, гены якіх дагэтуль моцна трымаюцца ў абліччы чарнабровых нашчадкаў.

Здзіўлена ўспрымалі палешукі вытанчаную дачку шляхціца Агаф’ю Булат у незвычайным для мясцовых сялян капелюшы ды яшчэ з пер’ем. Зачараваў паненку сваёй прыгажосцю нашчадак закарпацкіх перасяленцаў каржакаваты Іван Дзямко. Як не супраціўляліся ганарлівыя Булаты, але згараючая ад кахання Агаф’я настаяла на сваім і стала жонкай Івана. У перадваенныя гады савецкай улады на Палессі ўвесь шляхетны род Булатаў як кулацкі клас вывезлі ў Сібір. Замужнюю Агаф’ю Дзямко не кранулі. Па ўсім свеце параскідаў лёс яе вялікую радню.

– Аднойчы мне ў час вучобы ў Горках  сваякі з замежжа прыслалі модны балоневы плашч, — узгадвае Рыгор Аляксеевіч.- Пісьмы ад сваякоў прыходзілі з Англіі і Амерыкі, дзе і цяпер жывуць нашчадкі нашага роду. Бабуля Агаф’я гэтым вельмі ганарылася. Калі яе сын Аляксей закахаўся ў сіроцкую дзяўчынку з суседняга Талмачава, катэгарычна запярэчыла. Але каханне перамагло і маладыя пажаніліся. Доўга не падпускала нявестку да печы фанабэрыстая Агаф’я Іосіфаўна, чым падкрэслівала сваё верхавенства ў хаце. Так разам перажылі і ваеннае ліхалецце. Падрасталі тры сыны Васіль, Іван і Кузьма. Я – чацвёрты ў сям’і, але не апошні. Бацькі збудавалі сваю  хату і накрылі яе чаротам. Летнім часам з сябрамі-падлеткамі ў чаротавым даху адшуквалі “заляпанкі” з мёдам дзікіх пчол і ласаваліся.  Цукеркаў у дзяцінстве мы амаль не бачылі.

Да нас любіў заходзіць дзед Іван, які заўзята смаліў тытунёвыя самакруткі.  Сяджу каля лямпы за ўрокамі, а ён нахіліцца да шкельца і прыкурвае. Бабуля Агаф’я не так часта наведвала нас. На перапынках паміж урокамі бегалі да яе падсілкавацца пампушкамі, якія ўмела і  любіла гатаваць  для шматлікіх унукаў. Да культуры нас прызвычайвала.

І школа выхоўвала палескага юнака, якому пашчасціла вучыцца ў інтэлігентнай настаўніцы Надзеі Іванаўны Кавалец, удастоенай высокага звання Героя Сацыялістычнай Працы. Дзякуючы такім педагогам многія выпускнікі Вялікамалешаўскай сярэдняй школы атрымалі вышэйшую адукацыю. Дыплом вучонага агранома атрымаў Рыгор Дзямко на агранамічным факультэце Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. Накіравалі яго на працу ў Паўладарскую вобласць Казахстана. Маладому спецыялісту выплацілі 180 рублёў пад’ёмных, гэта было больш чым самы высокі заробак за месяц у тагачаснага старшыні калгаса. Заставалася толькі развітацца з роднымі перад ад’ездам у цалінны край. Хваляваўся, як бацькі паставяцца да размеркавання. Па дарозе дамоў завітаў у Альшаны, дзе праходзіў пераддыпломную практыку. Сустрэўся са старшынёю калгаса Іванам Янкоўскім, які даведаўся пра размеркаванне ў Казахстан і аператыўна дабіўся пераразмеркавання маладога агранома ў свой калгас, які грымеў поспехамі. Толькі што Іван Янкоўскі атрымаў званне Героя Сацыялістычнай Працы.

Ураджайнасць пшаніцы на высокаўрадлівых асушаных землях перавышала сорак цэнтнераў з гектара. Займаліся ў гаспадарцы і высадкамі на насенне буракоў, морквы, турнэпсу, цыбулі. Сеялі чарнушку і атрымлівалі насенную цыбульку.

Іван Дзмітрыевіч умеў расставіць кадры, па-гаспадарску планаваць дзейнасць калектыву. Маладыя   спецыялісты  спасцігалі яго навуку кіравання. Кузняй кадраў стала гаспадарка, дзе аграном-насеннявод Рыгор Дзямко атрымаў першую  дзяржаўную ўзнагароду – ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга. Кіраўнік калгаса ўмеў патрабаваць і шчыра радаваўся поспеху іншых. Да маладых спецыялістаў ставіўся па-бацькоўску. Калі Рыгору Дзямко прыйшла павестка на службу ў армію, старшыня калгаса дамовіўся з ваенкамам на адтэрміноўку. Але малады спецыяліст настаяў і паўтара года адслужыў. Вярнуўся ў Альшаны і яны яшчэ восем гадоў працавалі разам. Іван Дзмітрыевіч Янкоўскі меў вялікі аўтарытэт, неаднойчы выбіраўся дэпутатам органаў улады і дэлегатам партыйных з’ездаў. Дзякуючы яму Міністэрства меліярацыі і воднай гаспадаркі СССР выдзеліла з саюзнага фонду значныя сродкі на асушэнне альшанскіх балот, дзе атрымлівалі высокія ўраджаі лёну, буракоў, збожжавых. Калгасніцы ўручную апрацоўвалі лён і здавалі на прыёмны пункт.

Альшанскі калгас неаднаразова выходзіў пераможцам Усесаюзнага     спаборніцтва  па  ўраджайнасці асноўных сельгаскультур.

 Побач з вопытнымі хлебаробамі старанна працавала і моладзь. Вечарамі ў  Альшанах  ладзіліся танцы ў прасторным Доме культуры, адзіным у той час па маштабах на Століншчыне. Зачаравала маладога агранома альшанская прыгажуня Ульяна, якая пасля заканчэння Пінскага саўгаса-тэхнікума вярнулася ў свой калгас заатэхнікам-селекцыянерам. Маладыя пажаніліся, пабудавалі свой дом.

Так склаліся абставіны, што Рыгор Аляксеевіч амаль на паўгода пакінуў Століншчыну і  ўзначаліў  агранамічную навуку вобласці. Жонка з двума сынамі і дачкою засталіся ў Альшанах. Не па сабе было Рыгору Аляксеевічу сядзець у кабінеце і перакладваць паперы. Вярнуўся ў Альшаны. Даведаўся, што Янкоўскі адпачывае ў санаторыі. Паехаў да яго і атрымаў прапанову на пасаду намесніка старшыні калгаса. Нядоўга быў Рыгор Дзямко ў намесніках. Узначаліў калгас імя Кірава і на 8 гадоў затрымаўся там. А на пачатку 1985  года ў кабінеце міністра сельскай гаспадаркі Беларусі Фёдара Мірачыцкага атрымаў загад аб прызначэнні дырэктарам створанага на асушаных землях Палесся саўгаса “Беражцы” Столінскага   раёна.  Самалётам  праз  гадзіну быў у Пінску, адкуль рукой падаць да Фядор – цэнтральнай сядзібы ствараемага новага саўгаса. Пачыналі гаспадарыць на 800 гектарах калгасных зямель.

Пасля шматлікіх рэарганізацый гаспадарка, створаная на абноўленых землях Палесся, атрымала назву СВК “Фядорскі”. Мінулым засушлівым летам тут кожны гектар даў па 43,3 цэнтнера збожжа. Намалочана звыш дзесяці з паловай тысяч тон збожжа, што грунтоўна ўзмацніла кармавую базу. Некалькі гадоў таму да фядорскай гаспадаркі далучылі заняпалы радчыцкі калгас.  На буксір фядорскія працаўнікі ўзялі і суседнія гаспадаркі з цэнтральнымі сядзібамі ў Плотніцы і Стахаве. Дапамагаюць кармамі жывёлаводам манькавіцкай і глінкаўскай гаспадарак.

Па выніках мінулага года найбольшая рэнтабельнасць у гаспадарцы дасягнута ад вытворчасці малака і складае амаль 60 працэнтаў. Рэнтабельная і вытворчасць мяса, а таксама некаторых сельгаскультур. Штодзённа з жывёлагадоўчых ферм гаспадаркі пастаўляецца на перапрацоўчыя прадпрыемствы звыш сарака тон малака.

На думку кіраўніка ў гаспадарцы яшчэ ёсць нявыкарыстаныя рэзервы павелічэння вытворчасці прадукцыі палёў і ферм.  Непакоіць яго, што многія меліярацыйныя аб’екты патрабуюць неадкладнага рамонту. Спадзяёмся, што ўсе асушаныя масівы будуць прыведзены ў парадак. Не чакаючы дапамогі з боку меліярацыйных арганізацый, наладжана работа па ачыстцы магістральных каналаў, рамонце калектараў. І ў зімовыя дні магутная тэхніка штодзённа працавала на зямельных масівах.

Пастаянна вядзецца мадэрнізацыя на жывёлагадоўчых комплексах, фермах і іншых вытворчых участках.

– Інакш не выжылі б, — рэзюмуе Рыгор Аляксеевіч. — Заходняя Еўропа  нізкаўрадлівую зямлю не выкарыстоўвае  для раслінаводства. Там, дзе ёсць аддача, і сродкі ўкладваюцца. Не на ўсіх нашых меліяраваных землях можна высокаэфектыўна працаваць. Гэта штучна створаныя ўгоддзі і яны патрабуюць пастаяннай падтрымкі.

Мы можам асцярожна карыстацца гэтым, а нешта перайначваць  складана і рызыкоўна. На асушаных масівах ганчарны дрэнаж, што ўкладвалі чвэрць стагоддзя таму, зацягло глеем. Поўныя каналы вады і пачынаецца забалочванне. Ужо новая тэхналогія дрэнажу з поліэтыленавых трубак, што патрабуе немалых затрат.

– Рыгор Аляксеевіч,  за тры дзесяцігоддзі кіравання фядорскай гаспадаркай вы яе ўпэўнена вывелі ў лік найбольш эфектыўных не толькі ў раёне, вобласці, але і рэспубліцы. Ці ёсць жаданне далей трымаць у руках штурвал такога магутнага карабля, ад накірунку якога залежаць лёсы тысяч палешукоў?

– Гады мільгаюць, як пейзажы з вагоннага акна, а стан душы па-ранейшаму кліча да працы. Ганаруся тым, што зроблена за мінулы перыяд. Якой прыгожай стала былая вёска Фядоры, якая першай ў раёне атрымала статус аграгарадка. Колькі моладзі працуе на нашых фермах і палях. Дзеткі маюць магчымасць наведваць дашкольныя дзіцячыя ўстановы і школы. Жадаючых выпускнікоў школ пасылаем вучыцца з перспектывай вяртання ў гаспадарку.

 Хутка цэнтр аграгарадка ўпрыгожыць велічны праваслаўны храм, на ўзвядзенне якога не шкадуем сродкаў.

У нашых вёсках  паўстаюць   новыя вуліцы сучасных катэджаў, у якія перасяляюцца жывёлаводы, механізатары, спецыялісты, настаўнікі. Пастаянна паступаюць заявы з просьбай прыняць на працу. Вабяць людзей заробкі, сацыяльна-бытавыя і вытворчыя ўмовы.

Сорак першую старшынёўскую вясну сустрэў Рыгор Аляксеевіч Дзямко, нашчадак далёкага продка Іосіфа Булата, для якога Палессе было глухім кутком, дзе можна было схавацца. Дзякуючы таленту кіраўніка і   старанню працавітага калектыву былыя непраходныя палескія балоты ператварыліся ў квітнеючы куток Беларусі, куды едуць з усіх рэгіёнаў па вопыт, дзе вялікі гонар здзяйсняць новыя задумы апантанага творчай працай кіраўніка сучаснай высокаэфектыўнай гаспадаркі.

Уладзімір СУБАТ

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *