Аб чым расказаў пракурор падлеткам на сустрэчы ў СШ № 3 г. Століна

Дзясятага сакавіка ў сярэдняй школе № 3 г. Століна прайшла сустрэча вучняў старшых класаў з  прокурорам раёна Дзмітрыем Сяргеевічам Пазняком, урачом псіхіятрам-нарколагам Міхаілам Яфімавічам Яснюком і  ўрачом акушэрам-гінеколагам Валянцінай Іванаўнай Казёлка. 

Хто такі пракурор? Чым ён займаецца? Якімі чалавечымі якасцямі трэба валодаць, каб стаць годным прадстаўніком дадзенай прафесіі?  Разгорнутыя адказы на ўсе гэтыя пытанні падлеткі атрымалі ў ходзе   гутаркі з Дзмітрыем Пазняком.

Распавядаючы пра асаблівасці прафесіі, Дзмітрый Сяргеевіч  не мог абысці  такую важную тэму, як прафілактыка правапарушэнняў у падлеткавым узросце. Улічваючы, што пракуратура раёна ў апошні час сутыкаецца з выпадкамі крадзяжу з выкарыстаннем камп’ютарнай сеткі і банкаўскіх картак,  Дзмітрый Пазняк звярнуўся да наступстваў і адказнасці за аналагічныя дзеянні.

Падпал, хуліганства, распаўсюджванне парнаграфіі… Вучням былі растлумачаны нормы крымінальнага і адміністрацыйнага права, склад крымінальнага і адміністрацыйнага правапарушэнняў, парадак прыцягнення непаўналетніх грамадзян да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці. У ходзе правядзення гутаркі пракурор раёна звярнуў увагу на неабходнасць захоў-  ваць грамадскі парадак, паважаць правы іншых асоб і не дапускаць хуліганскіх дзеянняў, распіцця піва і іншых спіртных напіткаў як у грамадскіх месцах, так і ў побыце,  іншых правапарушэнняў. Дзмітрый Сяргеевіч  заклікаў  непаўналетніх   кіравацца ў сваіх дзеяннях нормамі закону і маралі,  працягваць вучобу і весці здаровы лад  жыцця, бо зламаць будучыню лёгка, тым больш цяпер, калі ўсе правапарушэнні фіксуюцца ў электроннай базе даных і адзін няправільны крок можа стаць перашкодай, якая зачыніць дзверы ў пэўныя ВНУ і назаўсёды зменіць лёс.

Міхаіл Яфімавіч абмеркаваў са школьнікамі праблему алкагалізму  сярод моладзі. Ён прывёў прыклады негатыўнага ўздзеяння  алкаголю на арганізм чалавека, растлумачыў, якія адмоўныя наступствы ўзнікаюць у выніку яго ўжывання. Акрамя таго, падлеткам былі растлумачаны нормы адміністрацыйнага і крымінальнага заканадаўства ў сферы  спажывання алкагольнай прадукцыі.

У канцы свайго выступлення ўрач-нарколаг падвёў старша-класнікаў да высновы, што толькі здаровыя людзі, здаровыя фізічна, інтэлектуальна, маральна і духоўна могуць быць карыснымі сваёй краіне, а “кожнае новае пакаленне павінна быць як мага здаравейшым, яго прадстаўнікі —  імкнуцца  пазбавіцца ад шкодных звычак».

 Карысную і важную інфармацыю пра палавое выхаванне і здароўе жаночага арганізма  падлеткі  змаглі даведацца  з выступлення ўрача акушэра-гінеколага Валянціны Казёлка, якая спынілася на абмеркаванні  пытання сапраўднага шчасця мацярынства,  а таксама здароўя, якое з’яўляецца вельмі важным для будучага дзіцяці і непасрэдна залежыць ад здароўя будучай маці. Падчас гутаркі былі абмеркаваны сучасныя праблемы падлеткавай цяжарнасці, абортаў і кантрацэпцыі непаўналетніх, узаемаадносін бацькоў і дзяцей-падлеткаў і г. д. Валянціна Іванаўна адзначыла, што  вельмі важна весці здаровы лад жыцця і дала неабходныя парады падлеткам.

Тэматыка сустрэчы  зацікавіла прысутных, таму быў выдзелены час для абмеркавання  пытанняў, якія ўзніклі ў слухачоў.

Людміла КАСПЯРОВІЧ

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *