ААТ “Палеская ніва” правяло свой першы галоўны сход у якасці акцыянернага таварыства

Свой галоўны сход года працаўнікі ААТ “Палеская ніва” правялі ўпершыню ў якасці акцыянернага таварыства, у якое былы сельскагаспадарчы вытворчы калектыў быў пераўтвораны ў кастрычніку мінулага года. На сходзе навізна адчулася ў ходзе разгляду вынесеных пытанняў: па кожным праходзіла персанальнае галасаванне, калі акцыянеры давалі ацэнку зробленаму за год, выказваліся па ўнесеных прапановах.
У нядаўняй гісторыі гаспадаркі – далучэнне да яе суседняга сельгаскааператыва “Агра-Колас”, які па эканамічных паказчыках значна адставаў. Аб’яднанне за кароткі час дазволіла не толькі падцягнуць паказчыкі ў вытворчых падраздзяленнях былога аздаміцкага кааператыву, а і выйсці на стабільны паступальны рух у цэлым. Тут праявілася тэндэнцыя: гадамі сфарміраваны дужы калектыў, быццам магутны лакаматыў працягнуў рашучы ход, ахоплены агульным імкненнем дбайна гаспадарыць на зямлі.
У справаздачным дакладзе на сходзе дырэктар ААТ Аляксей Мікалаевіч Бародзіч пачаў размову з таго, з чым ішлі працаўнікі калектыву да дасягнення здабытых вынікаў у жывёлагадоўлі і раслінаводстве. Гэта ўражвала, бо на многіх іншых аналагічных сходах кіраўнікі пачыналі расказваць пра дасягненні і ўпушчэнні ў рабоце такімі спасылкамі, як “нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы надвор”я, немагчымасць забяспечыць сябе палівам, якасным насеннем, угнаеннямі, высокапрадукцыйнай тэхнікай…”. І ўрэшце за подзвіг выдавалі не надта вялікае зніжэнне ўраджайнасці, надояў.
– У гаспадарцы асаблівая ўвага надаецца якасці прадукцыі, — адзначыў Аляксей Мікалаевіч, — строга захоўваецца тэхналогія вытворчасці малака і мяса. Вядзецца работа па стварэнні статка з высокім генетычным патэнцыялам кароў. У мінулым годзе гаспадарка была ўключана ў абласную праграму па племянной справе, а сёлета – і ў рэспубліканскую. Мясцовыя бычкі праходзяць генетычнае даследаванне для далейшага ўключэння ў рэспубліканскі каталог племянной жывёлы. Павелічэннне вытворчасці ялавічыны прадугледжваецца галоўным чынам за кошт інтэнсіфікацыі галіны шляхам поўнага забеспячэння патрэбнасці ў кармах высокай якасці. Асноўныя напрамкі развіцця раслінаводства ўключаюць аптымізацыю яго структуры, удасканаленне тэхналогіі вырошчвання культур, укараненне гатункаў, якія характарызуюцца патэнцыяльнай прадукцыйнасцю і высокай якасцю прадукцыі, устойлівасцю да неспрыяльных умоў росту, выкарыстанне камбінаваных агрэгатаў, якія сумяшчаюць падрыхтоўку глебы і сяўбу на ўсіх пасяўных плошчах.
За 2015 год па гаспадарцы надоена 10327 тон малака з сярэднім надоем па 6403 кілаграмы на адну карову. Да мінулага года прырост сярэдняга надою склаў 428 кілаграмаў. 99,4 працэнта малака рэалізавана вышэйшым сортам і сортам класа “экстра”. Атрымана 1093 тоны прыбаўлення жывёлы ў вазе. Сярэднясутачнае прыбаўленне жывёлы ў вазе павялічылася на 33 грамы і склала 761 грам.
У раслінаводстве таксама добры вынік. Намалочана 5459 тон збожжавых і зернебабовых культур пры сярэдняй іх ураджайнасці 54,7 цэнтнера з кожнага гектара. Валавы збор бульбы склаў 3894 тоны пры сярэдняй ураджайнасці 324,5 цэнтнера з кожнага гектара. Штогод каля тысячы тон насення збожжавых культур рэалізуецца гаспадаркам краіны, больш за 2500 тон бульбы прадаецца на насенне і харчовыя мэты.
Агульны станоўчы малюнак характарызуюць фінансавыя вынікі. За год атрымана 99,2 мільярда выручкі. У параўнанні з папярэднім годам гэта больш на 5,8 працэнта. Прыбытак ад рэалізацыі прадукцыі склаў 10,4 мільярда рублёў.
З 1999 года ў Рамлі займаюцца развядзеннем племянных коней. З гэтага года племянная каняферма атрымала статус конезавода. Тут цяпер утрымліваецца 135 галоў коней беларускай запражной і верхавой парод. З выгадай рэалізавана 18 коней.
Аб тым, што ў Рамлі не збіраюцца спыняцца на дасягнутым, сведчаць планы на гэты год. Будуць уведзены ў эксплуатацыю збожжасховішча на 5000 тон, цялятнік на 300 галоў адкорму на ферме Сіротка і памяшканне для гадоўлі маладняку на 200 галоў у Мачулі. А малако дзякуючы паўсюднаму стварэнню спрыяльных умоў на фермах павінна не менш чым на 90 працэнтаў прадавацца класам “экстра” пры надоі не менш за 6500 кілаграмаў ад кожнай каровы.
У ААТ “Палеская ніва” плён ад стваральнай працы прыносіць дэвідэнды не толькі свайму калектыву. Толькі падаходны падатак з фізічных асоб за мінулы год склаў 2 мільярды 397 мільёнаў рублёў. А ўсяго на сацыяльныя патрэбы накіраваны сем мільярдаў 160 мільёнаў рублёў.
Таварыства аказвае дапамогу насельніцтву для развіцця падсобнай гаспадаркі. Выдзялялася тэхніка для апрацоўкі ўчасткаў у палях севазвароту. Прададзена насельніцтву 18 кароў.
Даклад дырэктара быў дапоўнены ў выступленнях старшыні рэвізійнай камісіі Вольгі Пятроўны Таргоня, галоўнага бухгалтара Любові Рыгораўны Тарасевіч, галоўнага эканаміста Валянціны Васільеўны Дорах, старшыні прафсаюзнага камітэта Яўгеніі Рыгораўны Акавітай.
На сходзе акцыянераў было пранята рашэнне аб далучэнні да ААТ “Палеская ніва” ААТ “Столінсортнасенагародніна”.
Фёдар ШУМКО
Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *