Жадаючых займацца музыкай многа

Каб знайсці Альшанскую дзіцячую музычную школу мастацтваў, трэба спачатку зайсці за сельскі цэнтр культуры і вольнага часу, мінуючы вялікія лужыны. Потым падняцца на другі паверх па вузенькай лесвіцы. І толькі калі трапляеш у само памяшканне, разумееш, што тут ідуць заняткі па музыцы. У маленькім утульным калідоры чуваць гукі музычных інструментаў.

Праводзіць заняткі па класу фартэпіяна ў сваім кабінеце і дырэктар дзіцячай музычнай школы мастацтваў Святлана Мікалаеўна Галавач, якая чацвёрты год ездзіць на работу з Давыд-Гарадка.

– Не заблукалі? – з усмешкай пытае Святлана Мікалаеўна. – А то ўсе, хто ўпершыню да нас прыходзяць, доўга ўваход шукаюць. Здаецца, школа мастацтваў, а вымушаны туліцца ў чатырох кабінетах. Але, нягледзячы на такія сціплыя ўмовы да нас дзеці ходзяць. І што самае прыемнае — жадаючых займацца музыкай многа. На першае верасня 2015 года нашымі вучнямі з’яўляюцца 75 чалавек і мінімум у два разы больш хацелі   б  займацца.  Згадзіцеся,  гэта рэдкасць, бо ў наш час дзяцей цяжка зацікавіць. На жаль, даводзіцца адмаўляць, бо няма месцаў і не хапае кабінетаў. Таму гэтую праблему трэба абавязкова вырашаць. Толькі ў Альшанах дзве агульнаадукацыйныя школы, у якіх займаецца больш за паўтары тысячы дзяцей. А яшчэ да нас ходзяць вучні з Рамля, Аздаміч, Талмачава, Мачуля, Сямігосціч, Церабліч, Альгомеля. Дзеці хочуць навучыцца валодаць музычнымі інструментамі. І відавочна, што жаданне гэтае не прымусовае, бо навучэнцы заканчваюць школу.  Мы можам ганарыцца тым, што многія нашы выпускнікі працягваюць займацца музыкай і далей. Дарэчы, за перыяд  з 2001 па 2015 год навучэнцамі музычных вучылішчаў, каледжаў, інстытутаў стаў 21 чалавек. Навучэнкай Мінскага музычнага вучылішча  ім. Глінкі стала Мілана Чынікайла, якая будзе атрымліваць спецыяльнасць “Харавое дырыжыраванне і акадэмічныя спевы”. Юрый Ляшкевіч – студэнт Пінскага каледжа мастацваў па класу баяна. Там жа працягвае вучыцца  Ганна Мазгова і Руфіна Ярмоліч. Выбралі для працягу вучобы Салігорскі педагагічны каледж Вольга Чэчка, Галіна Шамрыла, Таццяна Крук. Усіх нашых музычных талентаў не пералічыць. Шчыра жадаем ім поспехаў у будучыні і каб нас не забывалі.

– Святлана Мікалаеўна, а ці няма праблем у вас з настаўніцкімі кадрамі? Усё ж размова ідзе пра сельскую мясцовасць, – пытаю у дырэктара.

– А вось тут вы памыляецеся, – адказвае Святлана Мікалаеўна. – Нягледзячы на гэтую акалічнасць, у нас працуюць сапраўдныя спецыялісты, для якіх Музыка – слова з вялікай літары. Бо ці паступалі б нашы выпускнікі далей, каб не бачылі захаплення музыкай у сваіх настаўнікаў? Канешне, не. Вольга Ціханаўна Ярмоліч вучыць іграць на фартэпіяна з 1979 года, займала пасаду дырэктара. Прыкладам прафесійнай адданасці з’яўляецца Васіль Адамавіч Птушко – настаўнік з 32 гадамі стажу. Выкладае заняткі па класу баяна і акардэона ў Вялікім Малешаве, дзе знаходзіцца наш філіял. Яшчэ адзін баяніст Уладзімір Кірылавіч Бялко працуе ў нашым філіяле ў Кароцічах з 1995 года. Дарэчы, адтуль родам наша прыгажуня Таццяна Андрэеўна Дзеніскавец, якая выкладае тэарэтычныя дысцыпліны ў двух гэтых аграгарадках. Валянцін   Леанідавіч Шасцюк і Павел Фёдаравіч Ярмоліч – настаўнічаюць у Альшанах, абодва вучаць  ігры на баяне і акардыёне.  У тым годзе прыйшла Ірына Іванаўна Германовіч – малады спецыяліст, якая знаёміць вучняў з музычнымі тэрмінамі і паняццямі.

– А ці не было прапаноў у Альшанскай музычнай школе мастацтваў пачаць знаёміць вучняў яшчэ з якім музычным інструментам? – задаю пытанне Святлане Мікалаеўне.

– Зразумела, было. Як бачыце, недахопу ў спецыялістах у нас няма. Наадварот, каб было месца, мы яшчэ больш пашырылі б наш калектыў. Ёсць прапановы ад бацькоў і дзяцей адчыніць клас ігры на гітары. У нас і спецыяліст ёсць. Ды і народныя музычныя інструменты, такія, як цымбалы, балалайка знайшлі б сваіх аматараў. Але трэба спачатку стварыць умовы. Ці ж правільна, што зімой у Вялікім Малешаве і Кароцічах настаўнікі і дзеці займаюцца ў адзенні? Для музычных інструментаў гэта ўвогуле недапушчальна. Калі перапады тэмпературы, то і фартэпіяна, і той жа акардыён выходзяць са строю. Спадзяюся, пасля матэрыялу на старонках газеты штосьці зменіцца ў лепшы бок. Ад нас жа залежаць толькі музычныя веды вучняў.  А як было б цудоўна дзецям заходзіць у вялікае светлае, цудоўнае памяшканне, дзе пачыналася б іх сяброўства з музыкай! Ад усяго нашага калектыву хачу падзякаваць бацькам, якія ахвотна прымаюць удзел у жыцці нашай школы, бо іх зацікаўленасць вялікага каштуе. У нас адна мэта – заахвоціць дзіця займацца музыкай, якая мае вялікую ролю ў духоўным і творчым выхаванні.

Музычная школа мастацтваў у Альшанах працуе больш за 40 гадоў. Яе выпускнікамі сталі дзясяткі вучняў. Штогод праходзяць справаздачныя канцэрты ў дамах культуры, школах, дзіцячых садках. У гэтым годзе на базе Альшанскай ДМШМ праходзіў семінар на тэму “Роля музычных школ у музычна-эстэтычным выхаванні вучняў”, да якога старанна рыхтаваліся настаўнікі са сваімі вучнямі.  Хочацца пажадаць, каб усе праблемы засталіся ў мінулым і колькасць выхаванцаў толькі павялічвалася.

Ганна МЕЛЬНІК

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *