З залы суда — прыгоды за рысай закону

Вядомая прыказка “Хочаш жыць – умей круціцца” не пайшла на карысць жыхарцы г. Давыд-Гарадка Л., 1994 года нараджэння. Маладая жанчына даволі актыўна спрабавала паправіць сваё матэрыяльнае становішча, звяртаючыся па дапамогу да знаёмых. Але не ўлічыла пэўную акалічнасць — тое, што яе дзеянні супярэчаць закону. Прадпрымальная грамадзянка прыдумала кранальную і жаласлівую гісторыю пра тое, што цяжка хворая,  дапамогі на дзяцей не атрымлівае.

У 2013 годзе рашэннем Давыд-Гарадоцкага гарвыканкама Л. было выдзелена сацыяльнае жыллё. Раней у гэтым доме жыла састарэлая Д., 1935 года нараджэння. Яны падтрымлівалі сяброўскія адносіны – бабуля дапамагала па гаспадарцы, глядзела  дзяцей.

Л. распавяла бабулі пра ўсе непрыемнасці на ўхабістай дарозе жыцця, сказала, што патрэбны грошы на лячэнне і набыццё медыцынскіх прэпаратаў. Бабуля не адмаўляла. Першы раз яна пазычыла адзін мільён рублёў, які праз некаторы час ёй вярнулі.

Аднойчы Л. прыйшла і папрасіла ў доўг 27 мільёнаў рублёў, напісала распіску. Шляхам нахабнага падману і злоўжывання даверам састарэлай маладая жанчына прыкладна за год завалодала грашовымі сродкамі на суму больш за 50 мільёнаў рублёў. Да гэтага часу доўг не вернуты. Хаця аддаць яго магчымасць была –  дзіцячая дапамога ў месяц складае больш за сем мільёнаў рублёў.

Праз колькі дзён Л. зайшла ў пункт продажу і абслугоўвання тэлефоннага аператара “Вэлком” у Давыд-Гарадку. Яна аформіла дагавор на набыццё мабільнага тэлефона коштам больш за 4 мільёны рублёў у растэрміноўку на пашпарт іншай асобы, пры гэтым падмануўшы прадаўца-кансультанта і запэўніўшы, што ўладальнік даў на гэта згоду.

Заплаціўшы першы ўзнос у памеры 400 тысяч рублёў, яна з лёгкасцю і несхаванай радасцю пакінула магазін. Як высветлілася потым, пашпарт Л. украла ў мужчыны. Ён пасля атрымаў дакументы на выплату растэрміноўкі за гаджэт.

На гэтым жыхарка Давыд-Гарадка сваю актыўную дзейнасць не спыніла, а, што называецца, увайшла ў смак. Яна прыйшла да знаёмага Л., папрасіла пазычыць ёй 100 долараў, заадно падгледзела, куды ён схаваў скрутак з грашыма.

А праз некаторы час учыніла крадзеж — пранікла ў незачынены дом, адкуль вынесла 3600 долараў і адзін мільён рублёў. У час суда Л. гаварыла, што такім спосабам хацела дапамагчы знаёмай. Маўляў, у той пасля смерці мужа засталіся даўгі, якія трэба тэрмінова аддаць.  Астатнія грошы жанчына “раскідала”, калі паехала з сужыцелем у Расію.

Колькі яшчэ падманаў і супрацьзаконных дзеянняў магло б быць на шляху жыхаркі Давыд-Гарадка! Ды сцежка немінуча прывяла яе ў залу судовага пасяджэння.

Адбыўся суд на чале з суддзёю Ж. П. Стаднік пры ўдзеле дзяржаўнага абвінаваўцы Д. М. Харашуна.

Жыхарка г. Давыд-Гарадка прызнана вінаватай у завалодванні маёмасцю шляхам падману і злоўжываннем даверу (махлярства), учыненыя ў буйным памеры па частцы 3 артыкула 209 Крымінальнага кодэкса; у завалодванні маёмасцю шляхам падману і злоўжываннем даверу (махлярства, учыненае паўторна па частцы 2 артыкула 209  Крымінальнага кодэкса; у тайным выкраданні маёмасці (крадзеж), учыненым паўторна з пранікненнем у жыллё, у буйным памеры па частцы 3 артыкула 205  Крымінальнага кодэкса.

Па сукупнасці злачынстваў шляхам паглынання менш строгага пакарання больш строгім прызначыць грамадзянцы Л. пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на тры гады з адбываннем у выпраўленчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму з канфіскацыяй усёй маёмасці, пацярпеўшым – кампенсаваць страты.

Паважаныя чытачы, не будзьце празмерна даверлівымі. Жыццё паказвае, што нават добрыя намеры (падтрымаць, дапамагчы матэрыяльна) не заўсёды маюць станоўчыя наступствы. Жаданне зрабіць добрую справу можа выйсці бокам. Рэаліі такія, што перш чым зрабіць, неабходна цвяроза ацаніць сітуацыю. Каб не трапіць у пастку зламысніка.

Аліна НОВІКАВА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *