Юбілеі: Дзяцей выхоўвалі працай…

Пра сям’ю Яўстафія Сцяпанавіча і Паліны Максімаўны Прыка не адзін раз давялося пачуць:

– Звычайныя вясковыя людзі, працавітыя. Здолелі выгадаваць і вывучыць дзяцей. Цешацца ўнукамі і праўнукамі.

Я і не спадзяваўся сустрэць у іх асобах вялікіх герояў, пра якіх складаюць песні і паэмы. Але з першай жа сустрэчы нарадзілася і расло перакананне: такая сямейная пара – прыклад для многіх іншых, асабліва маладых. Магчыма, гэта будзе маўклівым выклікам тым, хто не здолеў пранесці праз жыццё і першае каханне, і абяцанне шанаваць адзін аднаго ў радасці і бядзе.

Іх сямейнаму шчасцю роўна шэсцьдзясят гадоў. Многія сумесныя падзеі, а тым больш вяселле, Яўстафій Сцяпанавіч і Паліна Максімаўна не могуць не ўспамінаць без рамантычнай узнёсласці і філасофскага цярпення.

– 19 лютага 1956 года снег быў пад пахі, — успамінае Паліна Максімаўна. – Маладыя і госці ў санках, коні – з бомамі. Наш ездавы па-заліхвацку ірвануў на павароце, што санкі-«кулупушкі» перавярнуліся. Мы апынуліся ў снезе. Толькі свацця са свечкамі ўтрымалася, як сядзела, так і засталася сядзець…

– Што ні кажыце, а гэта было так прыгожа, цікава! – далучаецца да жонкі Яўстафій Сцяпанавіч, — ніхто не засмуціўся, паселі зноў на санкі і паехалі да царквы.

Два дні спраўлялі вяселле: спачатку ў хаце нявесты, а потым – у жаніха.

І пра сваё знаёмства яны ўспамінаюць так, нібы гэта адбылося ўчора. Абое нарадзіліся і жылі ў родным Хорску.  Калі Паліна нікуды з вёскі не ад’язджала далёка, дык Яўстафій паспеў павандраваць па свеце. Чатыры гады служыў у ракетных войсках у далёкім Забайкаллі. Яшчэ на два гады наняўся на заробкі ў Мурманскую вобласць. Вярнуўся дахаты і на вясковых танцах сустрэў сваю адзіную і жаданую.

– Да вяселля сябравалі паўгода, — прызнаецца Паліна Максімаўна, — не дазвалялі сабе лішняга. Мацнела пачуццё, пераканаліся, што трэба быць разам. Дачакаліся сватоў…

Яны – дзеці вайны. Колькі памятаюць сябе, усе вакол, у тым ліку і дзеці, былі заняты сялянскай працай.

Яўстафій Сцяпанавіч успамінае, як яго, шасцігадовага хлапчука, адпраўлялі пасвіць жывёлу.

Пасля вяртання з Поўначы Яўстафій уладкаваўся працаваць слесарам на прамкамбінат у Давыд-Гарадку. Заўважылі яго стараннасць і кемлівасць, накіравалі сачыць за абсталяваннем на цагельным заводзе ў Альпені. Давялося потым і ў калгасе спраўляцца з абавязкамі старшага конюха. На працягу васьмі гадоў разносіў пошту па вёсцы.

Паліна ўвесь час працавала ў паляводстве. Тады жанчыны ўручную рвалі, слалі, складвалі ў бабкі лён, сярпамі жалі жыта. Таго, хто не працаваў калектыўна, лічылі дармаедамі. З навакольных вёсак тады многія падаліся па прыкладу гарадчукоў  вырошчваць і гандляваць насеннем агародніны і кветак. Трэба было яшчэ дапрасіцца, каб далі водпуск, і на нейкі час паехаць прадаваць насенне. Але падрасталі дзеці, па гаспадарцы трэба было нешта купіць.

Спачатку маладыя жылі ў маленькай хаціне, якую знялі ў вяскоўцаў. Пачалі будаваць свой дом.

– І грошы былі, – успамінае Яўстафій Сцяпанавіч, — але лесу не выдзялялі свабодна. Удалося дамовіцца за Прыпяццю аж на Гомельшчыне пра лес на хату. Наняў сем маторак, прыцягнулі бярвенні ў самы Хорск – тады разліў вады быў вялікі. Ад пачатку да канца хату будаваў сваімі рукамі.

У сям’і падрастала чацвёра дзяцей. Садкоў дзіцячых тады яшчэ не было. Крыху старэйшы глядзеў меншага, пакуль бацькі былі заняты работай. А як пакрыху браліся ў сілу, дзеці працавалі поруч з бацькамі. З маленства ўмелі палоць буракі, рваць лён, сена нарыхтоўваць.

Як ні складана было, дзеці стараліся не прапускаць школу, да заняткаў рыхтаваліся старанна. А пасля школы ўсе паступілі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Старэйшая Таццяна  пасля геаграфічнага факультэта БДУ стала геолагам, абараніла кандыдацкую дысертацыю. Людміла закончыла будаўнічы інстытут у Брэсце. Міхаіл у політэхнічным інстытуце вывучыўся на энергетыка. Марыя выбрала аддзяленне рускай мовы і літаратуры ў Брэсцкім педагагічным інстытуце.

Яўстафій Сцяпанавіч і Паліна Максімаўна, адчувалася, ганарацца тым, што далі дзецям і такое выхаванне, і адукацыю. І вельмі радуюцца, што сябруюць з навукай і ўнукі. Іх сямёра. А яшчэ працягваюць іх дынастыю тры праўнукі.

Праўда, раз’ехаліся далёка ўсе ад роднай хаты. Бачаць яны адзін аднаго па скайпу – Паліна Максімаўна паспяхова асвоіла камп”ютар.

Усіх дзяцей, унукаў і праўнукаў юбіляры чакаюць на гэтыя выхадныя на брыльянтавае вяселле. Іх прыезд, віншаванні, добрыя пажаданні будуць добрай узнагародай бацькам за прыстойнае жыццё.

Фёдар ШУМКО

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *