Сустрэча ў афіцэрскіх традыцыях

19 лютага сярэднюю школу № 2 г. Століна наведалі незвычайныя госці — прадстаўнікі Беларускага саюза афіцэраў, Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане Лунінецкага раёна, якія выступілі ініцыятарамі сустрэчы.
Намеснік старшыні Лунінецкага раённага аддзела грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз афіцэраў” Канстанцін Канстанцінавіч Гоман заклікаў прысутных захоўваць традыцыі і звярнуўся да гісторыі ваенных ліхалеццяў на лунінецкай зямлі.
Пасля быў арганізаваны прагляд відэаматэрыялаў пра Лунінецкі раён, відэароліка, прысвечанага арганізацыі з нагоды 70-годдзя Вялікай Перамогі аўтапрабега па тэрыторыі Лунінецкага раёна.
Госці імкнуліся наглядна даказаць, што трэба памятаць традыцыі і мінулае, бо калі народ не памятае мінулага – у яго не будзе будучыні. Патрыятызм і Радзіма – гэта тое, што павінна аб’яднаць усе пакаленні.
Пра прыгажосць і непаўторнасць роднага краю, пра шматграннасць песеннага рэпертуару ўсёй Белай Русі гаварылі вучні ўстановы адукацыі. У выкананні вучаніцы 10 класа Вярэніч Дашы прагучала песня “Белая ластаўка”.
10 ліпеня – День вызвалення Лунінецкага раёна. Гэтай тэме быў прысвечаны відэаролік, у якім спалучыліся звесткі з першых ваенных дзён і да апошніх хвілін абароны роднай зямлі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Трэба заўсёды памятаць загінуўшых воінаў, рабіць усё дзеля захавання міру і, адпраўляючы сваю песню ў палёт, трэба памятаць пра тых, хто ўжо не праспявае.
Выпускніца СШ № 2 г. Століна Вярэніч Галіна – аўтар слоў песні “Беларусь”, якая прагучала ў выкананні вакальнай групы “Экспромт”. Са сваімі музычнымі падарункамі выступілі ансамбль песні “Весялінка” і вакальная група “Экспрэс мюзікл”, з вуснаў якіх гучаў заклік ніколі не забываць жахаў вайны, каб заўсёды памятаць, як прыйшла перамога. Не забываць, хто ваяваў і хто зараз нясе ваенную службу, не забываць мёртвых і быць удзячнымі жывым героям ваенных падзей.
Расказалі госці і прадэманстравалі ролік пра наведванне імі сувораўскага вучылішча, а дырэктару СШ № 2 г. Століна Але Мікалаеўне Лазіцкай уручылі памятны сувенір. А вучні школы для тых, хто збіраецца пакідаць Радзіму і для тых, хто толькі вызначае свае жыццёвыя прыярытэты, выканалі песню “С чего начинается Родина” і “Песенку франтавога шафёра”.
Напрыканцы мерапрыемства Ала Мікалаеўна зрабіла выснову, што галоўная мэта гэтай сустрэчы заключалася ў тым, каб навучыць новае пакаленне ствараць, а не разбураць; паказаць ім шматграннасць свету і прадставіць магчымасць свядомага выбару; навучыць цаніць тое, што маем і любіць свой край, народ, сваю Радзіму. Можа таму ўжо сёння 14 вучняў установы маюць на мэце стаць студэнтамі ВНУ сілавога профілю.
На мерапрыемстве прагучалі добрыя пажаданні на адрас і гасцей з Лунінецкага раёна, і вучняў школы, і ўсіх прысутных ветэрана Вялікай Айчыннай вайны і добрага сябра навучальнай установы Аляксандра Раманавіча Чыкуновіча, якому неўзабаве споўніцца 90 гадаў. Таму, карыстаючыся нагодай, Аляксандр Раманавіч падзяліўся і сваім сакрэтам даўгалецця.
Людміла
КАСПЯРОВІЧ
Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *