Стаўка на новыя тэхналогіі

За апошні год ААТ “Лядзецкі” па надоях і якасці малака з запісных сераднякоў выбілася ў адно з лідараў раёна. Усяго ў гаспадарцы на чатырох малочнатаварных фермах і дзвюх фермах па гадоўлі маладняку ўтрымліваецца 1170 галоў буйной рагатай жывёлы.

– Па выніках мінулага года надой на адну карову склаў 4 460 кг малака, што на 470 кг больш, чым годам раней, — расказвае дырэктар ААТ “Лядзецкі” Уладзімір Аляксандравіч ВЯРЭНІЧ. – Усяго за мінулы год было надоена каля 52 000 тон малака. Павелічэнне тэмпаў і якасці малака звязана ў першую чаргу з рэканструкцыяй малочнатаварных фермаў у 2012 годзе і ўсталяваннем даільнага абсталявання. Па-другое, палепшана дысцыпліна, павялічылася адказнасць работнікаў і іх стаўленне да работы.

– Каб браць не толькі колькасцю, але і якасцю, для жывёл распрацаваны кармы, — працягвае галоўны заатэхнік Вера Сяргееўна ГАЛІК. – І, як вынік, па гаспадарцы якасць малака “экстра” і “вышэйшы гатунак” склала 96 працэнтаў. У перадавіках нашай гаспадаркі МТФ № 2 “Лядзец”, дзе малако “экстра” і “вышэйшы гатунак” склала летась 98,5 працэнта. Сярэдні надой на адну карову – 4 575 кг малака. У гэтым годзе на ферме таксама ёсць рух наперад – на малакоперапрацоўчае прадпрыемства рэалізуецца 86 працэнтаў малака. І ўсё – класам “экстра”. У гэтым   вялікая  заслуга  даярак Надзеі Бондар, Алены Скрабец, Любові Руцік, Ніны Кунай, Галіны Ляшук, Людмілы Бурлаковай і слесараў па абслугоўванні даільнага абсталявання Юрыя Мухортава, Івана Шапялевіча.

Не было б добрых надояў і якасці без цялятніц  па гадоўлі цялят (0-2 месяцы) радзільнага аддзялення Наталлі Палаш (сярэднясутачная прыбаўка 964 г) і Ларысы Зельманчук (сярэднясутачная прыбаўка 820 г). Таксама вялікі ўклад у поспех агульнай справы ўносіць і трактарыст кормараздатчыка Аляксей Антановіч.

Трэба рабіць стаўку на новыя тэхналогіі, на добраўпарадкаванне ўтрымання жывёлы. Канешне, прыходзіцца траціцца матэрыяльна, але ўсе ўкладанні акупяцца цалкам.

Аляксандр НІКІФАРЭНКА

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *